Лавiся, Казка, вялiкая i маленькая!

19.05.2009
"Звязда", 19 мая 2009 г.


...Масква. Чацвёртая гадзiна ранiцы, але ў метро надзiва мнагалюдна. Ва ўсiх прыўзняты настрой, усмешкi да вушэй, плэеры граюць на поўную моц, а падлеткi, размахваючы нарвежскiмi сцяжкамi, крычаць "Наперад, Расiя!". Машынiст апошняй электрычкi, нiбы пачуўшы мае думкi, цiкавiцца па гучнай сувязi: "Ну, як там "Еўрабачанне", нармальна? А хто выйграў?" - "Нарвегiя!". - "Ну i цудоўна. Паехалi!".
Паехалi i мы - вiншаваць з перамогай Аляксандра Рыбака, падагульняць уражаннi i рабiць высновы аб усiм "Еўрабачаннi-2009".

Першы сярод роўных

На начной прэс-канферэнцыi Саша Рыбак зноў, цяпер ужо ў якасцi пераможцы, прыгадаў пра Беларусь - шчыра аддзячыўшы нам за 12 балаў i паўтарыўшы, што ён упэўнены: у многiм поспех яго выступлення абумоўлены спалучэннем двух розных нацыянальных характараў - беларускай меланхолii (вось такiя мы ў вачах Еўропы) i нарвежскага аптымiзму (а чаму б i не, там цi не найвышэйшы ўзровень жыцця ва ўсiм Еўрасаюзе).
- Хоць маю песню i называлi фаварытам задоўга да фiналу конкурсу, мы лiчылі, што гэта не настолькi важна - перамагу я цi не. Але цяпер я разумею - гэта сапраўды важна, - прызнаўся шчаслiвы хлопец. - Хоць я дагэтуль не лiчу, што быў найлепшым выканаўцам на гэтым конкурсе - найлепшая песня, на мой погляд, была ў Святланы Лабады з Украiны, а найлепшыя вакальныя здольнасцi - у Йоханы з Ісландыi.
Да слова, нягледзячы на вельмi высокiя пераможныя амбiцыi, прыкладна ў сярэдзiне падлiку балаў украiнская канкурсантка, вiдаць, зразумела, што наступнае "Еўрабачанне" ў Кiеў прывезцi не атрымаецца. І... не, не бразнула дзвярыма, пакiдаючы "грын-рум", але адправiла кагосьцi са сваёй каманды па кветкi. I першай павiншавала Рыбака з перамогай, уручыўшы шыкоўны букет ружаў, чым яшчэ раз пацвердзiла, што прафесiяналiзм - гэта яшчэ i ўменне годна прайграваць.
А ў Сашы пасля яшчэ аднаго бiсавага выканання песнi "Fаirуtаlе" журналiсты пацiкавiлiся, цi не хацеў бы ён напiсаць песню на рускай мове, i, скажам, прадставiць яе публiцы ў Осла ў 2010 годзе? "Думаю, што я так i зраблю", - сур'ёзна адказаў артыст. Хоць планаў у яго цяпер - вагон i маленькi вазок: у найблiжэйшы час будзе падрыхтавана шоу пад назвай "Казкi", летам запланаваныя здымкi ў тэлефiльме, а ўвосень спявак усё ж вельмi спадзяецца прыехаць з канцэртамi ў Беларусь i ў Расiю. Тым больш, у абедзвюх краiнах лiчаць Сашаву перамогу крыху сваёй. О, вы не чулi гэтага - як балгарын па паходжаннi Фiлiп Кiркораў у прамым эфiры расiйскага Першага канала называў нарвежца з беларускiмi каранямi Сашу Рыбака: "Наш хлопчык перамог!". Кiраўнiк Першага Канстанцiн Эрнст, праўда, на сваяцкасць артыста не ўпiраў, толькi адзначыў, што "перамога Рыбака была заканамернай. Тут сышлося ўсё - сама песня, пастаноўка нумара i неверагоднае абаянне выканаўцы".
Не будзем лiшнi раз прымазвацца да перамогi - як вядома, у яе i так заўжды многа бацькоў. Лепш прыгадаем, што Сашу ўсё ж удалося зрабiць найвялiкшы падарунак i сабе самому - на 23-годдзе, i маме на 50-годдзе (18 мая Наталля Валянцiнаўна святкавала дзень нараджэння - праўда, ужо ў Осла, дзе самалёт з пераможцам сустракалi некалькi тысяч чалавек), i ўсёй краiне - 17 мая Нарвегiя адзначыла чарговы дзень незалежнасцi. У нарвежскiм пасольстве ў Маскве з гэтай нагоды адбыўся вялiкi прыём, дзе галоўным героем стаў якраз Аляксандр Рыбак. Пасол краiны нагадаў, што нагода для радасцi сапраўды вялiкая: з 1956 года Нарвегiя дагэтуль усяго двойчы была пераможцай "Еўрабачання", апошнi раз - у 1995 годзе. Таму Сашу ў СМI цяпер называюць не iнакш як новай зоркай - хоць пры гэтым усе журналiсты (i я далучаюся!) у адзiн голас адзначаюць, што "зоркi ў лобе" ў маладога артыста няма, ён вельмi адкрыты, прыемны ў стасунках i абаяльны хлопец, у якiм папросту прысутнiчае ўсё тое, што называецца харызмай.

