Ладная дуга праз палярныя льды

14.02.2004
"Культура", 14 лютага 2004 г.


У той час, калі большасць суайчыннікаў ужо нецярпліва чакае надыходу самай шматабяцальнай пары году, шасцёра беларусаў выправіліся ў тыя месцы, дзе вясна - паняцце даволі ўмоўнае. 6 лютага ў сценах Белдзяржтэлерадыёкампаніі адбыліся ўрачыстыя праводзіны Нацыянальнай беларускай экспедыцыі "Палярнае кола".

Пра тое, што ўяўляе сабою другі этап гэтай экспедыцыі (першы, нагадаем, паспяхова прайшоў тры гады таму), лепш за ўсё могуць засведчыць сухія звесткі. Такім чынам: агульная працягласць маршруту - 9240 км.; тэрмін правядзення - чатыры месяцы. Афіцыйны старт экспедыцыі адбыўся 9 лютага, але на свой аранжавы ўсюдыход яе ўдзельнікі сядуць дзён на дзесяць пазней. Да Дня Перамогі нашы палярнікі павінны дабрацца з Якуцка да тэрыторыі Канады, зрабіўшы вакол Паўночнага полюса калі не кола, дык, прынамсі, ладную дугу.

Дзеля чаго? Лаканічны адказ на гэтае пытанне змешчаны ў дэвізе акцыі: "Свет спазнае Беларусь - Беларусь спазнае свет". Па словах віцэ-прэм'ера краіны Уладзіміра Дражына, агучаных падчас праводзін, экспедыцыя паклікана выявіць спартыўны ды прамысловы патэнцыял нашай дзяржавы.
I сапраўды, лепшы спосаб прарэкламаваць палярных монстраў вырабленых на Беларускім заводзе недарожнай тэхнікі, наўрад ці можна прыдумаць. Цікавасць да нашых ўсюдыходаў ужо праяўляюць у Расіі - і цікавасць гэтая, варта спадзявацца, неўзабаве "матэрыялізуецца". Але справа, вядома, не толькі ў іх. Справа і ў людзях, здатных на падобны подзвіг. Далёка не кожная краіна можа ганарыцца такімі сваімі суайчыннікамі, як кіраўнік экспедыцыі Уладзімір Драбо ды ягоныя падначаленыя.

Зрэшты, адважных людзей у нас ніколі не бракавала. Аднак плаваць яны часцей за ўсё мусілі пад чужымі сцягамі - у адрозненне ад нашых герояў. Больш за 40 беларусаў зрабілі свой унёсак у даследаванне Арктыкі (сярод іх, напрыклад, і першаадкрывальнік Аляскі Дзмітрый Паўлуцкі), аднак ва ўсіх даведніках іх нацыянальнасць чамусьці пазначаная не зусім правільна. Выправіць гэтую несправядлівасць, звярнуўшы на яе ўвагу міжнароднай супольнасці, таксама з'яўляецца адным з прызначэнняў "Палярнага кола".

Вядома, заслуга ў рэалізацыі такіх маштабных праектаў належыць не толькі іх непасрэдным удзельнікам. Так было і ў дадзеным выпадку: дзеля таго, каб выправіць у арктычныя льды шэсць чалавек, спатрэбілася кампетэнтная дапамога ці не ўтрая болышай колькасці айчынных ды расійскіх устаноў самага рознага профілю.

Адметна, што сярод іх быў і Першы нацыянальны тэлеканал, які ўвайшоў у лік арганізатараў акцыі. У экіпажы ўсюдыхода, апрача кіраўніка экспедыцыі, яго намесніка Віктара Радкевіча (які з'яўляецца галоўным канструктарам цуда-машыны), механікаў-кіроўцаў Юрыя Судака і Андрэя Шэіна ды лекара Валерыя Янышэўскага, будзе і адзінка, чые функцыі зусім нязвыклыя для такога кшталту падарожжаў. Гэта тэлежурналіст Тарас Вашчанка, дэлегат ад Белдзяржтэлерадыёкампаніі. Дзякуючы гэтай акалічнасці, аўдыторыя прыналежных да кампаніі электронных СМІ здолее даведвацца пра тое, што робіцца на борце ўсюдыхода на працягу ўсяго падарожжа.

Безумоўна, пераўтварэння экстрэмальнай экспедыцыі ў "рыэліці шоу" тэлевізійшчыкі не абяцаюць (ды і ці трэба?) - аднак рэпартажы, забяспечаныя "карцінкай" з палярнымі краявідамі, маюць рэгулярна разнастаіць наш тэлерацыён.

Зазвычай атмасфера праводзін прадугледжвае нейкую трывожнасць ды жаданне пусціць слязу. Аднак у гэты раз настрой ва ўсіх прысутных быў куды больш бадзёрым. Уладзімір Драбо без супыну жартаваў, а міністр па надзвычайных сітуацыях генерал-лейтэнант Валерый Астапаў нават агучыў уласны паэтычны твор, прысвечаны ўдзельнікам экспедыцыі.

Хочацца верыць, што чулыя, сапраўды шчырыя словы калег ды пільная ўвага суграмадзян будуць дапамагаць нашым палярнікам змагацца з арктычным холадам не менш эфектыўна, чым сістэма абагрэву іх усюдыхода.

Ілля СВІРЫН.