"Кожны чалавек павінен дакрануцца да мастацтва"

23.05.2014
"Звязда", 23 мая 2014 г.

 
Ён з юнацкіх гадоў быў настойлівым, амбіцыёзным і прынцыповым. Як паказаў час, гэта дазволіла не адхіліцца ад курсу, які быў яму наканаваны. Алег Лукашэвіч сёння вядомы не толькі як журналіст, які першым пабываў на Канскім кінафестывалі ў 1996 годзе, але таксама ён рэалізоўвае сябе як рэжысёр, фатограф і выдавец. Тэлевізійныя праекты "Эпоха", "Наша спадчына", інтэрв'ю з мэтрамі рэжысуры і акцёрскага майстэрства - толькі часткова ілюструюць зробленае гэтым чалавекам. А дадайце сюды выданне альбомаў "Спадчына Беларусі", "Скарбы Беларусі" (агульны тыраж выдання амаль за дзесяцігоддзе складае 42 500 экзэмпляраў). Згадзіцеся, тут ёсць падставы для гонару. Аднак Алег працягвае творчыя пошукі, прыдумвае новыя ідэі і па-ранейшаму трымаецца ў цені: маўляў, учынкі больш гавораць пра мужчыну. Пры сустрэчы ён расказаў, што засталося за кадрам новага праекта, чым адорвала яго жыццё і якіх сюрпрызаў ад яго можна чакаць.

- 24 мая на канале "Беларусь 1" пачнецца прэм'ерны паказ дакументальнага цыкла "Мастакі Парыжскай школы. Ураджэнцы Беларусі". Раскажыце, што засталося за кадрам?
- Гэты праект даследчы, таму за кадрам засталося шмат інфармацыі і ўражанняў. Мы вывучалі архіўныя матэрыялы, сямейныя архівы сваякоў нашых герояў, кінахроніку. Але былі абмежаваны ў некаторых выпадках. Першае: кожны фільм доўжыцца 26 хвілін, і ў такі адрэзак часу складана ўставіць усё. Калі ў 2005 годзе я рабіў фільм пра Марка Шагала, то там было чатыры серыі па 26 хвілін, што дазволіла сапраўды маштабна расказаць пра мастака. З сынам Марка Шагала на гэты раз было інтэрв'ю, якое доўжылася больш за гадзіну, а ў фільме выкарысталі цытаты два разы па некалькі хвілін. Таму, безумоўна, шмат матэрыялу засталося за кадрам. Другое: мы знайшлі шмат кінахронікі ў французскіх архівах, якая датычыцца нашых мастакоў. Там цікавыя інтэрв'ю ёсць.
Аднак цана на выкарыстанне матэрыялаў аказалася надта высокай, а ў бюджэце мы не прадугледжвалі такіх выдаткаў. Плюс, калі там браць нешта, то ёсць абмежаванні на магчымы тэрмін выкарыстання - год ці пяць, а потым давялося б дамоўленасці працягваць. Гэта не самы зручны варыянт, таму вырашылі адмовіцца ад яго пакуль што наогул. Магчыма, праект будзе мець яшчэ нейкі працяг і развіццё - тады зможам па-іншаму падаць свае знаходкі. Калі казаць пра ўражанні, то іх таксама шмат. Сустрэча з сынам Шагала адбывалася ў яго доме, дзе можна ўбачыць работы Пікаса, Радэна і Шагала. І вось ён паказвае нам вялізную акварэль, дзе намаляваны ён з маці і бацькам у фантастычным шагалаўскім свеце. І расказвае, што гэтая праца для яго з'яўляецца напамінам пра дзяцінства... І такіх момантаў безліч.

- Ужо не над адным праектам вы працуеце ў творчым тандэме з Аляксандрам Аляксеевым. Ці камфортна суіснаваць з кімсьці прафесійна?
- Мы пачалі супрацоўнічаць з Аляксандрам яшчэ ў 2001 годзе ў праекце "Наша спадчына". Тады мы былі першыя на тэлебачанні, хто пачаў займацца тэмай архітэктурнай спадчыны так маштабна. І той вопыт паказаў, што мы супалі ў многіх поглядах. Па адукацыі Саша эканаміст, аднак скончыў у свой час мастацкую школу ў Слуцку, займаўся жывапісам, таму тэма, над якой мы працавалі, яму была знаёмай. У нашым тандэме, калі я гляджу на ўсё больш творча, то мой калега мае аналітычны розум, і мы дапаўняем адзін аднаго ў распрацоўцы і абмеркаванні матэрыялу. Як кажуць, адна пара вачэй добра, а дзве - яшчэ лепш. Безумоўна, здараюцца і спрэчкі, але ж так і нараджаецца ісціна. Калі творца адзін, то яго меркаванне суб'ектыўнае.

