Кожны тыдзень на "Беларусь 5" у эфір выходзіць праграма "Слэм-данк"

29.04.2016

"Звязда"

"Хачу, каб наш праект стаў доўгажыхаром на тэлебачанні".

Баскетбол - адзін з самых папулярных, даступных відаў спорту. Нарэшце ў яго з'явілася сваё прадстаўніцтва на беларускім тэлебачанні. І цяпер кожны тыдзень на тэлеканале "Беларусь 5" у эфір выходзіць праграма "Слэм-данк". Аб тым, як нарадзілася ідэя стварыць падобны праект, якія творчыя планы ў яго каманды, ці запатрабаваны гэты тэлепрадукт, мы даведаліся ў Антона Мелешева, аўтара і аднаго са стваральнікаў праграмы.

- Рэч у тым, што на нашым канале тэлепраграмы пра такія віды спорту, як футбол, хакей, ужо створаны. Але валейбол і баскетбол былі незакранутыя. І праграму, прысвечаную баскетболу, даручылі рыхтаваць мне, - кажа наш суразмоўца. - Выбары назвы былі пакутлівымі. Было шмат версій. Лагічна, каб праграма, якая выходзіць па серадах, называлася "Баскетбольная серада", але праект з такой назвай для Сталічнага тэлебачання ўжо калісьці рабіў Мікалай Хадасевіч. Былі яшчэ назвы "Шчыт і мяч", "Баскет-тайм", "Аранжавы апельсін". Шляхам галасавання і з дапамогай парады аўтарытэтных асоб мы спыніліся на "Слэм-данку".

- Ты займаўся ў баскетбольнай секцыі?

- Не, толькі гуляў крыху ў школе на занятках па фізкультуры. Але спорт ідзе са мной па жыцці. Я пастаянна займаўся рознымі відамі спорту. Нядаўна, напрыклад, адкрыў для сябе гандбол - гуляю за зборную беларускіх журналістаў. А што тычыцца баскетбола, каманда нашага канала нядаўна атрымала перамогу ў адным з этапаў спартакіяды Белтэлерадыёкампаніі.

Я стараюся не спыняцца на месцы і даведваюся нешта новае пра баскетбол кожны дзень. Дзякуй за дапамогу журналісту Дзмітрыю Герчыкаву, экс-гульцу нашай зборнай, каментатару Аляксею Пынцікаву, якія дапамагаюць яшчэ лепш спазнаць гэтую гульню.

- А ў журналістыцы якім чынам апынуўся?

- У дзяцінстве я вельмі любіў чытаць і глядзець дэтэктывы. Мне хацелася стаць сышчыкам альбо дэтэктывам, атрымаць юрыдычную адукацыю. Але ў старшых класах ужо дакладна ведаў, што хачу на працы кантактаваць з людзьмі, займацца творчасцю. Маці казала, што ў мяне нядрэнна атрымліваецца выкладаць свае думкі. У выніку пасля заканчэння аддзялення журналістыкі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова я пайшоў працаваць на магілёўскі Другі канал. Здымаў сюжэты, пісаў навіны пра спорт і розныя сацыяльныя тэмы. Ужо пасля прыйшоў працаваць на Белтэлерадыёкампанію - на канал "Беларусь 5".

- "Слэм-данк" - пра што гэты праект?

- Гэта сімбіёз дынамікі і душэўнасці. Мы расказваем пра выступленне мінскіх "Цмокаў", чэмпіянат Беларусі, жаночую і мужчынскую зборную Беларусі. Не можам не закрануць міжнародныя падзеі - матчы Еўралігі і НБА ў Паўночнай Амерыцы. Але ўпор робім і на іншае.

Мы стараемся паказаць не толькі тое, як баскетбалісты кладуць мяч у кошык. У межах рубрыкі "Партрэт" робім душэўныя інтэрв'ю. Нашымі героямі былі вядомыя ў баскетбольным асяродку людзі: Аляксандр Круцікаў і Таццяна Лавец, Наталля Трафімава і літоўская легіянерка жаночай каманды "Цмокаў" Гедрэ Паўгайтэ...

Дарэчы, Гедрэ выдатна малюе. І робіць гэта ледзь не на прафесійным узроўні. Яе працы могуць скласці цэлую выставу. У планах - размовы з ветэранамі нашага баскетбола, гульцамі маладзёжнай зборнай, якая ў 1994 годзе стала чэмпіёнам Еўропы. Наогул у сваёйпрацы імкнёмся да таго, каб праект стаў доўгажыхаром на тэлебачанні. Быў якасным, запатрабаваным прадуктам. Каб кожны чалавек заўжды знаходзіў у праграме тое, што яго цікавіць.

- З-за цяперашняй спецыялізацыі цябе на тэлебачанні баскетбалістам не называюць?

- На нашым 11-м паверсе яны ўжо перасталі мяне бачыць. Я альбо на здымках, альбо ў "мантажцы". І кантактаваць з імі не заўжды атрымліваецца. А наконт мянушкі ёсць іншы прыклад. У нашых "Цмокаў" быў вельмі складаны перыяд. І пасля таго, як у трэнера каманды я спытаў, ці не запрасіць ім чараўніка, мяне так і празвалі - чараўніком, шаманам.

- Ці ёсць у праграмы водгук ад гледачоў?

- Мне часам пішуць у "Вконтакте" і ў "Фэйсбуку". Многія дзякуюць за праграму, зычаць поспехаў. Я наогул за канструктыўны дыялог. А таму, калі камусьці ёсць што прапанаваць, выказацца, падзяліцца меркаваннямі, пішыце. Буду рады пагутарыць з кожным.

Тарас ШЧЫРЫ.