Кiтай гаворыць... па-беларуску!

21.10.2009
"Звязда", 21 октября 2009 г.


Прадстаўнiкi Мiжнароднага радыё Кiтая прэзентавалi ў Мiнску беларускамоўны сайт, створаны ў межах партала CRI-он-лайн - belarusian.cri.cn. Акрамя таго, МРК i Белтэлерадыёкампанiя падпiсалi пратакол намераў аб супрацоўнiцтве ў iнтэрнэце, якi прадугледжвае абмен спасылкамi на сайты, абмен iнфармацыяй i аўдыёпраграмамi, абмен супрацоўнiкамi, а таксама сумесныя мерапрыемствы па культурным абмене памiж Беларуссю i Кiтаем.
Мiжнароднае радыё Кiтая - адзiнае ў КНР дзяржаўнае радыё, якое вяшчае на замежжа больш як на 50 мовах i мае 30 карпунктаў у розных краiнах свету. Iнтэрнэт-сайт CRI-Online, якому крыху больш за 10 гадоў, яшчэ больш разнастайны - сёння на iм змяшчаюцца матэрыялы на 59 мовах. Сайт на рускай быў афiцыйна запушчаны ў снежнi 1999 года, але гэтым рэдакцыя не абмежавалася - i 23 верасня гэтага года запусцiла тэставую версiю беларускамоўнага сайта. Яго наведвальнiкам прапаноўваюцца не толькi навiны з сучаснага жыцця Кiтая, але i iнфармацыя пра яго гiсторыю i культуру, традыцыi i турыстычны патэнцыял. Ахвотныя могуць блiжэй пазнаёмiцца з кiтайскай кухняй, навучыцца пiсаць iероглiфы i ўзяць вiртуальныя ўрокi кiтайскай мовы, паслухаць папулярную i класiчную музыку... "Наша мэта - пазнаёмiць блiжэй свет з Кiтаем, а Кiтай са светам, зрабiць сябрамi людзей з розных краiн. Спадзяёмся, што беларускамоўны сайт будзе выконваць ролю моста i садзейнiчаць развiццю двухбаковых стасункаў памiж Беларуссю i Кiтаем. Абедзвюм краiнам трэба атрымлiваць больш iнфармацыi адна пра адну", - адзначыў Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусi Лу Гуйчэн.
 
- Мы былi вельмi ўражаныя тым, што кiтайскi бок выказаў жаданне стварыць сайт на беларускай мове, бо нават не ўсе беларускiя СМI яго маюць, а тут за гэта ўзяўся адзiн з найбуйнейшых мiжнародных вяшчальнiкаў, - падзялiўся старшыня Белтэлерадыёкампанii Аляксандр Зiмоўскi. - Наколькi я ведаю, збольшага гэта была iнiцыятыва кiтайскага боку, i яны правялi асноўную падрыхтоўку самастойна, наша дапамога мела хутчэй кансультацыйны характар.
 
- Сайт - гэта толькi пачатак нашай сумеснай работы, - дадаў дырэктар радыёстанцыi "Беларусь" Навум Гальпяровiч. - Па папярэдняй дамове з кiтайскiм бокам, супрацоўнiкi Беларускага радыё будуць працаваць на працягу года ў КНР i дапамагаць там арганiзоўваць вяшчанне i сайт на беларускай мове. Прадстаўнiкi абодвух бакоў многа гаварылi аб перспектывах сумеснага iнтэрнэт-вяшчання - думаю, на сёння гэта вельмi актуальная задача, i нам ёсць чаму павучыцца ў кiтайскiх калег.
Праўда, да пытання, цi з'явiцца ў якасцi ветлiвасцi ў адказ кiтайскамоўная версiя, напрыклад, у сайта радыёстанцыi "Беларусь", што вяшчае на замежжа, афiцыйныя асобы падыходзяць асцярожна, хоць i не выключаюць такой магчымасцi ў будучынi. "У нас ужо ёсць маленькiя носьбiты кiтайскай мовы - напрыклад, навучэнцы 23-й сталiчнай гiмназii. I калi яны пасталеюць i будуць вучыцца на журфаку, мы будзем рады бачыць iх на кiтайскамоўных версiях нашых сайтаў", - мяркуе Аляксандр Зiмоўскi.
Што да перспектыў далейшага супрацоўнiцтва, яны выходзяць за межы iнтэрнэта. Неўзабаве БТРК мае намер паўдзельнiчаць у стварэннi рускамоўнага тэлеканала на кiтайскiм тэлебачаннi - кiтайскi бок ужо звяртаўся па рэкамендацыi наконт таго, якiя журналiсты маглi б на некалькi месяцаў паехаць у Кiтай папрацаваць у iнфармацыйнай службе.
Дарэчы, убачыць Кiтай на свае вочы - такая магчымасць ёсць не толькi ў журналiстаў. Мiжнароднае радыё Кiтая, Белтэлерадыёкампанiя i пасольства КНР у Беларусi абвясцiлi сумесны конкурс ведаў пра Кiтай, пераможца якога атрымае спецыяльны падарунак - бiлет Мiнск-Пекiн-Мiнск i бясплатную экскурсiю па краiне. Умовы конкурсу ў найблiжэйшы час будуць змешчаныя на беларускамоўным сайце МРК. Так што - Ni hao*, Кiтай!
* Ni hao! (нi хао!) - "Прывiтанне!"

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.