Льецца музыка, музыка, музыка...

26.04.2005
"Звязда", 26 красавіка 2005 г.


У мінулым годзе Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія ажыццявіла буйнамаштабны тэлевізійны праект "Плошча Перамогі", прымеркаваны да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тады галоўная плошча краіны, нагадаю, ператварылася ў адну вялізную сцэнічную пляцоўку, а сцены навакольных дамоў часова сталі экранамі, на якіх гледачы бачылі то ўрыўкі з рэальных франтавых лістоў, то кадры кінахронікі, то трансляцыю ўрачыстага канцэрта... Сёлета тэлекампанія вырашыла прадоўжыць гэты праект, тым больш, ідэя знайшла падтрымку ў Адміністрацыі Прэзідэнта і ў Мінгарвыканкаме.
Паводле задумкі аўтараў і рэжысёраў "Плошчы Перамогі-2005" Надзеі Гаркуновай і Уладзіміра Ісата, цяперашні праект аб'яднае лепшыя творчыя і прафесійныя сілы Беларусі, Расіі і Украіны. 9 мая на прыступках абеліска размесцяцца тры сімфанічныя аркестры з трох славянскіх краін: сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам народнага артыста РБ Міхаіла Казінца, сімфанічны аркестр маскоўскага тэатра "Новая опера", якім дырыжыруе Фелікс Корабаў, і Нацыянальны заслужаны акадэмічны сімфанічны аркестр Украіны, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор якога - народны артыст Украіны Уладзімір Сірэнка. Да аркестраў далучацца зоркі опернай сцэны, імёны якіх арганізатары пакуль што не раскрываюць. У выкананні музыкантаў-віртуозаў прагучаць класічныя і сучасныя творы розных жанраў.
Пра ўзровень свята, падрыхтоўка якога зараз ідзе поўным ходам, сведчаць хоць бы імёны занятых у прадстаўленні прафесіяналаў: музычным кансультантам "Плошчы Перамогі-2005" выступае знакаміты дырыжор Аляксандр Анісімаў, вядучымі праекта запрошаны стаць Алена Спірыдовіч (Беларусь), Святаслаў Бэлза (Расія) і Аксана Антанюк (Украіна). Цяпер дадайце да ўяўлення шоу тэхнічныя падрабязнасці: "глядзельная зала" на тысячу месцаў на адкрытым паветры, суперсучасныя відэаэкраны-банеры, усталяваныя вакол плошчы, а таксама трансляцыю ў прамым эфіры на Першым нацыянальным тэлеканале... Словам, свята абяцае быць цікавым і відовішчным.

Вікторыя ЦЕПЯШУК.