Лiрыка i крыху бюракратыi

28.11.2006
"Звязда, 28 лістапада 2006 г.


2 снежня ў Бухарэсце (Румынiя) пройдзе чарговы дзiцячы конкурс песнi "Еўрабачанне" - чацвёрты па лiку. Беларусь на конкурсе прадставiць 10-гадовы Андрэй Кунец з Мазыра, аўтар i выканаўца песнi "Новы дзень". Першы канал i "Беларусь-ТБ" забяспечаць нам прамую трансляцыю конкурсу, якая пачнецца ў 21.15. Каменцiраваць выступленнi ўдзельнiкаў будзе спецыяльны карэспандэнт АТН Дзянiс Кур’ян.
Беларуская дэлегацыя накiравалася ў румынскую сталiцу 26 лiстапада, каб паспець падрыхтавацца да конкурснага выступлення. Творчую каманду чакаюць рэпетыцыi, запiс вiдэапаштовак, сустрэчы з румынскiмi школьнiкамi, удзел у "Еўраклубе", вiзiты ў Вясковы музей i музей шкляной вытворчасцi, ну i, натуральна, сам фiнальны канцэрт. З Андрэем Кунцом на сцэне будуць выступаць удзельнiцы танцавальнай групы Паўлiна Касцян, Насця Сямко, Ксенiя Субоцiна i Насця Суслава, а перажываць за выступленне нашага ўдзельнiка ў зале i за кулiсамi будуць найперш мама Святлана Кунец i мастацкi кiраўнiк Святлана Стацэнка, мiнулагодняя пераможца конкурсу Ксенiя Сiтнiк, мазырскi харэограф Аляксандр Зенчанка, урач-фанiятар Жанна Раманава, прадстаўнiкi Белтэлерадыёкампанii.
Нагадаем, удзел у дзiцячым "Еўрабачаннi" сёлета бяруць 15 краiн: Беларусь, Бельгiя, Грэцыя, Iспанiя, Кiпр, Македонiя, Мальта, Нiдэрланды, Партугалiя, Расiя, Румынiя, Сербiя, Харватыя, Швецыя, Украiна. Тэлевiзiйную трансляцыю, акрамя таго, убачаць жыхары Андоры i Аўстралii. Вядучымi конкурсу выступяць зорка румынскага тэлебачання Андрэа Марын i 12-гадовая тэлевядучая Iоана Iван (апошняя "ажывiць" сiмвал "Еўрабачання" - дзяўчынку-спявачку з папяровай вяртушкай).
Паводле правiлаў, нельга галасаваць за свайго ўдзельнiка, так што за Андрэя Кунца, якi выйдзе на сцэну 12-м, мы зможам толькi "хварэць" на адлегласцi. Дарэчы, сёлета глядацкае галасаванне будзе праходзiць па новых правiлах: яно пачнецца адначасова з выкананнем першай песнi i скончыцца праз 15 хвiлiн пасля таго, як прагучыць апошняя. Зваротны адлiк на экране будзе паказаны толькi апошнiя 6 хвiлiн. Затое нумары тэлефонаў, па якiх можна галасаваць, будуць паказвацца на пачатку кожнай песнi, у паўторах i перапынку памiж iмi. Пасля заканчэння галасавання апрацоўшчыку - нямецкай кампанii Digame - будзе дадзена 7 хвiлiн для падлiку балаў.
Для тэлефоннага галасавання беларусам спатрэбiцца набiраць нумар 8 810 101 03 ХХ (дзе ХХ - нумар упадабанага выканаўцы ад 01 да 15). Званок платны, яго кошт складзе 1180 беларускiх рублёў. Кошт SMS-галасавання (нумар выканаўцы неабходна будзе адправiць на нумар 7708) складзе 1300 рублёў. Калi ў тэлефонным галасаваннi здарацца збоi, балы будзе выстаўляць рэзервовае журы з 8 чалавек, якое прысутнiчае ў кожнай краiне.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.