Крэатыўныя і пазітыўныя

12.06.2015

"Звязда"

Пачынайце дзень у кампаніі новых вядучых "Тэлераніцы".

З надыходам лета ў праграме "Тэлераніца" на канале "Беларусь 2" з’явілася новая пара вядучых. Цяпер радаваць гледачоў будуць Вольга Жураўлёва і Арцеміс Ахпаш.

Вольга - актрыса, спявачка, модны дызайнер, спартсменка - вядомая аўдыторыі як удзельніца розных музычных праектаў. Таксама дзяўчына паспела зняцца ў папулярным расійскім тэлесерыяле "Вяртанне Мухтара 2".

Дзяўчыну, жыццёвае крэда якой "сёння мы лепшыя, чым учора", радуе новая магчымасць пачынаць дзень з крэатыўнай і пазітыўнай камандай праграмы "Тэлераніца". І новая вядучая спадзяецца, што агульнымі намаганнямі яны змогуць зрабіць кожную новую раніцу для беларусаў яшчэ лепшай. "Я ўдзячна тэлеканалу "Беларусь 2" за магчымасць з’яўляцца на экране штораніцы ў кожным доме".

Арцеміс Ахпаш - беларус з грэчаскімі каранямі, прафесійны вядучы, дыктар, шчаслівы бацька і муж. Запомніўся і спадабаўся многім гледачам, калі выступаў у якасці бэк-вакаліста на конкурсе песні "Еўрабачанне", дзе "ўзмацняў" галасы беларускіх удзельнікаў Юзары і Тэа падчас іх выступаў. У размове пра любімую працу Арцеміс адзначыў, што прыемна стаць вядучым праграмы "Тэлераніца", таму што менавіта фармат ранішняга забаўляльнага праекта яму найбольш імпануе. Стаўленне да жыцця ў харызматычнага грэка заўсёды аптымістычнае. А яшчэ ён марыць агучыць мультфільм. Сярод яго захапленняў таксама спорт, чытанне і падарожжы.

Кіраўніцтва канала ўпэўнена, што новая пара вядучых спадабаецца гледачам і яны з задавальненнем будуць пачынаць свой дзень у кампаніі Вольгі Жураўлёвай і Арцеміса Ахпаша.