Міжнароднае радыё "Беларусь" пашырае аўдыторыю

15.04.2016

"Звязда"

З красавіка яно даступна - у добрай якасці! - на тэрыторыі Паўночнай Амерыкі, Еўропы і Расіі.

Як расказаў галоўны дырэктар галоўнай тэхнічнай дырэкцыі Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Грыбло, гэта стане магчымым дзякуючы дадатковаму сэрвісу - гукавой стэрэадарожцы, якую ўключылі ў пакет вяшчання міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала "Беларусь 24".

Адзначым, што тэлеканал "Беларусь 24" вяшчае на трох спадарожніках: Hot Bіrd (пакрывае ўсю Усходнюю і Заходнюю Еўропу, Паўночную Афрыку, а таксама Беларусь), ABS 2 (ахоплівае ўсю тэрыторыю Расіі і краіны СНД) і Galaxy 19 (забяспечвае доступ да тэлеканала ў Паўночнай Амерыцы, Канадзе, Лацінскай Амерыцы). Такім чынам, пачынаючы з красавіка, патэнцыйная аўдыторыя слухачоў радыё "Беларусь" складзе 270 мільёнаў чалавек, або каля ста краін свету. Натуральна, гэта не азначае, што ўсе гэтыя людзі кожную хвіліну будуць слухаць радыё, але ў іх будзе такая магчымасць. Радыё "Беларусь" працуе ў міжнародным эфіры на васьмі мовах. Яго вяшчальная сетка сёння - гэта 16 гадзін эфірнага часу і 22 гадзіны інтэрнэт-вяшчання штодзень. У праграмах можна пачуць выпускі навін і інфармацыйна-аналітычныя выпускі; радыёсустрэчы з дзяржаўнымі, палітычнымі, грамадскімі і рэлігійнымі дзеячамі, інтэрв'ю з навукоўцамі, пісьменнікамі і музыкантамі, майстрамі мастацтва і народнай творчасці, спартсменамі; праграмы пра гісторыю, культуру, духоўныя каштоўнасці беларусаў.

Алена ДРАПКО.