Культурная поліфанія

29.06.2015

 "Культура"

Такую акцыю мы ладзілі летась у Гродне і набылі з гэтай нагоды пэўны досвед. У Брэсце нашым партнёрам выступіла абласная філармонія, адпаведна акцыя сталася сумеснай: гэта дазволіла правесці імпрэзу і канцэрт у вялікай зале ды не плаціць за арэнду, а таксама задзейнічаць партнёраў праз удзел іх камернага аркестра, якім дырыжыраваў Вячаслаў Прылепін. Выступіў на прэзентацыі і брэсцкі ансамбль “Крэсіва”, а мы прывезлі фотавыстаўку Марыны Бацюковай, якая паказвала тое, што адбываецца “за кулісамі” эфіру.

Канцэрт з’яднаў сяброў, што супрацоўнічаюць з каналам. Гэта, апроч названых, спявачка Дзіна Трухан-Багданава, піяністка Таццяна Старчанка з “Класік-джаз-трыа” і незапланаваны ўдзельнік, слухач канала Эдуард Ханок, народны артыст Беларусі, які дзяцінства правёў у Брэсце. У рамках прэзентацыі праекта для дзяцей “Мэры Попінс” выступілі юныя Саша Няхай і Вікторыя Эскіна. Зразумела, што на сцэну выходзілі рэдактары ды вядучыя перадач, так, вершы прачытаў рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі… Апроч канцэрта ладзілі экскурсію для нашых супрацоўнікаў па горадзе, а таксама сустракаліся з творчымі калектывамі, асобнымі выканаўцамі, кіраўнікамі ўстаноў культуры для запісу спецпраекта “Тыдзень Брэста на канале “Культура”.

Зала ў Брэсце была запоўнена недзе на 80 - 90 працэнтаў. Каб столькі гледачоў сабраць, былі падключаны пэўныя рэсурсы. І вось з гэтай акалічнасці можна рабіць высновы, што не заўсёды статус культурнай сталіцы сыходзіць з унутранага самаадчування гараджан.

Канал “Культура” можа пахваліцца тым, што гэта своесаблівы асяродак, дзе падтрымліваецца найперш нацыянальная культура, а потым - усё астатняе. Не хапае, аднак, нягледзячы на пачэсную нішу ў радыёэфіры, ці то папулярнасці, ці то рэкламы. А мо і таго, і другога, бо гэта ўзаемазвязаныя рэчы. І мне часам крыўдна, што наш рэйтынг не можа канкурыраваць з тымі, хто нічога не дае для развіцця асобы, працуючы выключна дзеля забавы. Беларускі канал “Культура”, дарэчы, стаў першым сярод падобных на постсавецкай прасторы з такой назвай і такім фарматам. Потым былі Масква і Кіеў.

Мы рэальна ацэньваем патэнцыял і ставім рэальныя задачы. Маем для каго працаваць, каго выхоўваць, каму дапамагаць вызначыцца з прыярытэтамі. І дубляваць расійскія каналы не збіраемся. Асабіста я зыходжу з таго, што канал “Культура” беларускі і мае працаваць па-беларуску. Я за тое, каб намі прасоўваліся нацыянальныя мастацкія здабыткі. Але ж культура - гэта не толькі звыклае асяроддзе, у якім ты знаходзішся стала, але і вельмі шырокая прастора, дзе можна заўсёды адкрываць штосьці новае. Скажам, цікава праз сваю культуру адкрываць і чужую, са свайго гледзішча бачыць, як там у іх. Карацей, я за культурную поліфанічнасць!

Ну а зараз працуем над праектам да 1030-годдзя Заслаўя, якое будзе адзначацца ў жніўні. Мы падалі праект на два канцэрты. А з верасня запускаем Рэспубліканскі конкурс сучасных п’ес для радыётэатра, па выніках якога ў наступным верасні будзе выбрана п’еса, якую паставім да 15-годдзя канала “Культура”.