- Што адчувалі, паглыбляючыся ў біяграфіі вялікіх мастакоў?
- Я заўсёды імкнуся працаваць над тым, што мне падабаецца. Пры зацікаўленасці ў працы і вынік атрымліваецца добры. Таму кожная біяграфія, якую мы выбіраем, з'яўляецца прыкладам для пераймання. Гэтыя людзі ўнеслі значны ўклад у сусветную спадчыну ў мастацтве, навуцы і гэтак далей. Захапленне, здзіўленне, безумоўна, прысутнічаюць. Так было, напрыклад, падчас працы над фільмам пра Надзею Хадасевіч-Лежэ. Яна нарадзілася ў вёсцы Асецішча Віцебскай губерні.
Здавалася б, простая дзяўчынка з правінцыі. Але, убачыўшы ў дзяцінстве карціну Фернана Лежэ, яна настолькі палюбіла яе, што задалася мэтай паехаць у Парыж і вучыцца ў знакамітага майстра. Думкі матэрыяльныя: яна здзейсніла задуманае. З часам, стаўшы жонкай Фернана, атрымаўшы вялікую маёмасць, не растраціла яе, а пабудавала музей і падарыла яго Францыі. Так яна ўпісала сваё імя ў гісторыю. Можна па-рознаму ставіцца да яе творчасці, але такая жанчына не можа не выклікаць захаплення. Таксама яна лічыла, што кожны чалавек павінен дакрануцца да мастацтва.

- Як з'явілася ў вас мэта - пайсці ў журналістыку?
- У сям'і ў мяне ніхто не мае дачынення да гэтай прафесіі. Я нарадзіўся ў Баранавічах, але потым па працы майму бацьку (ён ветэрынар) выпала пераехаць з сям'ёй у Ваўкавыскі раён. У Ваўкавыску я скончыў сярэднюю школу. І тады, мабыць, на мяне вельмі моцны ўплыў зрабіла тое, што ў нас была магчымасць глядзець польскае тэлебачанне. Гэта былі савецкія часы, а там паказвалі свабоду і шэдэўры кіно. Я пазнаёміўся з карцінамі Бернарда Берталучы, Пітэра Грынуэя і іншых класікаў. Не тое, каб захапіўся кіно, але з'явіўся смак да іншага жыцця. Нават вывучыў польскую мову за той час. І гэта вызначыла далейшы выбар прафесіі. З восьмага класа я думаў пра тое, што буду паступаць на факультэт журналістыкі, і іншыя варыянты нават не разглядаў.

- На тэлебачанні вы з 1994 года. Аднак, наколькі мне вядома, ваша кар'ера пачыналася на радыё...
- Так, я літаральна некалькі месяцаў працаваў на радыё "Сталіца", а потым сышоў адтуль па ідэалагічных меркаваннях. Тады якраз была гадавіна Белавежскіх пагадненняў, і мне трэба было прачытаць падводку, са зместам якой я быў не згодны. То быў снежань 1994 года. Мне адкрыта сказалі: альбо я чытаю, альбо звальняюся. Выбраў апошні варыянт. Пайшоў падпісваць заяву да Рыгора Кіселя, які тады ўзначальваў Белтэлерадыёкампанію, а ён пацікавіўся прычынай майго сыходу. Тады рабіў усё без шкадавання, апіраючыся на ўласныя прынцыпы. Мне заўсёды было важна не ісці супраць уласнага сумлення. Атрымаў прапанову працаваць у Агенцтве тэлевізійных навін, якое тады стваралася.

