Класiка пачынае i...

18.02.2010
"Звязда", 18 лютага 2010 г.

 
У песенным "Еўрабачаннi" наша краiна сёлета возьме ўдзел у сёмы раз, у конкурсе маладых музыкантаў пад тым жа брэндам - упершыню. Тым не менш, музычнае "Еўрабачанне" выклiкала ў патэнцыйных удзельнiкаў не меншую цiкавасць, чым яго больш раскручаны сабрат. Прынамсi такiя высновы можна зрабiць па вынiках першага этапа абодвух адбораў.
На нацыянальны адбор конкурсу маладых музыкантаў "Еўрабачанне-2010" (Eurovision Young Musicians 2010 адбудзецца ў маi гэтага года ў Вене) арганiзатары атрымалi каля 50 заявак. Пасля разгляду журы, якое ўзначалiў мастацкi кiраўнiк i галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмiчнага народнага аркестра Беларусi iмя І. Жыновiча Мiхаiл Казiнец, для ўдзелу ў другiм этапе - праслухоўваннi - былi адабраныя 34 музыканты. Сярод iх i будуць вызначаныя ўдзельнiкi фiналу рэспублiканскага конкурсу, якi адбудзецца напрыканцы лютага - на пачатку сакавiка. А пераможца па рашэннi прафесiйнага журы выступiць за нашу краiну ў Аўстрыi, на мiжнародным конкурсе класiчнай музыкi для маладых музыкантаў, якi праводзiцца Еўрапейскiм вяшчальным саюзам раз на два гады.
Што да песеннага "Еўрабачання", то, паводле слоў намеснiка старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандра Мартыненкi, на сёння атрыманыя заяўкi прыблiзна ад 40 удзельнiкаў (сярод iх не толькi выканаўцы, але i два кампазiтары, прычым адзiн з iх, з Iспанii, даслаў адразу 9 песень). Пакуль што гэта менш чым летась - вiдаць, у памяцi выканаўцаў добра адклалася нездаровая атмасфера мiнулага года, таму асаблiвага наплыву ахвотнiкаў не назiраецца. Аднак, нагадваюць арганiзатары адбору, заяўкi яшчэ iдуць i прымаюцца па даце на паштовым штэмпелi - не пазней за 15 лютага. Выступiць за Беларусь на конкурсе выказалi жаданне не толькi беларускiя артысты, у лiку якiх ёсць нечаканыя адкрыццi, - напрыклад, парадыст Георгiй Волчак, але таксама выканаўцы з Расii, Украiны, Польшчы, Iзраiля, Iспанii i нават Аўстралii. Да 10 сакавiка фокус-група, складзеная з прадстаўнiкоў розных беларускiх тэлеканалаў, павiнна выбраць з усяго гэтага багацця двух кандыдатаў - асноўнага i дублёра, на выпадак форс-мажорных абставiнаў, прычым прыярытэт, як мяркуецца, будзе аддадзены ўсё ж беларускiм артыстам.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.