Клавіна шчасце

28.09.2007
"Звязда", 28 верасня 2007 г.


Новым серыялам папоўнілася скарбонка Першага канала - з 2 кастрычніка ў дзённым эфіры стартуе камедыя "Клава, давай!". Зняты серыял у ЗША ў 2002-2006 гадах, на працягу чатырох сезонаў, як абяцаецца, беларускі глядач убачыць іх усе.
Мяркуючы па тым, што аўтар сцэнарыя серыяла, арыгінальная назва якога перакладаецца як "Амаль дасканаласць" - кінадраматург Тэры Мінскі, на рахунку якога ў тым ліку "Сэкс у вялікім горадзе", папулярнасць "Клаве" забяспечана. Ва ўсякім разе, у ЗША і іншых краінах гісторыя правінцыялкі Клаўдзіі, якая трапіла ў цэнтр жыцця адной з буйных тэлекампаній Нью-Йорка, нязменна мела самыя высокія рэйтынгі. А актрысе Сары Ру, якая працавала ў ансамблі з Эрыкам Робертсам, Захары Леві, Андрэа Паркер і іншымі, менавіта роля Клавы прынесла сапраўдную славу.
...Клаўдзія Кейсі - сакратарка, якая працуе па часовым кантракце і сядзіць на чацвёртым паверсе вялікага офіса. Нечакана ёй выпадае рэдкі шанц - магчымасць стаць асабістым сакратаром тэлезоркі Уіла Батлера і перамясціцца на 22-гі паверх. Але ў кожнага медаля два бакі: новыя калегі занадта высока ацэньваюць сябе і грэбуюць Клавай, адначасова імкнучыся ва ўсім абысці яе. Дзяўчыне застаецца спадзявацца хіба што на сваё прыроднае абаянне - і на сяброў, зразумела. Адстаяць месца пад сонцам, уладкаваць не толькі кар’еру, але і асабістае жыццё, не страціць старых сяброў дзеля новых перспектыўных знаёмстваў і пры гэтым застацца добрым чалавекам - задачка не з простых. Клава спраўляецца - прычым з гумарам і з нечаканай цвёрдасцю характару. А яшчэ, у адрозненне ад "непрыгожай" Каці Пушкаровай, назваць яе шэрай мышкай не змог бы нават самы злосны нядобразычлівец... Словам, чарговая варыяцыя на тэму "Жаночае шчасце ў офісных джунглях" - тым, у каго хапае часу і ёсць ахвота глядзець серыялы.

Падарожжа на памежжа
Спецыфіка жыцця ў прыгранічных раёнах не часта "трапляе ў кадр". Тым не менш, у населеных пунктах побач з кожнай з пяццю межаў склаліся свае традыцыі, цесна пераплеценыя з традыцыямі суседніх дзяржаў. Пазнаёміць з імі гледачоў - такую мэту паставілі перад сабой карэспандэнты Агенцтва тэленавінаў Белтэлерадыёкампаніі. З гэтага і атрымаўся цыкл відэафільмаў "Людзі на мяжы", першая серыя якога, "Грыбны рай", будзе паказана ў эфіры Першага канала ўжо 29 верасня.
Фільм раскажа пра Лельчыцкі раён, амаль 2/3 тэрыторыі якога займаюць лясы. Таму назва "Грыбны рай" не выпадковая: летам для многіх мясцовых жыхароў збіральніцтва - гэта асноўны занятак і неблагі прыбытак. Грыбамі можна зарабіць, прыкладам... на аўтамабіль. Асобны герой фільма - Цар-дуб, 500-гадовае дрэва вышынёй больш як 30 метраў, якое расце ў раёне блізу вёскі Данілевічы.
Пяць серый прадстаўляюць пяць месцаў: Лельчыцкі раён Гомельскай вобласці (на мяжы з Украінай), г. Воранава (мяжа з Літвой) і Свіслацкі раён (на мяжы з Польшчай) Гродзенскай вобласці, Расонскі (на мяжы з Расіяй) і Міёрскі (на мяжы з Латвіяй) раёны Віцебшчыны. Працавалі над цыклам карэспандэнты АТН Кірыл Казакоў і Кацярына Бірэцкая. Аўтар ідэі - Аляксандр Зімоўскі.

Прачніся і... глядзі
У новым вяшчальным сезоне праграма Першага канала "Добрай раніцы, Беларусь" будзе "прачынацца" раней і зменіць фармат. Час адліку - 1 кастрычніка, 6.20 раніцы.
Асноўных вядучых "Добрай раніцы, Беларусь" застанецца шасцёра - тры пары, - але і яны рэалізуюць шэраг новых рубрык. Так, напарнік Святланы Бароўскай Аляксандр Паўлаў, заўзяты рыбак, па чацвяргах будзе прадстаўляць для аматараў гэтага захаплення рубрыку "Рыбны дзень". Гэтаксама ў эфіры з’явяцца "Сакрэтныя матэрыялы" - своеасаблівая экскурсія на аб’екты, дзе звычайна вісіць шыльдачка "Пабочным уваход забаронены", парады наконт быту "Утро вечера мудренее", карысны даведнік для цяперашніх і будучых маці "Мамам на заметку", "Пуцяводнік" - практычная інфармацыя для вандроўнікаў. Працягнуць выходзіць "Відэаагляд", "Сцэна", "Ёсць нагоды", "Прывітанне, я ваша цётка", "Спорт-дайджэст", "Ад куцюр да аванцюр", "...Галоўнае - хвост!". Добрыя навіны ад гледачоў па-ранейшаму прымае рубрыка "Раніца ў народзе". А па суботніх ранках для хутчэйшага прабуджэння гледачам прапануюцца сустрэчы з вядомымі дзеячамі культуры, экспертамі па розных пытаннях і ўладальнікамі незвычайных талентаў, гатовымі пацвердзіць свае ўменні ў прамым эфіры.
У новым сезоне па панядзелках і серадах гаспадарамі студыі застаюцца Вольга Шлягер і Аляксандр Аўчыннікаў, па аўторках і пятніцах - Святлана Бароўская і Аляксандр Паўлаў, па чацвяргах і суботах - Вольга Водчыц і Дзмітрый Карась. Калектыў аўтараў праграмы папоўніў таксама вядомы тэлевядучы Павел Булацкі, які прадставіць новую рубрыку для мужчын "Моцнае звяно". Каця Май будзе рыхтаваць "Музычны агляд" - навіны шоў-бізнесу.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.