Ксенія Дзюкава: "Каб рабіць усё, як трэба, вучылася на памылках іншых"

20.12.2013
"Звязда", 20 снежня 2013 г.


Жанчына, якая дасягае поспехаў, не можа разлічваць на абыякавасць. Тым больш, калі яна мае талент рэалізаваць сябе не толькі ў кар'еры, але і ў асабістым жыцці. З такіх і Ксенія Дзюкава. Сёння яна працуе вядучай у "Добрай раніцы, Беларусь!" на канале "Беларусь 1", з'яўляецца правай рукой у прадзюсарскім цэнтры свайго мужа Дзмітрыя Фаміча і адчувае сябе цалкам шчаслівай.

- З чаго пачалася ваша праца на тэлебачанні?
- Усё пачалося з кліпа "Фіеста", які мы зрабілі сумесна з групай "Чук і Гек". Я знялася ў ім, і кліп аднеслі на "МТV Мінск", быў тады ў нас такі канал. А там якраз шукалі дзяўчыну на роль вядучай. Многія пабывалі на кастынгу: наколькі я ведаю, адабралі каля тысячы прэтэндэнтак. Але заснавальнік, убачыўшы мяне ў кліпе, сказаў: рабіце што хочаце, але гэтая дзяўчына павінна быць нашай вядучай. Я ж аб прафесіі тэлевядучай для сябе нават не задумвалася ніколі. Сустрэліся з прадзюсарам канала Валікам Грышко на вуліцы, паразмаўлялі некалькі хвілін - і мяне зацвердзілі. Праз два дні ў мяне было першае інтэрв'ю з Філіпам Кіркоравым. Пасля яго ўсё і закруцілася...Так я стала вядучай рэйтынгвай праграмы "News-BLOCK" і першым віджэем у гісторыі беларускага МТV.

- З якімі пачуццямі працавалі на першых эфірах?
- Дакладна не было хвалявання і скаванасці, бо перад камерай на той момант я стаяла не ўпершыню. Безумоўна, здараліся сітуацыі, калі я разумела: многаму давядзецца навучыцца. Але ж да таго часу я ўжо не першы год "варылася" ў шоу-бізнесе. З першых дзён у ім - сёння гэта ўжо 13 гадоў - я была менеджарам групы "Чук і Гек". Ездзіла з імі на ўсе інтэрв'ю, здымкі. І менавіта так я асвоіла аснову майстэрства вядучай - ведала, як рабіць нельга. Бо калі прывозіш артыста, то цудоўна разумееш, што ён павінен расказаць тым людзям, якія рыхтуюць з ім інтэрв'ю. Я вучылася на памылках іншых, каб рабіць усё, як трэба, з самага пачатку.

- Зараз вы працуеце ў праграме "Добрай раніцы, Беларусь!". Адчуваеце рост?
- Для мяне "Добрай раніцы, Беларусь" - гэта новы этап у працы вядучай. Таму што пасля МТV у мяне былі яшчэ два праекты на БелМузТБ - "Fresh-новости" і "Lіght TV" - праграмы цікавыя і розныя па сваім змесце, але яны рабіліся ў запісе. А "Добрай раніцы, Беларусь!" выходзіць у прамым эфіры, і ад гэтага я атрымліваю найбольш задавальнення. Тут ад вядучых патрабуецца высокі ўзровень майстэрства. У нашай прафесіі прамы эфір - гэта вышэйшы пілатаж. І, разумеючы, што можаш так працаваць, атрымліваеш ад працэсу радасць: такія пачуцці ні з чым не параўнаць.

- Як пачынаецца ваш дзень?
- У мяне часам бывае так, што дзень проста не заканчваецца, а плаўна пераходзіць у працоўную раніцу. Бо я не магу заснуць, калі напярэдадні адбылося нешта, ад чаго ў мяне застаецца шмат эмоцый. А класціся спаць неабходна, тады ты больш сканцэнтраваны на эфіры. Але ўжо як атрымліваецца... Прачынаюся я а трэцяй гадзіне: трэба сабрацца, кавы папіць для бадзёрасці і паехаць на здымачную пляцоўку. Праца пачынаецца ў пяць гадзін раніцы.

- Перад самім эфірам неяк настройваецеся?
- У нас ёсць традыцыйны жэст. (Дэманструе: пляск у далоні, расціранне і здзьмухвае, нібы паветраны пацалунак. - Аўт.) І нам ён прыносіць удачу.

