"ЛАД" выбірае народных

15.08.2007
"Звязда", 15 жніўня 2007 г.


Яшчэ за некалькі месяцаў да закрыцця тэлесезону праграма "Белорусское времечко", якая выходзіць на канале "ЛАД", абвясціла, што шукае новага - народнага - вядучага. Перад пачаткам новага сезону кандыдатаў, якія жадаюць "трапіць у тэлевізар", сабралі на кастынг перад тэлекамерамі.
На конкурс паступіла каля 400 лістоў з расказам аб сабе і фота. "Прыярытэт пры разглядзе заявак аддавалі мужчынам за 40 гадоў, але да кастынгу былі дапушчаны людзі самых розных узростаў і прафесій - ад зусім маладзенькіх дзяўчат да пенсіянераў. Нядаўна, напрыклад, прыходзіў 62-гадовы прафесар, вырашыў паспрабаваць сябе нават член Савета Рэспублікі", - расказаў выканаўчы прадзюсар канала "ЛАД", кіраўнік праграмы Міхаіл Сянкевіч. Усяго ў кастынгу, які доўжыўся ў студыі Белтэлерадыёкампаніі 3 дні, удзельнічала каля 100 чалавек - з Мінска, Гродна, Магілёва, Віцебска, Слоніма... Пры адборы, кажуць, ніякіх звышкрытэрыяў не было - улічвалася фотагенічнасць, граматнасць, валоданне мовай і ўменне не проста чытаць з ліста, але і цікава расказваць. "Якая добрая навіна ў вашым горадзе, чым можаце падзяліцца з гледачамі?" - з парога цікавіўся ў чарговага прэтэндэнта Міхаіл. Некаторыя ад такога націску губляліся, некаторыя ліхаманкава прыгадвалі, што ж "гэткага" адбылося ў родным горадзе, а некаторыя ў запале пераказвалі ці не ўсе гарадскія чуткі-плёткі. У якасці самапрэзентацыі чыталі вершы, ігралі на гітары, спявалі, дэманстравалі танец жывата... Адна жанчына, на радасць рэдакцыі "Белорусского времечка", пакінула ў студыі падарунак - шклянку ўласнаручна сабраных і прыгатаваных баравікоў.
Дарэчы, нягледзячы на ўсе прыярытэты, па самых сціплых падліках сярод кандыдытаў жанчын было разоў у пяць болей, чым мужчын. Зрэшты, Міхаіл сцвярджае, што гэта не страшна - у выніку можа быць адабраны не адзін "народны вядучы", а два ці нават тры. Прычым выбіраць іх будзе якраз народ, у сэнсе тэлегледачы. 20 жніўня праграма выходзіць з адпачынку і пакажа працэс кастынгу ў эфір, а потым добра "прасеяных" кандыдатаў чакае выпрабаванне прамым эфірам у кампаніі двух цяперашніх вядучых. З дапамогай SMS-галасавання, верагодней за ўсё, і будзе вызначаны пераможца (або пераможцы), але дакладны тэрмін выбару пакуль невядомы, бо працэс можа зацягнуцца. "Для нас галоўнае, - разважае Міхаіл Сянкевіч, - каб у чалавека быў пэўны багаж ведаў, жыццёвы вопыт, у тым ліку і вопыт хаджэння па розных інстанцыях дзеля адстойвання сваіх правоў. Нікога не хачу пакрыўдзіць, але выглянцаваны вядучы нам не патрэбны, хутчэй будуць цаніцца незвычайнасць і яркая індывідуальнасць. А нашы цяперашнія вядучыя спрацуюцца з кім заўгодна, яны ж прафесіяналы".

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.