Лепш за ўсiх танцуюць славяне?

09.09.2008
"Звязда", 9 сентября 2008 г.

Ва ўсякiм разе, такую выснову можна зрабiць па вынiках танцавальнага конкурсу "Еўрабачанне-2008", што прайшоў у шатландскiм горадзе Глазга. Удзел у iм сёлета бралi танцавальныя пары з 14 краiн свету. Перамога ж дасталася прадстаўнiкам Польшчы - тэлевiзiйнаму акцёру Марчыну Мрочаку i прафесiйнай танцорцы Эдзiце Хербуш. Другое месца заняла пара з Расii - Таццяна Наўка i Аляксандр Лiтвiненка, трэцяе - пара з Украiны Лiлiя Падкапаева i Сяргей Касцецкi.
Танцавальны конкурс "Еўрабачанне", арганiзаваны Еўрапейскiм вяшчальным саюзам, прайшоў сёлета ў другi раз. Паводле ўмоў, ад кожнай краiны выступаюць пары, складзеныя з аднаго прафесiйнага танцора i адной мясцовай знакамiтасцi, праслаўленай у iншай сферы. На працягу нумара, якi доўжыцца ўсяго дзве хвiлiны, танцоры дэманструюць элементы класiчных бальных або лацiнаамерыканскiх танцаў, але абавязкова з нацыянальным каларытам. Ацэнкi ўдзельнiкам спачатку выстаўляе журы Мiжнароднай федэрацыi танцавальнага спорту, а потым галасуюць тэлегледачы (па тым жа прынцыпе, што i ў песенным "Еўрабачаннi"). Пераможца вызначаецца па суме балаў. Але гэта не дае краiне-пераможцы права правядзення наступнага конкурсу.
Дзе адбудзецца танцавальнае "Еўрабачанне-2009", будзе вырашана напрыканцы гэтага года. Але ўжо цяпер вядома, што ўдзел у iм плануе ўзяць Беларусь. Дзеля гэтага Белтэлерадыёкампанiя, якая збiраецца падаць заяўку ў аргкамiтэт, гатовая правесцi ўнутраны адбор - тэлевiзiйнае шоу. 

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.