- Маючы вопыт сольнай працы ў эфіры і ў пары, ці адчуваеце для сябе розніцу?
- У мяне ёсць адна бяда - тое, што я вельмі эмацыйны чалавек. І, як вынік, часам магу сабой "перакрываць" партнёра. Вельмі камфортна мне было працаваць у тандэме з Ільёй Конанавым. Не магу нават растлумачыць прычыны, але мы настолькі адно аднаго разумелі, што стваралі гарманічнае спалучэнне ў кадры. Нават мае калегі, хто бачыў нашу працу, кажуць пра гэта. І дагэтуль ні ён, ні я не змаглі ні з кім так спрацавацца. У праграме "Добрай раніцы, Беларусь!" у нас эфірны дуэт з Аляксандрам Паўлавым, аднак наша пара ўтварылася не натуральна. Калі я прыйшла на праграму, ён ужо працаваў там. І нас проста аб'ядналі. Я ўся такая вясёлая дзяўчына, а Саша больш сур'ёзны і спакойны, таму мы іграем на кантрастах. З ім мне вельмі падабаецца працаваць, ад яго я многаму навучылася, што датычыцца працы ў прамым эфіры. Сольна мне таксама добра. Тут, як мне здаецца, галоўнае - калі ты ўмееш працаваць, то незалежна ад таго, адна ты ці з кімсьці перад камерай, вынік будзе аднолькава выдатным. Перад табой ставяць задачу, і ты павінен выканаць яе, а не дыктаваць свае ўмовы, як табе лепш. Вядучы павінен працаваць на тое, каб гледачы атрымлівалі пазітыў.

- Ад чаго вы атрымліваеце зарад станоўчых эмоцый?
- Як гэта ні дзіўна, але апошнім часам найбольш задавальнення я ятрымліваю ад сну. Магчыма, гэта навеяна тым, што апошнія месяцы працы вельмі шмат. Але я люблю тое, чым займаюся. Ведаеце, кажуць: "Знайдзі хобі і зрабі яго сваім заняткам па жыцці, тады не давядзецца працаваць ніводнага дня". Кожны дзень на працу я іду як на свята, аднак, безумоўна, бываюць моманты, калі хочацца аднавіць сілы. Такога ж, каб я з жахам думала пра новы дзень, у мяне не бывае.
У мяне ёсць мае любімыя артысты, прасоўваннем якіх я займаюся. І калі ты па крупінках прадумваеш і ствараеш іх вобраз, а потым бачыш іх на сцэне, то адчуваеш пачуццё гонару. Такога не бывае нават у тыя хвіліны, калі сам аказваешся на сцэне. Для мяне найбольшае задавальненне - гэта бачыць плён уласнай працы.

- Вы не першы год у шоу-бізнесе. Ці ўдалося вывесці нейкую формулу поспеху ў прасоўванні артыстаў?
- Тут ёсць два варыянты. Першы і прасцейшы - рабіць якасны прадукт, не шкадуючы сіл, грошай і эмоцый. Якасць павінна быць ва ўсім, пачынаючы ад музычнага матэрыялу і заканчваючы падачай сябе. У любым праекце мусіць прысутнічаць ідэя. Калі выпускаеш артыста на сцэну, то трэба разумець, што гэта за чалавек. Такі шлях вам назаве любы прадзюсар. Вынік працы залежыць ужо ад здольнасцяў. Другі варыянт - быць не падобным на ўсіх астатніх. Тут трэба быць гатовым пайсці насуперак усяму, што робяць іншыя. Я прыхільніца больш складаных шляхоў. У нашай краіне, на жаль, аўдыторыя часцей за ўсё не прымае беларускае. Як правіла, пра сваіх мы пачынаем узгадваць тады, калі іх заўважаюць у Расіі альбо ва Украіне. Але прыемна бачыць, што часам усё ж звяртаюць увагу і на айчынны прадукт.

- Як ставіцеся да нядобразычлівасці ў свой адрас?
- Я проста раблю сваю справу і менш за ўсё думаю пра тое, як на маё існаванне нехта рэагуе. Нават сваім артыстам я кажу: трэба быць гатовым да таго, што нехта будзе незадаволены вашымі поспехамі. Гэта нармальная рэакцыя людзей, якія не адбыліся ў жыцці. А ў нас шмат такіх. Варта некаму выбіцца ў лідары - адразу пачуеш дрэнныя водгукі, і яны тлумачацца толькі чалавечай незадаволенасцю ўласным жыццём. Я разумею, што і ў дачыненні да таго, чым я займаюся, можа быць рознае стаўленне. Але што ж рабіць - не магу я падабацца ўсім...

Алена ДРАПКО.