Лідзія Заблоцкая: "Я адчувала, што апынуся ў тройцы"

06.12.2011
"Звязда", 6 cнежня 2011 г.


На дзіцячым "Еўрабачанні" ў Ерэване Беларусь падзяліла ІІІ месца з Расіяй
13-гадовая магіляўчанка Лідзія Заблоцкая з песняй "Анёлы дабрыні" ў фінале дзіцячага "Еўрабачання-2011" заняла трэцяе месца. На працягу ўсяго галасавання ўпэўненая барацьба за першае месца ішла паміж Беларуссю, Нідэрландамі і Грузіяй. Аднак у выніку ў турнірнай табліцы Лідзія набрала 99 балаў і падзяліла бронзу "Еўрабачання" з расіянкай Кацяй Рабавай.
Перамогу святкавалі грузінскія дзяўчаты з гурта "Саndу" з песняй "Саndу musіk" ("Салодкае жыццё"). Яны набралі 108 балаў, на пяць ачкоў апярэдзіўшы "сярэбраную" фіналістку Рэйчэл Траетс з Нідэрландаў (103). Адметна тое, што суаўтарам "Саndу musіс" стаў знакаміты грузінскі кампазітар Георг Кукніянідзэ - аўтар песні пераможцаў дзіцячага "Еўрабачання-2008" гурта Бзікебі, а таксама аўтар песні грузінкай спявачкі Марыям Кахелішвілі на мінулагоднім конкурсе.
"Саndу" - гэта пяць дзяўчат ад 10 да 15 гадоў: Ірына Хечанаві (10 гадоў), Марыям Гваладзэ (14 гадоў), Ана Ханчалян (15 гадоў), Гванца Санеблідзэ (13 гадоў), Ірына Каваленка (14 гадоў).
- Дзяўчаты з Грузіі - малайцы, - прызналася Лідзія Заблоцкая ў інтэрв'ю "БелТА" пасля фіналу. - У іх яркія галасы, яркія тэмбры і песня сапраўды неардынарная. І першае месца - вартае. Тым больш што мы вельмі моцна з імі пасябравалі. Нідэрланды таксама падабаюцца. Але я і адчувала, што апынуся ў тройцы, - мы, відаць, зачапілі Еўропу з "Анёламі дабрыні". Але я лічу, што ўсе песні былі вартыя перамогі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.