Лiт да лiта ад "Лауры i каханкаў"

27.04.2005
"Звязда", 27 красавіка 2005 г.


Вакол чарговых замежных канкурсантаў, якiя наведалi нашу краiну па запрашэнню Белтэлерадыёкампанii, атмасфера была перапоўненая гукам "Л". Ну, па-першае, гурт прыехаў з Лiтвы. Па-другое, называецца "Laura and The Lovers" ("Лаура i каханкi"), а iх песня - "Little by Little". Па-трэцяе, менеджара гэтай каманды завуць Лаурас Лучунас... Нават сустрэча з журналiстамi праходзiла пад знакам "Л": лаяльна, ласкава i ўвогуле лёгка.
У нацыянальным адборы Лiтвы за бiлет на "Еўрабачанне" змагалiся сёлета 54 кандыдаты. Лаура i "The Lovers" трапiлi ў дваццатку фiналiстаў, а пасля i перамаглi, як яны сцвярджаюць, зусiм нечакана для сябе. Хоць насамрэч не апошнюю ролю сыграла тут якасць конкурснай кампазiцыi - "Little by Little" запiсалi ў Стакгольме з камандай шведскiх прадзюсараў. "Аб чым песня?" - пацiкавiлiся беларускiя журналiсты пасля прагляду клiпа лiтоўцаў. Бас-гiтарыст Данатас з неперадавальным гумарам патлумачыў: "Вы ведаеце нашу нацыянальную валюту? Лiт. Вось пра тое i спяваем, пра грошы: лiт да лiта. Або лiтр за лiтрам - каму як падабаецца". Сама Лаура, праўда, жартоўную версiю не прыняла i сказала, што песня - пра каханне:
- Я iмкнуся да мужчыны i хачу па...
- Пажанiцца? Пацалавацца? - спрабавалi ўдакладнiць астатнiя ўдзельнiкi гурта. Але салiстку збiць не ўдалося:
- Пакарыць ягонае сэрца!
Мiж iншым, мы сталi першымi, хто ўбачыў чарнавую версiю клiпа лiтоўскiх канкурсантаў. Адметнасць вiдэа ў тым, што клiп зняты практычна без мантажу, адным кадрам. Па сюжэту, Лаура ўзнiмаецца па прыступках паверх за паверхам, а пасля на дах высачэзнага будынка (новы атэль у Вiльнюсе), дзе ўжо ўвесь гурт завяршае песню. Агульны вiд горада здымаўся з верталёта - гэта, тлумачаць музыканты, было неабходна дзеля большай пазнавальнасцi i папулярызацыi лiтоўскай сталiцы.
Дагэтуль Лiтва нiколi не праходзiла далей паўфiналу, але "Лаура i каханкi" спадзяюцца паламаць традыцыю i зрабiць прома для сваёй краiны: "калi гэта ўдасца, на радзiме нас сустрэнуць з кветкамi i аркестрам". А дапамагчы гэта зрабiць якраз i можа Беларусь. "Мы разумеем, што першае-другое месца вы павiнны будзеце аддаць Расii i Украiне, але ж пакiньце для Лiтвы хоць бы трэцяе!" - пафасна заклiкалi ўдзельнiкi гурта. У сваю чаргу, яны пахвалiлi беларускую канкурсантку Анжэлiку Агурбаш, адзначыўшы, што яе прома-тур праходзiць, бадай, на самым сур’ёзным узроўнi, а ў каманду падрыхтоўкi ўваходзяць сапраўдныя прафесiяналы.
- Значыць, вы лiчыце Анжэлiку вартай канкурэнткай?
- Мы так не лiчым. Усе едуць на "Еўрабачанне" спяваць i iграць музыку, а музыка - гэта не баскетбол, у ёй не спаборнiчаюць. Мы мяркуем, што будзем усе разам вельмi добра бавiць час, - адказаў менеджар гурта Лаурас.
На развiтанне з Беларуссю лiтоўскiя канкурсанты далi канцэрт у амбасадзе Лiтвы. Прадоўжаць яны свой прома-тур у Аўстрыi, Балгарыi, Украiне. А пасля "Еўрабачання", незалежна ад занятага месца, прадоўжаць рабiць якасную музыку ў Лiтве - нездарма ж "Laura and The Lovers" ужо шэсць гадоў разам...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.