Lіtesound трапілі ў пяцёрачку

22.03.2012
"Звязда", 22 сакавіка 2012 г.


Беларускаму гурту дастаўся пяты "стартавы" нумар у другім паўфінале міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне", што пройдзе сёлета ў Баку. Нашы ўдзельнікі выйдуць на сцэну 24 мая і паспрабуюць выканаць задачу мінімум - увайсці ў дзясятку лепшых з 18 удзельнікаў паўфіналу, каб прайсці ў фінал і спаборнічаць за перамогу.
Лёсаванне канкурсантаў адбылося на сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый краін-удзельніц "Еўрабачання", дзе таксама была прадстаўлена новая (і канчатковая) версія песні "We Are The Heroes", якую гурт запісаў сумесна з грэчаскім прадзюсарам Дзімітрысам Кантопалусам. З гэтага моманту ў конкурсных песнях змяняць ужо нічога нельга, пад пагрозай адчувальных штрафных санкцый.
Нагадаем, у 57-м песенным еўраконкурсе бяруць удзел 42 краіны. У кожным з паўфіналаў - 22 і 24 мая - выступяць па 18 краін, а леташні пераможца, сёлетні гаспадар "Еўрабачання" Азербайджан і краіны-заснавальнікі конкурсу Францыя, Германія, Вялікабрытанія, Італія і Іспанія ўступяць у барацьбу адразу ў фінале.
У першым паўфінале выступаюць (у парадку, вызначаным лёсаваннем) Чарнагорыя, Ісландыя, Грэцыя, Латвія, Албанія, Румынія, Швейцарыя, Бельгія, Фінляндыя, Ізраіль, Сан-Марына, Кіпр, Данія, Расія, Венгрыя, Аўстрыя, Малдова і Ірландыя.
У другім паўфінале спаборнічаюць Сербія, Македонія, Нідэрланды, Мальта, Беларусь, Партугалія, Украіна, Балгарыя, Славенія, Харватыя, Швецыя, Грузія, Турцыя, Эстонія, Славакія, Нарвегія, Боснія і Герцагавіна, Літва. Такім чынам, як паказвае вопыт мінулых гадоў, беларусы могуць разлічваць на балы ад суседзяў - Украіны і Літвы, ад некаторых постсавецкіх краін - Грузіі і Эстоніі, а таксама ад Мальты, якая заўжды адзначае нашых удзельнікаў. Ці хопіць гэтага для таго, каб прайсці далей, - паглядзім...

- Ці вырашана канчаткова, колькі чалавек выйдуць на сцэну ад Беларусі? - датэлефанаваліся мы да кіраўніка праекта "ЕўраФэст" Аляксандра Ціхановіча ў Баку. (У складзе "Lіtesound" пяцёра хлопцаў, а па правілах конкурсу на сцэне могуць знаходзіцца 6 удзельнікаў).
- Пакуль мы з гэтым пытаннем яшчэ не вызначыліся, будзем абмяркоўваць з рэжысёрам-пастаноўшчыкам. Спатрэбіцца 6 чалавек - будзе 6, хопіць 5 - хлопцы справяцца. Цяпер галоўныя нашы намаганні скіраваны на падрыхтоўку конкурснага нумара, здымкі кліпа і ўсяго астатняга, што неабходна для годнага прадстаўлення нашых канкурсантаў. Праца чакае напружаная: усё ж часу нямнога засталося - усяго 2 месяцы. Калі паступяць афіцыйныя запрашэнні выступіць дзесьці з прома-турам - з'ездзім. Але асноўнае, паўтаруся, - падрыхтавацца як след да выступлення.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.