"Хварэйце" за нашых!

12.06.2015

"Звязда"

Белтэлерадыёкампанія пакажа Еўрапейскія гульні - 2015.

З 12 па 28 чэрвеня ў Баку пройдуць першыя ў гісторыі Еўрапейскія гульні. Трансляцыі гульняў, а таксама самыя яркія моманты спартыўнага форуму - у эфіры "Беларусь 1", "Беларусь 2" і "Беларусь 5".

Трансляцыі Еўрапейскіх гульняў стартуюць у эфіры 12 чэрвеня. У 18.55 тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 5" у прамым эфіры пакажуць урачыстую цырымонію адкрыцця спаборніцтваў.

Журналісты Агенцтва тэленавін у выпусках навін, сюжэтах праграм "Панарама" і "Галоўны эфір" раскажуць пра самыя цікавыя і захапляльныя моманты спартыўнага форуму.

Канал "Беларусь 5" прапануе прамыя трансляцыі практычна ўсіх гульняў, у тым ліку і сілавыя віды спорту, веласіпедны спорт і стральбу. Кожны дзень у эфіры тэлеканала спецыяльны праект "Еўрапейскія гульні. Баку-2015. Вынікі дня" і сюжэты з месца падзей.

Паўторы найбольш яркіх момантаў спаборніцтваў можна будзе ўбачыць у эфіры тэлеканала "Беларусь 2". Прамую трансляцыю цырымоніі закрыцця Еўрапейскіх гульняў беларускія аматары спорту змогуць убачыць 28 чэрвеня ў 18.55 на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 5".