"Лета ў горадзе" з каналам "Культура"

24.06.2016

"Звязда"

Канал "Культура" Беларускага радыё праводзiць фотаконкурс "Лета ў горадзе". Творчае спаборнiцтва прыдумалi, каб папулярызаваць культурны летнi адпачынак i баўленне вольнага часу ў родным горадзе, падтрымаць традыцыi фотамастацтва, а таксама далучыць удзельнiкаў конкурсу да радыёканала "Культура" з дапамогай сродкаў фотамастацтва.

Фотаздымкi высокай якасцi ад усiх ахвотных прымаюцца да 31 жнiўня 2016 года. Змест конкурсных работ павiнен адпавядаць тэме конкурсу: дэманстраваць эстэтычны бок баўлення вольнага часу ў горадзе. Конкурсныя здымкi будуць ацэньвацца двума шляхамi: рашэннем прафесiяналаў (аўтарытэтных спецыялiстаў у галiне фатаграфii, мастацтвазнаўцаў, супрацоўнiкаў канала "Культура"), а таксама шляхам галасавання гледачоў. Крытэрыi адбору: адпаведнасць заяўленай тэме, арыгiнальны сюжэт, нестандартнае творчае мысленне, крэатыўнасць. Работы, якiя прайшлi папярэднi адбор, размяшчаюцца на сайце канала "Культура" www.radiokultura.by.

Удзельнiкамi фотаконкурсу могуць быць грамадзяне Рэспублiкi Беларусь i краiн замежжа, незалежна ад узросту i адукацыi. Колькасць конкурсных работ не абмежаваная. Дасылаючы фотаздымкi, вы тым самым пацвярджаеце, што згодны з умовамi конкурсу, i дазваляеце далейшае выкарыстанне фатаграфiй на безганарарнай аснове па рашэннi арганiзатара. Да ўдзелу ў конкурсе не прымаюцца фотаздымкi, якiя не адпавядаюць вышэйназваным патрабаванням.

Свае работы трэба накiроўваць на электронную пошту арганiзатара radiokulturaby@gmail.com з пазнакай "Фотаконкурс". У заяўцы ўкажыце iмя, прозвiшча, кантакты аўтара i невялiкi суправаджальны тэкст пра дату, месца i падзею, падчас якой былi створаны фотаздымкi. Па вынiках конкурсу ў кожнай катэгорыi будзе ўручацца Гран-пры. Па рашэннi прафесiяналаў таксама некаторым работам будуць прысвоены дыпломы за I, II i III месцы. Журы пакiдае за сабой права ўводзiць дадатковыя прызы або не называць пераможцу, калi нiводная з работ не адпавядае ўзроўню, умовам i патрабаванням конкурсу.

Вынiкi фотаспаборнiцтва будуць падведзены ў першай палове верасня 2016 года. Больш iнфармацыi пра конкурс можаце даведацца па тэлефоне рэдакцыi (017) 284 45 01, а таксама праз электронную пошту kultura_br@tvr.by. Удзельнiчайце i дзялiцеся сваiмi варыянтамi культурнага адпачынку ў родным горадзе!

Алена ДРАПКО.