Куды ўзляціць беларускі "Сокал"?

14.11.2014
"Звязда", 14 лістапада 2014 г.

 
Ужо заўтра на Мальце пройдзе чарговае дзіцячае "Еўрабачанне". Нашу краіну на ім прадстаўляе 14-гадовая мінчанка Надзея Місякова з беларускамоўнай песняй "Сокал", якой, паводле лёсавання, выпала адкрываць конкурс.
Услед за беларускай выйдуць на сцэну прадстаўнікі Балгарыі, Сан-Марына, Харватыі, Кіпра, Грузіі, Швецыі, Украіны, Славеніі, Чарнагорыі, Італіі, Арменіі, Расіі, Сербіі, Мальты і Нідэрландаў. Праўда, дакладней будзе сказаць - прадстаўніцы, бо сёлетні дзіцячы конкурс як ніколі дзявочы: 15 краін-удзельніц выбралі сваімі музычнымі дэлегатамі менавіта дзявочыя трыа і дзяўчат-салістак. Па сутнасці, хлопец-спявак на сцэне будзе толькі адзін - прадстаўнік краіны-дэбютанткі Італіі Вінчэнца Канціела.
Другая адметнасць шоу гэтага года - у месцы яго правядзення. Сцэнічная пляцоўка Malta Shіpbuіldіng знаходзіцца ў горадзе Марса, у індустрыяльнай зоне недалёка ад сталіцы Мальты Валеты. Збудаванні агульнай плошчай у 30 тысяч квадратных метраў раней выкарыстоўваліся для захоўвання марскіх грузаў, а цяпер пераабсталяваны пад канцэртную залу з 3300 сядзячымі месцамі для гледачоў і яшчэ 800 - у фан-зоне перад сцэнай.
Яшчэ адна цікавінка, якой абяцаюць здзівіць гледачоў арганізатары дзіцячага "Еўрабачання" - спецыяльныя відэапаштоўкі паміж конкурснымі нумарамі. Невялічкія, усяго па 40 секунд, сюжэты не толькі прадставяць кожнага ўдзельніка, але таксама пазнаёмяць з гістарычнымі месцамі Мальты і сучаснымі экстрэмальнымі відамі спорту, уключаючы, напрыклад, катанне на водных лыжах, мотакрос, дзюльфер (хуткасны спуск па вяроўцы на крутых сценах) і зіплайн (своеасаблівае катанне на жалезных тросах над расселінамі, ярамі і г.д.).
Як адзначыла ў анлайн-дзённіку конкурсу беларуская ўдзельніца, першыя ўражанні ад Мальты ва ўсёй нашай дэлегацыі самыя пазітыўныя, а сваім парадкавым нумарам дзяўчына вельмі задаволена. Дарэчы, "Сокал" Надзеі Місяковай ужо прагучаў тут шмат разоў, не толькі на папярэдніх рэпетыцыях, але таксама на спецыяльных "Уроках дружбы", падчас якіх усе канкурсанты сустракаюцца з мальтыйскімі школьнікамі. У падарунак новым сябрам з іншых краін беларусы прывезлі адмысловыя сувеніры, у тым ліку галаўны ўбор у этнічным стылі, падчас вырабу якога, як жартуе Надзея Місякова, "ніводны сокал не пацярпеў".
Усяго ж у складзе дэлегацыі Беларусі 16 чалавек: сама юная артыстка і чатыры дзяўчынкі з балета, педагог па вакале, урач-фаніятр, харэограф, рэжысёр, стыліст, прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі.
Дарэчы, каментаваць сёлетні конкурс будзе спецыяльны карэспандэнт аддзела замежнай інфармацыі АТН Анатоль Ліпецкі, а абвесціць вынікі галасавання ад нашай краіны 11-гадовая мінчанка Кацярына Таперкіна. Паглядзець жа на дзіцячае "Еўрабачанне-2014" і звонку, і знутры можна будзе не толькі ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1", але і на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by. Усё, што засталося за кадрам, адлюструе анлайн-дзённік "Шлях на Мальту".

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.