- Сёлета будзе ўжо дваццаць гадоў з таго часу. Усведамляеце, які шлях пройдзены?
- Мы жывём ва ўнікальны час, калі растуць і развіваюцца незалежныя дзяржавы. Гады пралятаюць імкліва, але мне здаецца, быццам мне 26, хоць насамрэч ужо 42. Заўсёды лічыў, што галоўнае не лічбы, а ўнутранае самаадчуванне. Трэба быць пазітыўным чалавекам. У нашай прафесіі не абмінуць зайздрасць. Калі збіраўся ў 1996 годзе на Канскі кінафестываль, то па-новаму адкрыў для сябе людзей.
Раней быў наіўны, шчыры, верыў у людскую дабрыню, а потым убачыў, як людзі гавораць табе ў вочы адно, а за спінай дзейнічаюць па-іншаму. Тады я сціснуў зубы і сказаў сабе, што аднойчы дакажу, чаго варты. Пасля вяртання з фестывалю мне выпала ўдача паехаць у Парыж на стажыроўку, дзе я навучаўся па спецыяльнасці "Аператар і рэжысёр тэлебачання". Правесці два месяцы там, лічы, учарашняму студэнту - гэта быў сапраўдны падарунак лёсу. Я закахаўся ў Парыж.
Неяк палічыў: аказваецца, ездзіў туды ўжо больш за 50 разоў, а яшчэ не ўсё пабачыў. Дзякуючы прафесіі аб'ехаў амаль увесь свет. А цяпер усё часцей думаю пра тое, што ў нас мала часу і хочацца эфектыўна яго выкарыстоўваць... Я разумею, што меў рэальныя магчымасці з'ехаць за мяжу, але не скарыстаўся імі. Аднак няма шкадавання. Шкадаваць можна тады, калі не зрабіў нешта альбо не маеш магчымасці для гэтага, а я маю свае праекты і ёсць задаволенасць працай. Так, усё магло скласціся па-іншаму, але, ці было б лепш, сёння можна толькі фантазіраваць. Мог марыць пра нешта гадоў дзесяць таму. Цяпер жа трэба да нечага ісці, назапашваць вопыт. Сёння неабходны багаж сабраны. Хачу здымаць поўнаметражнае кіно.

- Вы неяк адзначалі, што сустрэчы з вядомымі рэжысёрамі і акцёрамі і размовы з імі былі своеасаблівымі майстар-класамі. У чым галоўная каштоўнасць набытага вопыту?
- У кожнага чалавека, які дасягнуў нейкай мудрасці і прайшоў пэўны шлях па жыцці, ёсць чаму павучыцца. Я неаднаразова ўпэўніўся: чым большага поспеху дасягнуў чалавек, тым менш у ім пагардлівасці; як правіла, такія людзі простыя і сціплыя ў паводзінах. У пэўнай ступені гэтыя сустрэчы зрабілі ўплыў і на мяне. Я ўбачыў, што "залаты пыл" не мае ніякай каштоўнасці. Калі мяне пазнаюць, то я кажу, што людзі памыліліся. Ужо больш за 6 гадоў не з'яўляюся ў кадры прынцыпова, бо мне падабаецца працаваць за кадрам. А людзі памятаюць і пазнаюць - значыць, усё зробленае было не дарэмна.

- Чые меркаванні для вас сёння маюць значэнне?
- Я даражу меркаваннем любога чалавека, які нешта зрабіў у сваім жыцці і гэта пайшло на карысць не толькі яму, але і іншым. Калі такія людзі ацэньваюць маю працу, то я заўсёды выслухаю і падзякую. А ў нас жа часта любяць проста пагаварыць, асабліва на нейкіх форумах выказацца ананімна, хаця пра сябе негатыўных водгукаў амаль не сустракаю. Усе мы не ідэальныя. Не варта забываць, што ўсе мы трапім на Суд Божы і там за кожны ўчынак трэба будзе трымаць адказ.

- Ведаю, у творчым асяродку ёсць розныя прыкметы. У вас як спалучаюцца забабоннасць і вера?
- Прысутнічае і тое, і іншае. З дзяцінства я быў хрышчоны ў каталіцкай веры, а ў 33 гады прыняў праваслаўе. Гэта адбылося ў Ізраілі, і не выпадкова. Калі ў свой час мы наведвалі Полацк, то былі ў СпасаЕўфрасіннеўскім манастыры. Там проста каласальнае па энергетыцы месца. Тады я нібыта перарадзіўся - настолькі моцнае ўражанне было ад месца і ад асобы Еўфрасінні Полацкай. Я зразумеў, чаму славяне перамагалі ўсіх сваіх ворагаў. І калі апынуўся ў Ізраілі, у Царкве Труны Гасподняй, то прыняў рашэнне хрысціцца.

Алена ДРАПКО.