I вось лiчыць мы сталi балы

Хто там сцвярджаў - геапалiтыка, дарагiя клiпы, абавязкова папярэднiя прома-туры? Якiхсьцi адмысловых нарвежскiх сувенiраў на маскоўскiм "Еўрабачаннi" нiхто ў вочы не бачыў. Неверагодна дарагiх касцюмаў i дэкарацый у нумары не было - абышлiся спалучэннем спевака, скрыпкi, танцораў i "казачнай" анiмацыi. Не спатрэбiлася прыцягваць да пастаноўкi нумара, напрыклад, знакамiтага нарвежскага бiятланiста Оле Эйнара Б'ёрндалена, якi мог бы стрэлiць з-за спiны артыста з вiнтоўкi нарвежскiм сцягам. Не было ў гэтым годзе ў Нарвегii нi перадконкурснага клiпа - толькi запiс выступлення на нацыянальным адборы, - нi вялiкага прома-тура. Але ў фiнале конкурсу - вы самi бачылi - Нарвегii аддаў галасы не толькi ўвесь скандынаўскi блок, што ў прынцыпе чакалася, не толькi ўсе постсавецкiя краiны, што прагназавалася, улiчваючы "беларускае мiнулае", - балы ў скарбонку Сашы Рыбака далi абсалютна УСЕ краiны, акрамя самой Нарвегii, якая па правiлах не магла галасаваць за сябе. Таму i атрымалiся вынiковыя 387 балаў - мiж iншым, рэкорд у гiсторыi "Еўрабачання".
Тое ж самае справядлiва i для другога месца - Iсландыi. Чароўная бландзiнка Йохана не рабiла на сцэне нiчога звышасаблiвага - не распраналася, не запрашала знакамiтую спявачку Б'ёрк у пастаноўку, не прыдумляла вогненнага шоў i ўвогуле не перамудрыла са спецэфектамi, як украiнка Святлана Лабада. Дзяўчына проста спявала - але так, што "душа разгарнулася, а потым назад згарнулася". I гэтага было дастаткова для 2-га месца з 218 баламi.
А вось на трэцяй i чацвёртай пазiцыi - перамога нацыянальных дыяспар у дзейнасцi. Азербайджан дзякуючы iрана-шведу Арашу сабраў 207 балаў, традыцыйныя турэцкiя танцы спявачкi Хадзiсе - 177. У дзясятку лепшых трапiлi таксама Вялiкабрытанiя - з павагi да лорда-кампазiтара Вебера еўрапейцы аддалi нуднаватай баладзе 173 балы, Эстонія - чыстая і светлая "Urban Symphony" на 6 месцы з 129 баламі, Грэцыя - "стэплер" Сакiса Руваса сабраў 120 балаў, Францыя - Патрысiя Каас са шчымлiвым шансонам набрала толькi 107 балаў, Боснiя i Герцагавiна - пранiкнёныя балканскiя спевы атрымалi 106 балаў, i, нарэшце, Арменiя - сёстры Iнга i Ануш набралi 92 балы. Па-за межамi дзясяткi лепшымi былi Расiя (91 бал, 11 месца) i Украiна (76 балаў, 12 месца). Замыкаюць вынiковую таблiцу Фiнляндыя з 22 баламi, а таксама Лiтва i Iспанiя, якiя з 23 баламi дзеляць перадапошнiя месцы.

Замест кропкi

А што Беларусь, заканамерна пацiкавiцца пiльны чытач. Адказваю: Беларусi, будзем шчырымi, сёлета не свяцiла нiчога. У першым паўфiнале Пётр Елфiмаў заняў 13-е месца з 25 баламi (для параўнання, пераможца гэтага паўфiналу Iсландыя мела 174, а "выратаваная" журы Фiнляндыя - 42). Пры гэтым самы высокi бал, атрыманы беларускiм артыстам, - гэта 6 ад Македонii - вiдаць, помняць у гэтай краiне прома-тур Пятра i блiскучае выкананне песнi Тошэ Праеску. Ад астатнiх краiн спявак атрымлiваў у лепшым выпадку 4 балы (ад Iзраiля, Арменii, Фiнляндыi), у горшым - 2 (ад Чарнагорыi) цi нават 1 (ад Iсландыi, Мальты, Балгарыi, Швецыi i Чэхii).
Сярод 37 паўфiналiстаў Беларусь таксама займае даволi нiзкае месца - 27-ае, а сярод усiх удзельнiкаў не ўваходзiць нават у трэцi дзясятак. У чым прычына паразы - так адразу i не скажаш, бо непазбежна зойдзеш у сферу дапушчэнняў i ўмоўнасцяў. А гэта, як сцвярджае вядомае выслоўе, мара пра грыбы, якiя маглi б расцi ў роце... Вiдавочна адно: у працэсе падрыхтоўкi - а мо i выбару - канкурсанта трэба штосьцi мяняць.
- Ёсць мноства пытанняў, якiя патрабуюць абмеркавання, - пацвярджае намеснiк старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандр Мартыненка. - Патрэбны нейкi крэатыў, нейкае iншае стаўленне да падрыхтоўкi, да канкурсанта. I найперш трэба, каб артыст усiм падабаўся. Артыста можна прасоўваць, калi ён "прасоўваемы", а калi ён сам да гэтага не iмкнецца - хiба што дапаможа?
Што i як зменiцца ў беларускiм адборы, мы заўважым ужо напрыканцы гэтага года. А пакуль што развiтваемся з "Еўрабачаннем" да мая 2010 - 18, 20 i 22 мая ў Осла адбудуцца паўфiналы i фiнал чарговага песеннага конкурсу. У каго атрымаецца ўбачыць гэта жыўцом - прыязджайце. Саша Рыбак запрашаў.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.