Лiтва: лiчбы i колеры

28.04.2007
"Звязда", 28 апреля 2007 г.


"Еўрабачанне-2007"
Па запрашэнню Белтэлерадыёкампанii Мiнск наведалi чарговыя госцi - удзельнiкi сёлетняга мiжнароднага песеннага спаборнiцтва. Лiтоўскi гурт "Thе 4FUN" з песняй "Lоvе Оr Lеаvе" ("Кахай або пакiнь") пачнуць барацьбу ў Хельсiнкi адразу з фiналу, дзе выступаюць пад 9-м нумарам.
Гурту 6 гадоў, i дагэтуль калектыў выступаў у асноўным па клубах. Але спробы замахнуцца на "Еўрабачанне" былi i раней - i на трэцi раз гэта ўдалося, з лiрычнай баладай.
Дарэчы, адбор у Лiтве сёлета, як i летась, праходзiў жорсткi. Спачатку спецыяльная камiсiя правяла "адсеў", дапусцiўшы да конкурсу толькi выканаўцаў i калектывы адпаведнага ўзроўню. Жывое праслухоўванне выявiла больш як 50 прэтэндэнтаў. Далей канкурсанты разбiлiся на "дывiзiёны": зялёны (пачаткоўцы), жоўты (больш цi менш вопытныя артысты), чырвоны (папулярныя, вядомыя артысты). У кожнай падгрупы прайшлi свае чвэрцьфiналы, пераможцы якiх прайшлi ў паўфiналы - 4, 7 i 10 удзельнiкаў розных "колераў" адпаведна. У фiнале сустрэлiся 18 канкурсантаў, а да суперфiналу дайшлi толькi 3, выступленнi якiх i ацэньвалi гледачы прамым тэлефонным галасаваннем.
Нягледзячы на назву, у якой выразна прапiсана лiчба 4, у гурце 5 удзельнiкаў. "Проста спачатку нас было чацвёра, а потым назва неяк захавалася, - тлумачыць салiстка i аўтар песнi Юлiя Рытчык. - Да таго ж, "Fоr FUN" - гэта гульня слоў, можна перакласцi лiчбай, а можна - як устойлiвы выраз "У сваё задавальненне". У прынцыпе, дзеля гэтага наш гурт i ствараўся". Дарэчы, калектыў у лiтоўцаў амаль сямейны. Дакладней, у iм ажно дзве сям’i: муж i жонка Юлiя Рытчык i Лайманас Станiулiонiс, бацька i сын Рымантас i Юстас Ясенкi. Плюс яшчэ агульны сябар Анджэй Жуевiч.
Конкурсная песня - выдатны саундтрэк або балада "пад запальнiчкi" - не магла з’явiцца на свет... 9 гадоў. Кожны раз iдэя чамусьцi адкладвалася. У вынiку Юлiя цалкам перапiсала тэкст, аранжыроўку ж зрабiлi акустычнай - i кампазiцыя "загучала". У нечым можна лiчыць сiмвалiчным: 9 гадоў песня чакала свайго часу, гурт выступае пад нумарам 9, ды яшчэ i конкурс праходзiць у 2007 годзе - па сумах лiчбаў таксама 9. "Ключ да поспеху? Напэўна, яго няма. Трэба проста ўнесцi нешта новае, каб зацiкавiць гледачоў, нават тых, хто ўбачыць "Еўрабачанне" выпадкова". Зрабiць гэта музыканты паспрабуюць з дапамогай тэатра ценяў: на першым плане салiстка, а ў яе за спiнай - за шырмай - астатнiя ўдзельнiкi.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.