Кiпр праспявае... "Нiчога"

04.04.2007
"Звязда" №63, среда, 4 апреля 2007 г.


"Еўрабачанне-2007"
Падрыхтоўка да мiжнароднага конкурсу песнi "Еўрабачанне-2007" перайшла ў новую стадыю. Зараз iдзе iнтэнсiўны абмен прома-вiзiтамi. Першы з замежных удзельнiкаў, хто паспеў наведаць Беларусь - прадстаўнiца Кiпра спявачка Эўрыдзiкi. Дарэчы, на сцэну ў Хельсiнкi яна выйдзе якраз перад беларускiм канкурсантам...
Эўрыдзiкi, можна сказаць, вырасла на "Еўрабачаннi". Сваю краiну яна прадстаўляла не раз i не два, а цэлых пяць разоў: тройчы ў якасцi бэк-вакалiсткi (1983, 1986, 1987) i двойчы сольна (1992, 1994). "Калi б у 1994 годзе мяне спыталi, цi хачу я зноў выступiць на конкурсе, я адназначна адказала б "не". Але прайшло многа часу, i калi летась да мяне звярнулася нацыянальная тэлекампанiя, я пагадзiлася - i ўжо ведала нават, якую песню хачу выканаць", - расказала спявачка. Да таго ж яе сын Ангелас вельмi хацеў сустрэцца з леташнiмi пераможцамi, фiнскiм гуртом "Лордзi". Маме давялося паабяцаць арганiзаваць фота з фiнскiмi "монстрамi" i ўзяць iдэйнага натхняльнiка з сабой.
Эўрыдзiкi - артыстка з iмем i вялiкiм сцэнiчным вопытам. Лiтаральна днямi ўбачыў свет яе трынаццаты (!) альбом, якi, насуперак прымхам, артыстка так i назвала - "13". На пласцiнку, дарэчы, увайшла i яе конкурсная кампазiцыя на французскай мове "Соmmе Сi, Соmmе Са" ("Нiчога"), якую кампазiтар Дзiмiтрыс Каргiалас i паэт Пасейдонас Янопулас першапачаткова напiсалi зусiм не для "Еўрабачання", а проста для Эўрыдзiкi. У дыскаграфii спявачкi - творы на грэчаскай мове, а таксама адзiн "жывы" англамоўны альбом. "Я магу таксама спяваць па-iспанску i iтальянску, але нi слова не разумею з таго, што выконваю. На рускай ведаю толькi "доброе утро" i "спасибо", - са смехам прызнаецца Эўрыдзiкi.
З беларускiм удзельнiкам Калдуном артыстка ўжо сустракалася - больш за тое, менавiта яго песню пачула першай з усiх сяброў-сапернiкаў. Кампазiцыя спадабалася, i прадстаўнiца Кiпра ацэньвае шанцы Беларусi на перамогу як вельмi высокiя. Сказала, што з Дзiмам яны ўжо дамовiлiся - будуць падтрымлiваць адзiн аднаго перад выхадам на сцэну. Для сябе ж Эўрыдзiкi загадвае спярша месца ў фiнальнай дзесятцы - каб краiна не "вылецела" ў паўфiнал, а там ужо, зразумела, спадзяецца заняць як мага больш высокую прыступку. Праўда, у папярэднiя Інтэрнэт-галасаваннi, дзе Кiпр фiгуруе ў лiдарах (дый Беларусь, заўважым, фанаты конкурсу ставяць на 1-4-е месца) спявачка не верыць: "Большасць людзей, якiя будуць галасаваць на конкурсе, пачуюць усе песнi ўпершыню. Так што, я лiчу, асноўны поспех залежыць ад выступлення. Мы выйдзем на сцэну разам з кампазiтарам, якi будзе граць на гiтары, з клавiшнiкам, барабаншчыкам... Думаю, гэта ўсё. Хочацца проста добра выступiць, як мы гэта звычайна робiм на сцэне, але, калi ўдасца прыдумаць нейкую фiшку, якая запомнiцца гледачам, абавязкова яе выкарыстаем", - падзялiлася Эўрыдзiкi. Як бачым, нават вялiкi вопыт не дапамагае раскрыць сакрэт перамогi на еўрасцэне. А мо, проста нiякага сакрэту няма - як карта ляжа?..

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.