Ляцi, песня!

30.04.2009
"Звязда", 30 красавіка 2009 г.

 
Да пачатку чарговага еўрапейскага песеннага форуму засталiся лiчаныя днi. Ранiцай у суботу, 2 мая, беларуская дэлегацыя вылятае ў Маскву, а ўжо 3 мая адбудзецца першая рэпетыцыя i прэс-канферэнцыя нашага ўдзельнiка - Пятра Елфiмава. Другая рэпетыцыя i прэс-канферэнцыя запланаваныя на 7 мая.
Нягледзячы на папярэднiя творчыя рознагалоссi памiж камандай выканаўцы i прадстаўнiкамi Белтэлерадыёкампанii, пункт раўнавагi, вiдавочна, знойдзены, i дасягнутыя дамоўленасцi, якiя больш-менш задавальняюць усе бакi. Напрыклад, канчаткова зацверджана, што сцэнiчны касцюм, абраны выканаўцам (камплект з курткi i штаноў з белай скуры), мяняцца не будзе, а над пастаноўкай нумара ўсё-ткi працягне працаваць вядомы польскi рэжысёр Януш Юзефовiч. Што да непасрэдна конкурснага выступлення, то раскрываць загадзя ўсе яго сакрэты i iскрынкi члены дэлегацыi адмовiлiся - "Самi ўсё ўбачыце". Зрэшты, вядома, што ў нумары будуць выкарыстаны камп'ютарныя спецэфекты.
- Усё, што залежыць ад мяне як выканаўцы, я пастараюся зрабiць. У мяне добры, баявы настрой, - расказаў напярэдаднi ад'езду Пётр Елфiмаў. - Я еду дастойна прадставiць сваю краiну - гэта найпершае i самае галоўнае. Цяпер я спакойны; выйду на сцэну - тады будзе кураж i самааддача на ўсе сто, дзвесце працэнтаў.
На роспыты, цi ёсць нейкiя сакрэты i рытуалы для таго, каб настроiцца на паспяховае выступленне, спявак аджартаваўся: "Шматочак сала...". Але потым сур'ёзна дадаў - пэўны рытуал ёсць, але няхай ён застанецца ў сакрэце: "Давайце спачатку даедзем, а там паглядзiм".
Што даўно не сакрэт - гэта конкурсная песня Пятра "Еуеs thаt nеvеr liе". Яе пачулi ўжо падчас прома-туру беларускага выканаўцы ў Фiнляндыi, Малдове, Балгарыi, Грэцыi, Македонii, ва Украiне, у Турцыi, Расii. Ад паездак у Вялiкабрытанiю, Бельгiю i Галандыю давялося адмовiцца, каб дапрацаваць нумар. Затое гледачы гэтых краiн, зрэшты як i ўвогуле ўсе ахвотныя, нядаўна пазнаёмiлiся з вiдэаверсiяй песнi беларуса - клiпам, якi зняў украiнскi рэжысёр Сямён Гораў (ён жа рабiў вiдэа для Руслана Аляхно, Веркi Сярдзючкi, прадстаўнiкоў Азербайджана Эльнура i Самiра). І хоць самому Пятру Елфiмаву клiп не даспадобы, iнтэрнэт-суполка прыняла яго на ўра - дастаткова сказаць, што пасля выкладвання вiдэа ў iнтэрнэце букмекерскiя канторы пачалi рабiць стаўкi на выхад Беларусi ў фiнал конкурсу.
Па традыцыi, беларуская дэлегацыя прадэманструе на "Еўрабачаннi" адмысловую прома-прадукцыю, якая штогод распрацоўваецца для кожнага канкурсанта. Сёлета ў прома-пакеце - як традыцыйныя паштоўкi, постары, кампакт-дыскi, партфолiо, так, напрыклад, i буклет з маляўнiчымi беларускiмi краявiдамi, 8 разнавiднасцяў маек, фiрмовыя запальнiчкi, вiзiтнiцы, аксесуары для мабiльных тэлефонаў i нават iмянная пячатка Пятра Елфiмава. Акрамя таго, не абыдзецца без ласункаў - 900-грамовая каробка адмыслова падабраных цукерак, алкагольныя вырабы, марожанае... Апошнiм беларуская дэлегацыя збiраецца частаваць гасцей на нацыянальнай вечарынцы, якая адбудзецца ў Еўраклубе 7 мая. У госцi ж чакаюцца як беларускiя ўдзельнiкi "Еўрабачання" мiнулых гадоў - Руслан Аляхно, Дзмiтрый Калдун, Палiна Смолава, Анжэлiка Агурбаш, - так i канкурсанты з Расii i Украiны, нарвежац з беларускiмi каранямi Аляксандр Рыбак; атрымалi запрашэннi таксама Патрысiя Каас, Дзiма Бiлан, Фiлiп Кiркораў... "Гэта не значыць, што ўсе запрошаныя абавязкова прыйдуць, але мы будзем рады ўсiх бачыць", - адзначыла выканаўчы прадзюсар дырэкцыi музычных i забаўляльных праграм БТРК Анастасiя Цiхановiч.
"Прома, клiп, касцюм - гэта ўсё добра, але галоўны паказчык - сам канцэрт, - настройвае ўсiх удзельнiкаў на працоўны лад кiраўнiк дэлегацыi, намеснiк старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандр Мартыненка. - Калi не толькi нашы суседзi, але i далёкiя замежнiкi будуць аддаваць галасы за Беларусь, тады будзе зразумела, што нумар удаўся i артыст запомнiўся".
Нагадаем, Пятру Елфiмаву выпала выйсцi на сцэну "Еўрабачання-2009" у першым паўфiнале, 12 мая, пад нумарам 4. У гэтым жа паўфiнале ўдзельнiчаюць Арменiя, Андора, Балгарыя, Бельгiя, Боснiя i Герцагавiна, Iзраiль, Iсландыя, Мальта, Македонiя, Партугалiя, Румынiя, Турцыя, Фiнляндыя, Чарнагорыя, Чэхiя, Швецыя, Швейцарыя, транслююць i галасуюць Вялiкабрытанiя i Германiя. Другi паўфiнал адбудзецца 14 мая - у iм удзельнiчаюць, у прыватнасцi, амаль усе нашы суседзi - Польшча, Украiна, Лiтва, Латвiя, а Расiя, Францыя i Iспанiя транслююць i галасуюць. Фiнал конкурсу адбудзецца 16 мая. Цi давядзецца нам падтрымаць Пятра i там - пакуль рана прадказваць. Хiба што пажадаць удачы - i глядзець.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.