Ксенія Сітнік стане вядучай дзіцячага "Еўрабачання"?

12.08.2010
"Звязда", 12 жніўня 2010 г.

 
Белтэлерадыёкампанія скончыла кастынг на ролю вядучых дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2010". Арганізатары атрымалі больш за сто заявак з усёй Беларусі.
Найбольшую цікавасць да ўдзелу праявілі студэнты і школьнікі старэйшых класаў з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы. У ліку зорных імёнаў - Вольга Барабаншчыкава, а таксама былыя ўдзельніцы гэтага конкурсу Вольга Сацюк і Ксенія Сітнік.
Як патлумачылі "Звяздзе" ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, найбольшая колькасць заявак паступіла з Мінска і Мінскай вобласці, ад найбольш актыўнай моладзі да 30 гадоў.
- Свае анкеты нам дасылалі нават выхадцы з Беларусі, якія цяпер знаходзяцца за мяжой, - кажа прэс-сакратар дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2010" Вольга Саламаха. - У прыватнасці, заяўка беларускай студэнткі з Грэцыі, якая заканчвае там сваю стажыроўку.
Як растлумачыла Вольга Саламаха, сярод ста заявак арганізатары выбралі некалькі дзясяткаў лепшых. На працягу месяца кандыдаты на ролю вядучых будуць запрошвацца на сумоўе непасрэдна. І тут ім давядзецца дэманстраваць не толькі выдатнае валоданне англійскай ці французскай моў, але і сваё ўменне трымацца на сцэне, працаваць у кадры і імправізаваць.
Усіх кандыдатаў запішуць на відэа, якое затым будзе праглядаць экспертная камісія. Менавіта яна і агучыць свой вердыкт у верасні. Папярэдне з ліку прэтэндэнтаў плануецца выбраць лепшага альбо лепшых.
Як сцвярджаюць арганізатары, некаторых удзельнікаў кастынгу плануецца запрасіць для працы ў праекце ў якасці перакладчыкаў, менеджараў і валанцёраў.
Увогуле, паводле слоў Вольгі Саламахі, цалкам магчыма, што на ролю вядучых праз некаторы час будзе арганізаваны яшчэ адзін кастынг.

Ілья ЛАПАТО.