Хто ўзыдзе на тэлевізійны Алімп?

21.02.2014
"Звязда", 21 лютага 2014 г.

 
Да канца прыёму заявак на Х Нацыянальны тэлевізійны конкурс "Тэлевяршыня" застаўся ўсяго тыдзень. Да 1 сакавіка 2014 года ў Міністэрстве інфармацыі (220004, г.Мінск, пр. Пераможцаў, 11) ад рэспубліканскіх, сталічных і рэгіянальных тэлекампаній і аб'яднанняў рознай формы ўласнасці прымаюцца работы, што выйшлі ў эфір цягам мінулага года.
Потым пачнецца найбольш адказны этап: журы, у склад якога, па традыцыі, уваходзяць вядомыя рэжысёры, акцёры, сцэнарысты і журналісты, абярэ з усіх кандыдатаў па 3 фіналісты ў кожнай намінацыі. Усяго ж намінацый - 25, уключаючы 11 "асабістых" (лепшы прадзюсар, рэжысёр, вядучы праграм розных жанраў), 4 спецыяльныя прэміі для рэгіянальнага тэлебачання і Гран-пры "Тэлевізійны праект года".
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў юбілейнай "Тэлевяршыні", як плануецца, адбудзецца ў Мінску ў другой палове красавіка гэтага года і будзе трансліравацца ў эфіры аднаго з цэнтральных тэлеканалаў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.