Класіка пачынае - і выйграе!

21.04.2006
"Звязда", 21 красавіка 2006 г.


Тэлесеткі
У барацьбе за рэйтынг і гледача Першы нацыянальны тэлеканал вось ужо тыдзень як утрымлівае ашаламляльную перамогу: у вячэрні прайм-тайм, пасля 22 гадзін, аўдыторыя БТ у два разы пераўзыходзіць бліжэйшага айчыннага канкурэнта - АНТ (29,8 працэнтаў супраць 14). Такія вынікі даследаванняў, праведзеных аналітычным цэнтрам "ЕсооМ".
Цалкам справядліва асноўнай прычынай такога поспеху кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі лічыць сусветную прэм'еру гістарычнай драмы "Доктар Жывага". Толькі першыя чатыры серыі гэтай карціны паглядзелі амаль 45,1 працэнта гарадскога насельніцтва Беларусі, і яшчэ больш як трэць гараджан, якія пакуль што не бачылі серыял, выказалі жаданне ўсё ж паглядзець наступныя серыі. У Мінску 4 серыі фільма паглядзелі 29,8 працэнта жыхароў, і многія маюць намер далучыцца да аўдыторыі "Доктара Жывага" - балазе, улічваючы вялікую цікавасць да расійскай экранізацыі, БТРК паказвае кожную серыю двойчы, увечары і ранкам (у паўторы). Да таго ж без рэкламных перапынкаў, за што асобнае дзякуй.
Як адзначыў дырэктар аналітычнага цэнтра "ЕсооМ" Сяргей Мусяенка, прыкладна аднолькавы высокі інтарэс да серыяла адзначаны ў гледачоў усіх узростаў. Але ў лідарах па зразумелых прычынах людзі старэйшага пакалення. Гэтаксама рэйтынг сярод жанчын вышэйшы на 10 працэнтаўза мужчынскі. "Магчыма, што раней былі праграмы ці кінапрадукцыя, якія збіралі яшчэ большы рэйтынг, дакладна сцвярджаць не магу. Аднак у любым выпадку гэта неблагая тэндэнцыя. Я лічу, вельмі карысны вопыт, калі тэлегледачы замест розных "Бандыцкіх Пецярбургаў" і "Ментоў-2-3-4-5" выбіраюць класіку. Расце колькасць людзей, у тым ліку сярод моладзі, якія хочуць не толькі паглядзець фільм, але і перачытаць кнігу. Папулярызацыя духоўных каштоўнасцяў - гэта вялікая справа, вартая падтрымкі і ўхвалення, і многія нашы рэспандэнты дзякавалі Белтэлерадыёкампаніі за гэта пачынанне", - адзначыў Сяргей Мусяенка.
Рэйтынгі рэйтынгамі, аднак, магчыма, "піпл хавае" што даюць, проста купіўшыся на сусветную прэм'еру? Без дапамогі спецыялістаў так адразу і не вызначышся, ці вялікую эстэтычную каштоўнасць прадстаўляе сабой трэцяя па ліку ў свеце і першая ў Расіі экранізацыя "Доктара Жывага". Па каментарый на гэты конт мы звярнуліся да вядомага беларускага кінарэжысёра Ігара Чацверыкова.
- На жаль, у мяне атрымалася паглядзець толькі першую серыю "Доктара Жывага", таму ацэнку я магу даць вельмі прыблізную. Бо серыялы трэба глядзець да канца, каб скласці канчатковае меркаванне. Бывае, пачынаюць на адной ноце, а потым збіваюцца некуды ўбок - як, скажам, было з "Майстрам і Маргарытай", на другой серыі мне зрабілася сумна. А ў дадзеным выпадку магу адзначыць дастаткова сур'ёзную і грунтоўную работу. Адчуваецца прадуманая рэжысура, выдатны падбор акцёраў. Гэта не павярхоўная ілюстрацыя твору Барыса Пастэрнака; безумоўна, рэжысёр прапусціў літаратурны твор праз сябе, аднак разам з тым дастаткова блізка падышоў да ўнутраных адчуванняў аўтара рамана. Калі ў свой час я чытаў "Доктара Жывага", то не бачыў, як гэта ўвогуле можна экранізаваць. Але гэта кінаверсія паказала, што я памыляўся - сапраўды цікавы прыклад таго, як літаратуру можна ператварыць у кіно...
Рэжысёр - ён дрэннага не параіць. I няхай простыя гледачы не адчуваюць уласна кінематаграфічных, прафесійных момантаў у карціне, - але затое неадрыўна сочаць за "неадназначным нягоднікам" у выкаканні бліскучага майстра Алега Янкоўскага і непаўторнай жаноцкасцю Чулпан Хаматавай. I яшчэ дзівяцца на 7-метровую конку, заказаную на заводзе і спецыяльна дастаўленую на здымачную пляцоўку пры дапамозе эвакуатара, і на музейны трамвайчык, у якім напрыканцы рамана памрэ доктар Юрый Жывага... А многія, напэўна, ужо нанеслі візіт у кнігарні, парадаваўшы прадаўцоў чарговым усплёскам інтарэсу да класікі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.