Кумiр, дабi мяне танцам

12.02.2010
"Звязда", 12 лютага 2010 г.


Напярэдаднi Дня закаханых на Першым канале стартуе трэцяя частка праекта Зорныя танцы - мужчынскi сезон
Да таго ж, дададзiм, гэты сезон атрымаўся самы iнтэрнацыянальны: на паркет выйдуць расiянiн з беларускiмi каранямi Алекс (да ўдзелу ў шоу яго падштурхнулi прадзюсары, убачыўшы беларускiя "танцы" па спадарожнiкавым тэлеканале), абсалютная чэмпiёнка Грузii па спартыўных танцах Мзiя Арвелашвiлi (яна выйшла замуж за беларуса i пераехала жыць у нашу краiну), а таксама кенiец Ацiена Бернард - вопытны акрабат i факiр, якi працуе ў Белдзяржцырку, будзе танцаваць у пары з "Мiс Мiнск-2009" Марыяй Кубраковай.

Акрамя таго, на танцпляцоўцы ў мужчынскiм сезоне мы ўбачым салiста гурта "Litesound" Дзмiтрыя Каракiна i лiдара гурта "Дразды" Вiталя Карпанава, акцёра Рэспублiканскага тэатра беларускай драматургii Андрэя Бiбiкава, тэлевядучых Аляксандра Дудзiка i Паўла Шастакова, баксёра Вадзiма Мязгу, спевака i аранжыроўшчыка Сашу Нема. Гэты спiс павiнен быў дапоўнiць спявак Дзядзя Ваня, але пасля першых жа трэнiровак з праекта ён выбыў - пацягнуў спiну, i арганiзатары выбралi са складзенага загадзя спiсу дублёраў баянiста-вiртуоза Паўла Неўмяржыцкага. Цягам некалькiх тыдняў пад кiраўнiцтвам вопытных харэографаў, якiя працавалi ў першым сезоне "Зорных танцаў", хлопцы спасцiгалi азы танцавальнай навукi, развучвалi рознай складанасцi па i шукалi ўзаемаразумення з партнёркамi. Наколькi iм гэта ўдалося, будзе бачна ўжо ў першым выпуску праекта, 13 лютага. А каментаваць узлёты i падзеннi ўдзельнiкаў будуць новыя вядучыя шоу - на гэты раз дзве строгiя дзяўчыны. На гэтыя месцы, дарэчы, прайшоў цi не больш строгi кастынг, чым для ўдзельнiкаў - за права весцi танцавальны марафон спаборнiчалi тэлевядучыя Святлана Бароўская, Вiкторыя Сянкевiч, Вольга Курышка, Алена Мiхайлоўская, Алiна Краўцова, спявачкi Улада, Іскуi Абалян, сёстры Груздзевы, Венера, Наталля Тамела, актрыса Вольга Няфёдава, - а перамаглi, як i на ўсiх апошнiх конкурсах прыгажосцi, дзве ўсмешлiвыя брунеткi, Алiна Краўцова i Вольга Курышка.

- Якiх зменаў чакаць гледачам у мужчынскiм сезоне? - цiкавiмся ў выканаўчага прадзюсара праекта Антона Пiменава.
- Напрыклад, зменiцца колеравая гама, афармленне студыi - яно стане больш строгiм. Грын-рум, дзе ўдзельнiкi чакаюць сваiх ацэнак, ператворыцца ў бар-кабарэ са своеасаблiвай атмасферай. Крыху памяняецца i схема шоу - парам дадуць больш часу, каб паказаць сябе, выправiць першыя памылкi, i выбываць з барацьбы яны пачнуць толькi з чацвёртай праграмы, а ў першай дык увогуле не будзе ацэнак журы.

- Не так даўно Еўрапейскi вяшчальны саюз афiцыйна паведамiў, што танцавальнае "Еўрабачанне" сыходзiць у водпуск i сёлета ў Баку гэты конкурс не адбудзецца. У сувязi з гэтым давядзецца прапаноўваць пераможцам праекта нейкi iншы прыз...
- Безумоўна. Мы плануем напрыканцы сезона правесцi так званую бiтву лепшых, "Кубак выклiку", дзе сыдуцца лiдары i самыя яркiя ўдзельнiкi ўсiх трох частак праекта, i пераможцам Белтэлерадыёкампанiя ўручыць пэўны важкi прыз. Ужо ёсць некалькi варыянтаў, што гэта будзе за ўзнагарода, але да канца мы пакуль што не вызначылiся.

