Лісткі з альбома

19.10.2002
"Культура", 19 - 25 кастрычніка 2002 г.


Няўжо цікавасць да беларускага канчаткова страчана? He? Чаму ж тады глытаюць пыл на паліцах кнігарань беларускія кнігі, а ў шапіках "Белсаюздруку" застаюцца непраданыя беларускія газеты? Чаму гледачы ўключаюць НТБ, а не БТ, ды з радыёпрыёмніка гучыць "Юнацтва"? Цяжка сказаць.
Толькі, відаць, хутка слухачу-беларусу (а, можа, й нетолкі беларусу) не лёгка будзе адарвацца ад прыёмніка. I слухаць ён будзе Беларускае радыё. He верыцца? Пераканайцеся. Да вашай увагі расповед аднаго з аўгараў праграмы "Беларускі альбом", вядучай Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё - Марыны ДРАГІНАЙ.

НЕ ПРОСТО ТАК
"...Праграма "Беларускі альбом" узнікла таму, што ўвогуле ўсё беларускае радыё, Першы нацыянальны канал і канал "Культура" з 1 лістапада пачынаюць новы вяшчальны сезон. Супрацоўнікі падавалі новыя праекты, і вось з'явілася такая ідэя: стварыць "Беларускі альбом". Гэта адзін з самых лепшых, самых слухаемых па часе "адрэзкаў". У нядзелю, з 14 да 16 гадзін, у эфіры будуць людзі, імёны якіх добра вядомыя пастаянным слухачам Беларускага радыё, у прыватнасці, Першага нацыянальнага канала. Для гэтага праекта мы вырашылі адабраць усё, звязанае са спадчынай, з сучаснасцю беларусаў. У праграме мы адлюструем - сродкамі радыё, канешне, - тое, што хаваюць ад нас часы, стагоддзі. Гэта духоўная спадчына: абрады, фальклорная музыка, этнаграфія, гісторыя палацаў, замкаў, карацей кажучы, - усё, што існавала, што, магчыма, для нас не захаваў час, але мы ведаем пра гэта з кніг, з нейкіх нарысаў даследчыкаў, - пра гэта мы будзем распавядаць. I, безумоўна, - пра сучаснасць".

СТАРОНКІ
"...Сучаснасць для нас - усё, звязанае з культурным жыццём нашай краіны. Канешне, задача вельмі складаная, каб у дзве гадзіны паспець сказаць і пра тое, што было, потым зрабіць нейкі такі экскурс па стагоддзях і, безумоўна, скончыць тым, што зараз існуе. Мы адабралі, напрыклад, такія матэрыялы: "Да беларускіх святыняў" - пра храмы, іх гісторыю, іх сучаснасць будзе распавядаць Людміла Мітаковіч. Яна ж будзе рыхтаваць матэрыял пад назвай "Беларуская Атлантыда" - вельмі прыгожая, загадкавая назва. Дык вось крыху прыадкрыю заслону таямнічасці: "Беларуская Атлантыда" - старадаўняя беларуская музыка. Яшчэ Людміла Мітаковіч рыхтуе "Беларускі рарытэт" - падзеі, фестывалі, канцэрты. У Мінску, у абласцях праводзіцца шмат фестываляў, конкурсаў, вось пра ўсё гэта ў праграме "Беларускі альбом" будзе з'яўляцца аператыўная інфармацыя. I, канешне, выйдзе ў эфір старонка "Заўсёды першая". У Доме радыё ёсць унікальная студыя, яна так і называецца - "Першая". Вось пра тое, якія там зараз запісы праводзяцца, якія калектывы, якія творы запісваюць, і раскажам. Магчыма, узгадаем тое, што тут калісьці запісвалася. Бо ў даўнія часы былі толькі прамыя эфіры, і нашыя мэтры беларускага радыё расказваюць: якраз з гэтай першай студыі ўсё адразу ішло ў эфір.
Увесь "Беларускі альбом" - гэта гісторыя і сучаснасць. I без моўных хвілін, без "Роднага слова" (рубрыка Маргарыты Прохар) палітра "Беларускага альбома" не была б такая яркая. Шмат хто з нашых слухачоў дзякуе нам, і ў лістах, і тэлефануючы, - яны вучаць беларускую мову пры дапамозе менавіта радыё. A вось тут такі спецыялізаваны выпуск, дзе ўсё дакладна расказана - як правільна і як няправільна гаварыць... "Мураваны летапіс" (рубрыка Рамана Мышкоўскага) будзе цікавы для ўсіх, але ў першую чаргу для тых, хто захапляецца гісторыяй замкаў, палацаў. На жаль, на Беларусі іх вельмі мала засталося. Але мы паспрабуем пры дапамозе музыкі, шумавых эфектаў, тэксту, нават і таго, як мы будзем падаваць гэты матэрыял, прыгадаць, дзе калісьці жылі, дзе балявалі, дзе перажывалі трагедыі і ўздым знаныя на Беларусі радзіны. "Радавод" і "Беларусы" - рыхтуе Рэгіна Гамзовіч. "Радавод" для цікаўных да генеалогіі і геральдыкі, а "Беларусы" - народазнаўчая навукова-папулярная праграма. Плануецца паказ асноўных рыс беларусаў: аблічча, адзення, мовы, тыпаў паселішчаў; рэлігіі і культуры, побыту, міфалогіі. Можна сказаць, зноў гэта погляд на мінулае, але ж нашымі вачыма, вачыма сучаснікаў. "Бум" - музычная старонка праграмы. Вырашылі назваць жартоўна, бо яе задача - папулярызацыя таго, што напісана беларускімі аўтарамі, і своеасаблівы прагноз: ці будуць папулярныя гэтыя творы, ці не будуць. "Час фальклору" рыхтуе Таццяна Песнякевіч. Я думаю, слухачы пачуюць вельмі цікавыя рарытэтныя запісы. Амаль усё, пра што мы будзем распавядаць на старонках "Беларускага альбома", - гэта рарытэты. I гэта не высокі стыль, як камусьці можа падацца, таму што ўсё, мы лічым, звязанае з намі, з нашай мовай, з нашымі бацькамі, прабацькамі, - гэта ўсё рарытэт.
"Музейны эпізод" прапануе Таіса Маставая. Найбольш вядомыя, найбольш папулярныя музеі размешчаны, безумоўна ў Мінску, бо Мінск - гэта сталіца. Але ёсць у нас у іншых рэгіёнах вельмі цікавыя музеі, няхай яны старэнькія, няхай маленькія - усё роўна гэта гісторыя, і калі не пытацца ў гісторыі, гісторыя будзе маўчаць. Вось і паспрабуем у "Музейным эпізодзе" спытацца і пачуць адказы з тых сівых стагоддзяў. Матэрыялы да старонкі "Вяртанне" будзе рыхтаваць Галіна Шаблінская.
Няхай толькі не створыцца ўражанне, што ўсе мы падаем у тыя сівыя стагоддзі і самі хутка станем такімі сівымі бабусямі і дзядусямі! Не. Вельмі хочацца, каб нас слухалі ўсе пакаленні - ад сталых людзей і да моладзі. Можа, не ў кожнага ёсць час звярнуцца да падручнікаў, да газет, да часопісаў - дык хай усе слухаюць нас".

