"Культура" ў FM-дыяпазоне

18.10.2003
"Звязда", 18 кастрычніка 2003 г.


Канал "Культура" быў створаны на Беларускiм радыё i пачаў сваё вяшчанне ўсяго няпоўныя два гады назад. За гэты даволi невялiкi час "Культура" ўжо знайшла сваiх прыхiльнiкаў i пастаянных слухачоў. Канал паслядоўна прытрымлiваецца сваёй асноўнай канцэпцыi - папулярызуе лепшыя дасягненнi нацыянальнай i сусветнай лiтаратуры i музыкi. З 1 кастрычнiка яго пазыўныя сталi чуваць i на FM-хвалях. Навiна, канешне, для канала значная, але цi радасная? Канкурэнцыя на FM-хвалях традыцыйна вялiкая. Радыёстанцыi адна перад адной стараюцца чым заўгодна прыцягнуць увагу слухача. Цi ўдасца "Культуры" знайсцi сваiх новых прыхiльнiкаў i пры гэтым застацца сярод "папсовых" станцый па-ранейшаму стрыманай i iнтэлiгентнай? Кацярына АГЕЕВА, дырэктар "Культуры", упэўненая, што ў канала ўсё атрымаецца:

- За два гады работы наш канал, вядома ж, не стаяў на месцы, пастаянна ўдасканальваўся i развiваўся, у тым лiку i маючы на мэце перспектывы з’яўлення ў FM-дыяпазоне. Захоўваючы канцэптуальнасць пазiцыi, мы старалiся зрабiць эфiр канала сучасным па стылi падачы матэрыялу. Буйныя эфiрныя блокi праграм вядуць вопытныя мадэратары, гучыць шмат музыкi, кожныя дзве гадзiны выходзяць выпускi навiн культуры. Карацей, лiчу, што наш эфiр дастаткова дынамiчны, каб прываблiваць маладога слухача, i разам з тым у меру кансерватыўны, каб не адпужваць больш сталую аўдыторыю. Вядома, тое, што на канале гучыць сур’ёзная музыка, вядуцца глыбокiя размовы, гучаць вершы i шмат увагi ўдзяляецца нацыянальнай культуры, дысанiруе са зместам большасцi FM-станцый. Але мне здаецца, што гэта хутчэй iх праблема. Тым больш, што выйшла б "Культура" ў FM-дыяпазон цi не, - наш слухач нас ужо знайшоў i палюбiў, пра што сведчаць апошнiя рэйтынгi. Аднак новым прыхiльнiкам, што далучацца да канала "Культура" iменна на FM-хвалях, мы будзем асаблiва рады.

- Магчыма, для iх, як i для даўнiх ужо прыхiльнiкаў, вы падрыхтавалi нешта "новенькае"?

- Што да праектаў, якiя мы прымяркоўвалi спецыяльна для патэнцыяльных слухачоў канала ў FM-фармаце, гэта ў першую чаргу iнтэрактыўныя канцэрты, падчас якiх слухачы могуць павiншаваць сваiх сяброў i родных або проста паразмаўляць з вядучымi прамога эфiру на нейкую зададзеную тэму...

- Але ж гэта практыкуюць амаль усе радыёстанцыi...

- Адрозненне ў тым, што тэмы, якiя прапануем для гутаркi мы, даволi сур’ёзныя i ўзвышаныя, ды i музычныя творы ў падарунак падбiраюць музычныя рэдактары з добрым густам, i "Мадам Брошкiна", напрыклад, нашым слухачам не пагражае. Павiнна спадабацца прыхiльнiкам FM-фармату, мне здаецца, i наша рубрыка "Бестселер" - кожны будны дзень у 14.10 беларускiя акцёры ў прамым эфiры чытаюць папулярныя лiтаратурныя творы. Часцей за ўсё гэта выдатныя ўзоры дэтэктыўнай, прыгоднiцкай лiтаратуры i фантастыкi.

Цi знайшла "Культура" сваё месца на новых хвалях - меркаваць пакуль рана. Слова за часам i, галоўнае, - за слухачамi. Тым жа, хто хоча далучыцца да iх слаўнай кагорты, нагадваем "каардынаты" канала "Культура" ў FM-дыяпазоне сталiцы i вобласцi - 102,9.

Алена ЛЯЎКОВIЧ.