"ЛАД" вашаму дому!

04.10.2007
"Народная газета", 4 октября 2007 г.


Тэлеканал, які адкрые новы сезон 8 кастрычніка, здзівіць беларусаў мноствам цікавых праектаў
Калі раней асноўнымі гледачамі канала пераважна былі жанчыны 55-гадовага ўзросту, то цяпер, па словах выконваючага прадзюсера тэлеканала “ЛАД” Сяргея Кухто, іх аўдыторыя памаладзела. У многім дзякуючы новым праектам розных жанраў, цікавых і дарослым, і дзецям, і мужчынам, і прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва. Нездарма новы дэвіз тэлеканала: “Кожная секунда нашага эфіру годна вашай увагі”.

Дзіцячы час
Ніводзін іншы тэлеканал краіны не змяшчае ў сваёй сетцы вяшчання столькі праграм для маленькіх гледачоў, як “ЛАД”.
Нядзельнай раніцай да блакітных экранаў запрашаюць вядучыя інтэрактыўнай “Нашай пяцёрачкі” - Ксенія Сітнік і Андрэй Кунец. Самы кемлівы і актыўны ўдзельнік перадачы пасля падвядзення вынікаў атрымае прыз ад Белтелерадыёкампаніі - здымкі відэакліпа. Падрыхтаваны да эфіру і зусім новыя праекты для дзяцей. Ператварыцца ў юнага капітана, перажыць прыгоды, пераадолець перашкоды і знайсці скарб можна будзе з дапамогай “Бухты капітанаў”. Пабываць у двары і пазнаёміцца з новымі ведамі сваіх аднагодкаў дапаможа тэлепраграма “Свая кампанія”. Перавыхоўваць непаслухмяных дзяцей цяпер можна будзе кожную сераду ў 21.30 разам з Ангелінай Воўк, тэлевядучай праграмы рэйтынгавага расійскага праекта “Няня спяшаецца на дапамогу”.

Дарослым быць не проста
У новым сезоне “ЛАД” па-ранейшаму можна будзе называць сямейным каналам. Упершыню гледачам будзе прадстаўлена праграма аб здароўі мужчын “Казанова”. Мужчынскія праблемы будзе дапамагаць вырашаць сексолаг Ігар Луханін, а таксама запрошаныя эксперты - сексолагі, уролагі, андролагі, псіхолагі. Першымі тэмамі выпускаў стануць - “Мужчынскае даўгалецце”, “Алкаголь і секс”, “Фізкультура і здароўе”, “Імпатэнцыя”. Раскрываць гледачам “Урачэбныя тайны” ў суботнім ранішнім эфіры будзе дапамагаць таксама доктар Цярэшчанка.
Дапамагаць жанчынам пасля разводу будзе вядомы праект “Клуб былых жонак” з вядучымі Ірынай Клімавай, Аўрорай, Валерыяй Кудраўцавай, Верай Сотнікавай і Жанай Эпле. Па пятніцах у 18.50 глядзіце, як гераіні праграмы будуць праходзіць спецыяльны рэабілітацыйны курс, які пазбаўляе ад мінулых комплексаў, страхаў, перажыванняў і дае старт для новага жыцця.
Скіроўваць дарослых да праўды жыцця будзе праграма “Час суда” з Паўлам Астахавым.

Сумаваць няма калі
У новым тэлевізійным сезоне працягнецца спартыўнае рэаліці-шоу “Цудоўная сямёрка”. Сямёра ўдзельнікаў - вядомых тэлевядучых і зорак эстрады - пад “увагай” усюдыісных відэакамер будуць асвойваць розныя віды спорту. У мінулым тэлесезоне героі праграмы прайшлі курс навучання асноўным элементам слалама. Цяпер яны паспрабуюць сябе (і нават мужчыны!) у сінхронным плаванні.
Як паабяцаў Сяргей Кухто, аматарам спорту па-ранейшаму будзе цікава затрымлівацца на кнопцы “ЛАДу”. У бліжэйшы час на тэлеканале можна будзе ўбачыць матчы НХЛ, Кубак Англіі па футболе, гандбольную Лігу чэмпіёнаў, чэмпіянату свету па боксе, Кубак свету і шмат іншага.
Цікавым абяцае стаць праграма “Іншыя” аб псіхалогіі злачынцаў. Гледачы з дапамогай экспертаў-прафесіяналаў змогуць даведацца, чаму чалавек, трапляючы ў складаную жыццёвую сітуацыю, выбірае той ці іншы шлях выхаду. Пра анамальныя з’явы раскажа праграма “Невытлумачальна, але факт”. Пятнічны эфір упрыгожыць шоу “Бітва экстрасенсаў” з вядомым акцёрам Міхаілам Парэчанкавым у ролі вядучага. Суботнія “Добрыя навіны” атрымаюць свайго “напарніка” па нядзельным эфіры ў выглядзе парадыйнай забаўляльнай праграмы аб навінах, якіх не было. У зусім новым фармаце будзе выходзіць маладзёжная праграма “Шака-ЛАД”.

Наш культурны асяродак
Тэлеканал у новым сезоне распачне нежартоўную размову пра культурнае жыццё краіны. Штодзень журналісты агенцтва тэленавін будуць выпускаць “Навіны культуры” і адзін раз на тыдзень тэлегледачам будзе прапанавана стаць сведкамі палемічнай размовы на тэмы філасофіі, значэння беларускага тэатра і кіно. Першай тэмай ток-шоу вызначана “Чаму ў нашым жыцці так моцна ўкаранілася нецэнзурная лексіка?” Хто стане вядучым праграмы, пакуль што невядома. Яшчэ адзін цікавы праект - “Лабірынты”. Яго аўтар Аляксандр Матафонаў прапануе разам пагартаць невядомыя старонкі гісторыі і культуры беларускага народа.

Марына КУЗЬМІЧ, “НГ”.