ГАСПАДАРЫ ДЫ ГОСЦІ
"...Матэрыялы для "Беларускага альбома" рыхтуюць штатныя супрацоўнікі Беларускага радыё. Аб'ядноўваць гэтыя матэрыялы ў эфіры, сустракацца з госцем будуць два вядучыя - я, Марына Драгіна, і Раман Мышкоўскі. 3 намі працуюць прафесіяналы - рэжысёр Кацярына Агароднікава, гукарэжысёры Дзяніс Дзяменка, Наталля Кузняцова, Таццяна Васількова - гэта нашыя калегі, да якіх заўсёды можна звярнуцца па дапамогу і заўсёды яе атрымаць.
Культура, гісторыя, музыка аб'яднаюцца ў "Беларускім альбоме", які будзе заканчвацца "Аўтографам беларускага альбома". Мы плануем запрашаць госця, з якім будзем абмяркоўваць пачутае. Спачатку мы думалі абмежавацца толькі культуролагамі, але, здаецца, кола нашых гасцей, якія пакінуць "Аўтограф" "Беларускаму альбому" на хвалях Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, будзе больш шырокім.
Вельмі разлічваем на тое, што наладзіцца прамая сувязь са слухачамі, будуць паступаць пытанні, прапановы, водгукі - ці спадабалася, магчыма, слухачы падкажуць цікавых асоб для нашых эфіраў. "Зваротную сувязь" плануем "адчуць", скажам так, і адразу, падчас эфіру - у студыі ёсць тэлефоны. У прамы эфір мы будзем выходзіць з трэцяй студыі Беларускага радыё. Зараз яна абсталяваная новым камп'ютэрам, у якім пастаўлены новыя праграмы. Думаю, гэта вельмі дапаможа насычана, без усялякіх збояў правесці эфіры".

МІНАЮЧЫ ПАДВОДНЫЯ КАМЯНІ
Вядома, можна трапіць на падводны камень: пагнацца за тым, каб больш было навін, нечага такога незвычайнага. Але калі дзве гадзіны вось столькі незвычайнага, галава пойдзе кругам - гэта таксама нецікава. Вось таму ўсё будзе суправаджаць музыка. Прагучаць, магчыма, і запісы па трансляцыі, што таксама вельмі цікава, яны не заўсёды трапляюць у фанатэку Беларускага радыё. Не ўсе нашы слухачы могуць трапіць на канцэрты, пра якія мы расказваем, таму намагаемся зрабіць усё магчымае, каб даць пра іх максімум інфармацыі - і самой музыкі.
У нас працуюць прафесіяналы - самыя маладыя не менш за дзесяць гадоў на Беларускім радыё. Яны адчуваюць стылістыку, дынаміку эфіру. Час пакажа, ды вельмі хочацца спраўдзіць нашы спадзяванні. Няхай усё будзе ярка, але не так, каб зацьмявала і вочы, і розум".

Слухаў Дзяніс ГОЛІН.