Арганiзатары шоу адзначаюць, што "зорным" мужчынам трэнiроўкi даюцца, з аднаго боку, лягчэй - ва ўсiх неблагая фiзiчная падрыхтоўка, на нагрузкi нiхто не скардзiцца, а з iншага, цяжэй - з-за меншай пластычнасцi, "касалапасцi". Скажам, майстар спорту мiжнароднага класа баксёр Вадзiм Мязга даволi цяжка пераходзiў ад "касалапай" байцоўскай стойкi да правiльнай пазiцыi - але яго, паводле ўласнага прызнання, натхняе прыклад Косцi Цзю, якi здолеў паказаць на лёдзе вышэйшы пiлатаж. "Увогуле, у мяне ёсць танцавальны вопыт - на рынгу шмат давялося паскакаць, - жартуе Вадзiм. - Але пасля некалькiх заняткаў я зразумеў, што для засваення ўсiх па трэба патрацiць не менш часу, чым у зале барацьбы цi бокса".

Спеваку i кампазiтару Алексу таксама давялося перавучвацца - з хiп-хопа, якiм хлопец захапляўся раней, на венскi вальс. "Усё трэба рабiць з дакладнасцю наадварот: прамыя ногi, прамая спiна - я доўга не мог да гэтага прызвычаiцца, - прызнаўся артыст. - Але калi разоў 25 па спiне стукнуць - атрымлiваецца. Добра, што ў маёй партнёркi Iрыны Казанцавай хапае на ўсё цярпення, а ў мяне - упартасцi i амбiцый".

Але, пэўна, цяжэй за ўсiх даводзiцца Паўлу Шастакову. Ва ўсякiм разе, менавiта такое ўражанне ў нас склалася на трэнiроўках удзельнiкаў: Паўла, як нiкога iншага, выкладчыкi пастаянна папраўлялi: "Дзе ў цябе нага? А плячо? А гэта што - жывот?" - "Ну так, ён у мяне адсюль расце", - аджартоўваўся тэлевядучы, паўтараў рухi яшчэ i яшчэ раз, потым вiдавочна злаваўся i... усё атрымлiвалася.

- Пасля таго, як вы былi вядучым мiнулага сезона "Зорных танцаў" i зведалi, што жыццё на паркеце - не цукар, як вас угаварылi пераквалiфiкавацца ва ўдзельнiкi? - не ўтрымлiваюся ад пытання.
- Сам напрасiўся. Проста ў адным з шоу адна з дзяўчат сказала: "Вось ты ўсё ходзiш, усмiхаешся - а паспрабуй сам ча-ча-ча станцаваць". Я падумаў i вырашыў, што трэба паспрабаваць, хоць танцавальнай падрыхтоўкi не было, i хоць пара ў нас падабралася - агонь: яна грузiнка, я яўрэй... Я па-грузiнску вывучыў усяго пару слоў: хаш, хачапуры i "гэй, да Кiеўскага давязi", а Мiка дрэнна разумее па-руску (партнёрка пагражае кулаком. - Аўт.), таму даводзiцца неяк шукаць агульную мову. I думаць, чым мы зможам уразiць гледачоў. Спадзяюся, нам дапаможа тое, што мы вельмi розныя, што я сцiплы i таленавiты, а Мiка - прафесiйная танцорка (смяюцца).

- Акрамя некалькiх трэнiровак у дзень, цi даводзiцца iсцi на нейкiя ахвяры - напрыклад, сесцi на дыету?
- Не даводзiцца. Дарэчы, гэта хлусня, што я сядзеў на дыеце, каб удзельнiчаць у праграме. Проста з такiм рэжымам трэнiровак лiшняя вага сама губляецца, хоць апетыт нiкуды не падзеўся. А з астатнiм мы спраўляемся самi, хоць самастойныя трэнiроўкi ў нас часам праходзяць лепш, чым пад наглядам педагогаў.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.