Любiць Беларусь!

07.10.2015

По сообщению polese.by

У нядзелю 4 кастрычніка 2015 года многія столінцы змаглі дакрануцца да нацыянальнай песеннай спадчыны не па тэлевізары. На сцэне Столінскага гарадскога дома культуры выступіў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Бяседа”. Канцэрт прайшоў пры поўным аншлагу.

У канцэрце прагучалі творы, якія складаюць залаты фонд беларускай народнай песні, найгрышы на гармоніку, інструментальныя класічныя творы, песні-прэм’еры. “Хлеб ды соль”, “Родная хата”, “За маладых”, “Чарка на пасашок” - з ліку тых песень, якія мы штодня чуем па радыё. Сваім талентам і майстэрствам гледачоў парадавалі салісты ансамбля Святлана Суседчык, Таццяна Лазоўская, Наталля Раманская і Валянцін Кірыленка, вядучы музыкант Мікалай Алешка.

Гледачы былі ў захапленні ад выступлення сталічных артыстаў: шчыра апладзіравалі, падпявалі, дарылі кветкі, апошнюю песню выконвалі разам стоячы.

У знак падзякі за цудоўны канцэрт на сцэну вынеслі кветкі ад старшыні раённага выканаўчага камітэта Рыгора Пратасавіцкага, а да гасцей са словамі ўдзячнасці звярнуўся намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргей Сідарэвіч.

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народной музыкі "Бяседа" на столінскай сцене

Як адзначыў мастацкі кіраўнік калектыву - народны артыст Беларусі, кампазітар Леанід Захлеўны, Столін - апошні населены пункт у маштабнай акцыі “Любіць Беларусь!”, якая вялася на працягу двух месяцаў тэлеканалам “Беларусь 3” Белтэлерадыёкампаніі сумесна з Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь” і заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь ансамблем народнай музыкі “Бяседа”. З канцэртнымі праграмамі яны наведалі ўсе абласныя цэнтры і буйныя гарады нашай краіны. Фінальны гала-канцэрт адбудзецца ў Мінску 10 кастрычніка.

Мастацкі кіраўнік "Бяседы" - народны артыст, кампазітар Л. К. Захлеўны

Мэта акцыі - шырокая папулярызацыя каштоўнасцяў нацыянальнай культуры, беларускай мовы, песеннай творчасці. У ходзе акцыі праводзіліся здымкі, вынікам якіх стане цыкл тэлепраграм, у якім гледачы змогуць убачыць фрагменты канцэртаў, пазнаёміцца з гісторыка-культурнай спадчынай беларускіх гарадоў, даведацца, як жывуць людзі ў розных рэгіёнах рэспублікі.

Праграму пра наведванне Століна здымачнай групай тэлеканала “Беларусь 3” і заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь ансамблем народнай музыкі “Бяседа” гледачы змогуць убачыць у суботу, 10 кастрычніка, на тэлеканале “Беларусь 3” у 21.30.

Галіна ГАШЧУК.