Хуткаплыннасць "Часу"

30.12.2014
"Звязда", 30 cнежня 2014 г.

 
Беларусь на "Еўрабачанні-2015" прадставіць дуэт скрыпкі і голасу 
У ноч на мінулую суботу адбылася маленькая сенсацыя: фаварыт нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" - сабраны Аляксандрам Рыбаком дзявочы гурт "Мілкі", у перамозе якога многія, у тым ліку і сам знакаміты куратар, былі ўпэўнены, не ўвайшоў нават у тройку лідараў. Паводле сумеснага рашэння гледачоў і прафесійнага журы нашу краіну на юбілейным конкурсе ў Вене прадставіць дуэт спевака Юзары і скрыпачкі Маймуны. Іх англамоўную кампазіцыю "Tіme" ("Час") гледачы паставілі на 3-е месца, а журы - на першае (76 балаў ад 7 суддзяў). Але менавіта меркаванне музычных прафесіяналаў аказалася вырашальным.
Крыху ўступілі пераможцам спявачкі Анастасія Малашкевіч і Гюнеш: яны размясціліся на 2-м і 3-м месцах адпаведна. А вось гурт "Мілкі", які ў рэйтынгу гледачоў стаў другім, а паводле версіі журы - у лепшым выпадку чацвёртым-пятым, у выніку апынуўся толькі на чацвёртым месцы. Усяго ж у сёлетнім фінале нацыянальнага адбору выступілі 15 артыстаў і калектываў. Для кагосьці з іх, як для пераможцы глядацкага галасавання - брэсцкага гурта "Muzzart", гэтае шоу стала прарывам і цудоўнай магчымасцю паказаць сябе шырокай публіцы. Хтосьці, наадварот, апынуўся ў аўтсайдарах - зрэшты, як заўжды бывае ў конкурсах.
Пакуль прымалі першыя віншаванні відавочна разгубленыя Юрый Наўроцкі (так па пашпарце завуць спевака Юзары) і Маймуна (з арабскай перакладаецца як "блаславёная"; гэта сапраўднае імя скрыпачкі), пакрыўджаны Аляксандр Рыбак на эмоцыях запісаў і выклаў у сеціва відэазварот да ўсіх прыхільнікаў - сваіх і конкурсу наогул. "Кожны год пры сустрэчы беларуская дэлегацыя прасіла ў мяне напісаць песню, якая можа перамагчы на "Еўрабачанні". І вось я напісаў... Патраціў час, шмат грошай, знайшоў унікальных таленавітых дзяўчат і напісаў ім песню пра чыстую, шчырую Беларусь... - з горыччу і ледзь не са слязамі канстатуе ў звароце Рыбак. - Паўсюль у Еўропе нас падтрымліваюць эксперты, фанаты "Еўрабачання", а тут журы вырашыла ўсё праваліць. Я бачыў гэтае журы, з усімі сустракаўся. Мне казалі: "Заўжды будзем цябе падтрымліваць" - і вось так падтрымалі. Спадзяюся, што больш ніколі ў жыцці гэтае журы не ўбачу, бо вельмі цяжка будзе рабіць выгляд, што я рад і мне хочацца ўсміхацца".
...З Сашам мы знаёмы асабіста - упершыню сустрэліся ў 2009 годзе, яшчэ да таго, як ён стаў пераможцам "Еўрабачання". І ў мяне склалася ўражанне, што за пяць гадоў нарвежскі артыст беларускага паходжання амаль не змяніўся - застаўся гэткім Пітэрам Пэнам ад музыкі, які робіць усё шчыра, ад душы, абсалютна верыць у абраную справу і бачыць у людзях найперш лепшы бок. Таму гэта абсалютна не той выпадак, калі карціць пазлараднічаць і пакпіць з няўдачы. Але, з іншага боку, шоу-бізнес - такое поле, на якім вельмі важна як мага раней навучыцца трымаць удар, бо ніякі поспех не прыходзіць адразу і назаўжды, бо любоў публікі часта суб'ектыўная і мімалётная... І каму, як не пераможцу "Еўрабачання", пра гэта варта памятаць!
Для параўнання: спявачка Гюнеш удзельнічала ў нацыянальным адборы на "Еўрабачанне" шэсць разоў і кожны раз станавілася ў лепшым выпадку другой. Што можа быць больш крыўдным? Але яна трымала ўдар, як стойкі алавяны салдацік, чым і заслужыла не толькі глядацкія сімпатыі, але і павагу прафесіяналаў. Таму ж Юзары пашанцавала з трэцяй спробы - мабыць, на гэты раз проста ўсе зоркі сышліся. Напрыклад, асабіста мне яго кампазіцыя з крыху футурыстычным, крыху скандынаўскім, крыху інтэрнацыянальным каларытам спадабалася больш, чым сыраватыя прыпеўкі "Мілак", у якіх слоўцы "дзяўкі" і "хлапцы" выглядалі, быццам адзенне з чужога пляча... Калі меркаваць па тым, што трое членаў журы, у тым ліку яго старшыня, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, паставілі Юзары і Маймуне 12 балаў, так падалося не мне адной. А калі меркаваць па рэкордна нізкай актыўнасці глядацкага галасавання, сёлета многім наогул няма справы да "Еўрабачання" і нашых у ім удзельнікаў - сумна, але факт...
Што далей? Можна паспрабаваць гучна апратэставаць вынікі (для беларускага нацыянальнага адбору гэта ўжо амаль традыцыя) і перасварыцца з калегамі па цэху. А можна зрабіць пэўныя высновы і працягваць працаваць, каб пацвердзіць не на словах, а на справе сваю "самасць". На сёння выбар зроблены. Наколькі ён аказаўся ўдалым і як прагучыць "Час" - пакажа, даруйце за каламбур, час. А пакуль што - шоу павінна працягвацца!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Даведка "Звязды"

Юзары (Юрый Наўроцкі) - 23-гадовы спявак з сям'і патомных музыкантаў, сын Галіны Грамовіч (салістка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга), выпускнік джазавага аддзялення Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, лаўрэат міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў "Новая хваля-2011", удзельнік "Еўрабачання-2011" (у якасці бэк-вакаліста беларускай прадстаўніцы Настассі Віннікавай), аранжыроўшчык конкурснай песні дзіцячага "Еўрабачання-2014". 

Маймуна Амаду Мурашка (Дзіко) - 34-гадовая скрыпачка Прэзідэнцкага аркестра пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна, выпускніца Беларускай акадэміі музыкі, лаўрэат і прызёр многіх міжнародных музычных конкурсаў. У яе жылах перамяшаліся беларуская, украінская, афрыканская і іспанская кроў, а ў музыцы - класіка і модны стыль "красовер". Двойчы мама.