“Любiць Беларусь!” 3 кастрычнiка акцыя Белтэлерадыёкампаніі пройдзе ў абласным цэнтры

30.09.2015

По сообщению brest-region.gov.by

Гэтай восенню тэлеканал “Беларусь 3” Белтэлерадыёкампаніі прапануе пазнаёміцца з нацыянальнай культурай, палепшыць веданне беларускай мовы і дакрануцца да песеннай спадчыны. Тэлеканал сумесна з Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь” і знакамітым ансамблем “Бяседа” ладзіць маштабную акцыю “Любіць Беларусь!”.

“Беларусь 3” запрашае атрымаць асалоду ад гукаў роднай музыкі і дакрануцца да нацыянальнай культуры! Заслужаны калектыў Рэспублiкi Беларусь ансамбль народная музыкi “Бяседа” Белтэлерадыёкампанii з канцэртнай праграмай наведае абласныя цэнтры і буйныя гарады Беларусі, а 10 кастрычніка ў Мінску адбудзецца фінальны гала-канцэрт.

Разам з “Бяседай” едзе вядучая праграмы “Размаўляем па-беларуску” на тэлеканале “Беларусь 3” Алена Трацэнка. Яна прывязе папулярную віктарыну ў кожную вобласць. Падчас канцэртаў публіка зможа не толькі далучыцца да народнай песеннай творчасці, але і паспрабаваць сябе ў якасці мовазнаўцаў. Самыя смелыя гледачы прымуць удзел у конкурсах, значна палепшаць веданне роднай мовы і атрымаюць памятныя падарункі.

Тым жа, хто не здолее трапіць на канцэрт у сваім горадзе, не варта засмучацца: тэлегледачы змогуць убачыць фрагменты канцэртаў, пазнаёміцца з гісторыка-культурнай спадчынай беларускіх гарадоў, даведацца, чым жывуць розныя рэгіёны нашай краіны, у спецыяльна падрыхтаваным цыкле праграм.

У Брэсце акцыя пройдзе 3 кастрычніка ў 16.00 у Абласным грамадска-культурным цэнтры.

Сачыць за навінамі акцыі “Любіць Беларусь!” можна на старонцы тэлеканала “Беларусь 3” у інтэрнэце http://3belarus.by/, а таксама на сайце Белтэлерадыёкампаніі http://www.tvr.by/.