Лiчбы як лад жыцця

11.01.2008
"Звязда", 11 студзеня 2008 г.


3 14 студзеня Першы канал пачне паказваць адзiн з найбольш папулярных серыялаў амерыканскай вытворчасцi - вострасюжэтную крымiнальную драму "Лiчбы" ("Numb3rs", США, 2005-2007). Гэты дэтэктыў, заснаваны на рэальных падзеях, расказвае аб супрацоўнiцтве праваахоўных органаў з... матэматыкамi, якiя выкарыстоўваюць iснуючыя тэорыi для раскрыцця злачынстваў.
Галоўнымi дзеючымi асобамi "Лiчбаў" з’яўляюцца спецагент ФБР Дон Эпс i яго брат Чарлi, малады навукоўца з характарыстыкамi матэматычнага генiя. На адным з этапаў расследавання чарговага злачынства, якое раскрываюць аператыўнiкi, падключаецца вучоны, якi з дапамогай любiмай навукi знаходзiць ключ да разгадкi ўсёй справы... А калi не спраўляецца адзiн вучоны, яму дапамагае альбо ўнiверсiтэцкi настаўнiк-фiзiк Лары Флейнхард, альбо нечакана разумная для прыгажунi аспiрантка Амiта Рамануджан (яна ж забяспечвае рамантычную лiнiю серыяла).
Што адметна, у ЗША навукоўцы высока ацанiлi серыял "Лiчбы", назваўшы яго паспяховым тэлепраектам, якi iстотна змяняе ў грамадскай свядомасцi ўспрыняцце матэматыкi i навукi ў цэлым. Пры якiх яшчэ ўмовах у прайм-тайм абмяркоўвалiся б, скажам, iзаспектральная геаметрыя, аналiз патоку ў сетцы, лiнейны дыскрымiнантны аналiз i iншыя, мякка кажучы, малапапулярныя галiны матэматыкi? Матэматычную сутнасць падтрымлiвае магутная каманда па спецэфектах - i ў вынiку кожная серыя атрымлiваецца не толькi iнтэлектуальнай стравай для мозга, але таксама вiдовiшчнай i напружанай дэтэктыўнай гiсторыяй.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.