"Любіць Беларусь!"

21.08.2015
"Звязда"

Далучайцеся да маштабнай акцыі!

У новым тэлевізійным сезоне 2015-2016 "Беларусь 3" прапануе сваім гледачам пазнаёміцца з нацыянальнай культурай, палепшыць веданне роднай мовы і дакрануцца да песеннай спадчыны: напрыканцы жніўня тэлеканал сумесна з Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем "Белая Русь" і ансамблем "Бяседа" распачне маштабную акцыю "Любіць Беларусь!".

"Беларусь 3" запрашае атрымаць асалоду ад гукаў роднай музыкі і дакрануцца да нацыянальнай культуры! Восенню ансамбль "Бяседа" і вядучая праграм "Размаўляем па-беларуску" і "Дыя@блог. Пра мову" на "Беларусь 3" Алена Трацэнка здзейсняць падарожжа па ўсёй краіне. З канцэртнымі праграмамі яны наведаюць абласныя цэнтры і буйныя гарады Беларусі. А 10 кастрычніка ў Мінску адбудзецца фінальны гала-канцэрт.

Тым, хто не зможа трапіць на канцэрт у сваім горадзе, не варта засмучацца: тэлегледачы змогуць убачыць фрагменты канцэртаў, пазнаёміцца з гісторыка-культурнай спадчынай беларускіх гарадоў, даведацца, чым жывуць розныя рэгіёны Беларусі, у спецыяльна падрыхтаваным цыкле праграм, які выйдзе на "Беларусь 3".