Лікбез ад рэжысёра

13.03.2015

"Звязда"

З 15 сакавіка ў праграме "Культпрасвет" тандэм вядучых зменіць састаў. Замест Андрэя Мукавозчыка пра найбольш цікавыя фільмы, музычныя праграмы і тэатральныя пастаноўкі канала "Беларусь 3" гледачам на пару з Аляксандрам Дамарацкім будзе расказваць вядомы тэлерэжысёр, сцэнарыст Сяргей Кацьер.

Кацьер - асоба на айчынным тэлебачанні знакавая і дасведчанаму ў культурніцкай сферы тэлегледачу добра знаёмая: менавіта ён з’яўляецца аўтарам такіх папулярных у свой час праграм, як "Тэлевізійны Дом кіно", "Час кіно", "Кінавёрсты", а таксама сцэнарыстам і рэжысёрам мноства дакументальных фільмаў-партрэтаў пра вядомых дзеячаў культуры. Да прыкладу, летась дакументальны фільм пра Мікалая Бурляева атрымаў Гран-пры Міжнароднага кінафоруму "Залаты Віцязь".

"Па шчырасці, я адчуваю сябе досыць упэўнена ў гэтай праграме, што называецца - на сваім месцы, - зазначае сам рэжысёр. - Да таго ж прыемна працаваць у дуэце з такім знаўцам гісторыі беларускай культуры, як Аляксандр Дамарацкі". Адзначым, што тэматычных змен, прынамсі ў найбліжэйшы час, у праекце не адбудзецца.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.