Мачо не плачуць. Яны спяваюць

22.04.2005
"Звязда" (дадатак - газета "Чырвоная змена"), 22 красавіка 2005 г.


Беларусь наведаў кіпрскі ўдзельнік 50-га конкурсу "Еўрабачанне" - Канстанцінас Хрыстафору. Між іншым, для спевака сёлетні ўдзел калі не юбілейны, то сама меней знакавы - Канстанцінас прадстаўляў сваю краіну ў 1996 і 2002 гадах, заняўшы 9-е і 3-е месцы адпаведна. "Увесь Кіпр спадзяецца, што гэта маё выступленне будзе апошнім і пераможным, і ў наступны раз не мы прыедзем на "Еўрабачанне", а яно - да нас", - зазначыў канкурсант.
Назва песні "Еla ela", з якой Канстанцінас збіраецца заваяваць сімпатыі і галасы гледачоў, у перакладзе на камерцыйную мову шоу-бізнэсу гучыць як "Ідзі да мяне". Сама кампазіцыя - рытмічная, танцавальная, з яркімі этнічнымі элементамі ў тэксце і музыцы. Яе спявак уласнаручна напісаў спецыяльна для конкурсу ў снежні мінулага года. (Дарэчы, паводле кіпрыёцкай схемы галасавання, у нацыянальным адборы тут вызначалі не выканаўцу, а песню. Канстанцінас прадставіў на суд публікі ажно чатыры творы.) Магчыма, строгія крытыкі палічаць, што і песня, і яе аўтар надта ўжо "тарканізаваныя", але ж мы не забываем, што "Еўрабачанне" - конкурс непрадказальны, і не ўгадаеш, які стыль і вобраз увойдуць у моду.
Гаворачы пра асаблівасці сёлетняга "Еўрабачання", прадстаўнік Кіпра падкрэсліў, што паміж канкурсантамі няма закуліснай барацьбы. Падрыхтоўка ідзе ў сяброўскай атмасферы, выканаўцы падтрымліваюць адзін аднаго. Канстанцінас вельмі цёпла адазваўся пра грэчаскую канкурсантку Хелену Папарызу, прадстаўніцу Мальты К'яру і беларуску Анжэліку Агурбаш, з якой сустрэўся яшчэ на Кіпры ў рамках прома-тура спявачкі і атрымаў запрашэнне наведаць Беларусь. "Прыязджайце на Кіпр, у нас сапраўды цудоўна, вельмі сонечна!" - у адказ прапанаваў спявак журналістам на прэс-канферэнцыі. Праўда, сам ён ужо тры гады жыве ў Грэцыі, дзе знаходзіцца гуказапісвальная кампанія...
"Анжэліка - надзвычай моцная постаць, якая ўражальна выглядае на сцэне. Я перакананы, што яна выйдзе ў фінал - бо яе конкурсная песня прысвечана каханню, і Анжэліка таленавіта перадае гэта пачуццё публіцы", - з тыпова паўднёвым тэмпераментам нагаварыў Канстанцінас кампліментаў нашай канкурсантцы. Аднак пры гэтым спявак не забыўся нагадаць, што Кіпр удзельнічае ў "Еўрабачанні" з 1991 года і ўвесь гэты час трывала ўваходзіць у дзесятку лепшых.
Артыст пабываў ужо ў Ізраілі, Літве, Латвіі, Мальце, Сербіі і Чарнагорыі, Расіі. Збіраецца наведаць таксама Вялікабрытанію, Славенію, Харватыю, Румынію. Цяперашні яго візіт у Беларусь быў арганізаваны Белтэлерадыёкампаніяй у рамках узаемных прома-тураў паміж краінамі - удзельніцамі "Еўрабачання". Аднак спеваку так спадабаўся Мінск і прыём, які яму быў тут аказаны, што ён паабяцаў прыехаць у беларускую сталіцу яшчэ раз напярэдадні конкурсу.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.