Хто ўздымецца на "Тэлевяршыню"?

23.03.2006
"Звязда", 23 сакавіка 2006 г.


Гаворыць i паказвае...
24 сакавiка ў вялiкай зале Палаца Рэспублiкi адбудзецца цырымонiя ўзнагароджання пераможцаў другога Нацыянальнага тэлевiзiйнага конкурсу "Тэлевяршыня". Трансляцыя падзеi ўпершыню пройдзе ў прамым эфiры.
Конкурс, нагадаем, быў заснаваны яшчэ ў 2004 годзе Мiнiстэрствам iнфармацыi сумесна з Белтэлерадыёкампанiяй, тэлеканаламi АНТ i СТБ. А ўжо ў леташнiм сакавiку былi падведзены вынiкi i раздадзены ўзнагароды першай "Тэлевяршынi".
Сёлета, як расказаў намеснiк мiнiстра iнфармацыi Сяргей Булацкi, на конкурс прымалiся работы, якiя прайшлi ў тэлеэфiры ў 2005 годзе. Падаваць свае заяўкi да 20 студзеня маглi абсалютна ўсе тэлекампанii i каналы Беларусi, незалежна ад узроўню i формы ўласнасцi - як рэспублiканскiя, так i рэгiянальныя, як дзяржаўныя, так i прыватныя. (У Мiнiстэрстве iнфармацыi, да слова, на сёння зарэгiстравана 51 тэлепраграма.) Такiм чынам, у творчым спаборнiцтве ўдзельнiчалi 245 тэлевiзiйных работ (у параўнаннi з леташнiмi 200), прычым 110 з iх сёлета былi дасланы недзяржаўнымi i рэгiянальнымi тэлекампанiямi (летась - 76).
У лютым прыступiла да работы журы тэлеконкурсу на чале з дырэктарам нацыянальнай кiнастудыi "Беларусьфiльм" Аляксандрам Яфрэмавым. А паколькi задача - выбраць лепшыя работы - стаяла складаная, то i журы з 23 чалавек падабралася разнастайнае: свае ацэнкi i меркаваннi выказвалi як сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Далжэўскi, так i кампазiтар i прадзюсар Макс Алейнiкаў, як чатырохразовая алiмпiйская чэмпiёнка Алена Бялова, так i спявачка Ларыса Грыбалёва... I толькi колькасць "чыста тэлевiзiйных" прафесiяналаў была наўмысна даведзена да мiнiмуму: па аднаму прадстаўнiку ад цэнтральных тэлеканалаў. I ўсё адно, як адзначыў галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыi тэлевытворчасцi Белтэлерадыёкампанii Уладзiмiр Iсат, "iнтрыгу, на жаль, захаваць не ўдалося - многiя ўжо сёння ведаюць, у якой намiнацыi яны атрымаюць узнагароду".
Дарэчы, пра намiнацыi. Iх 22, падзеленыя на дзве няроўныя групы: "тэлевiзiйныя праекты" (15 намiнацый) i "тэлевiзiйныя персаналii" (7 намiнацый). Сярод новых намiнацый, напрыклад, "Лепшы рэгiянальны праект года", а Гран-пры па-ранейшаму называецца "Лепшы тэлевiзiйны праект года". "Лепшы вядучы грамадска-палiтычнай праграмы" рашэннем журы трансфармаваўся ў "Лепшую грамадска-палiтычную праграму".
На цырымонii, якую, паводле папярэдняй жараб’ёўкi, сёлета арганiзуе i правядзе Белтэлерадыёкампанiя, у кожнай намiнацыi будуць названы тры лiдары. Пераможцы атрымаюць статуэтку "Тэлевяршыня" i дыплом, уладальнiкi другога-трэцяга месцаў - толькi дыплом. Хоць для большасцi рэгiянальных тэлеканалаў нават уваходжанне ў лiк намiнантаў - ужо няхай i невялiкая, але перамога. Канешне, па шэрагу аб’ектыўных прычын вытрымаць канкурэнцыю з праграмамi цэнтральных тэлеканалаў складана. Тым не менш, за творчы пошук сёлета ўзнагародамi "Тэлевяршынi" будуць адзначаны 5 рэгiянальных студый. Бо тэлебачання павiнна быць больш - добрага i рознага.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

P.S. Карыстаючыся выпадкам, мы пацiкавiлiся ў Сяргея Булацкага, цi з’явiцца ў Беларусi аналагiчны радыёконкурс. "Пэўныя намёткi на гэты конт ёсць, але сёлета такой прэмii яшчэ дакладна не будзе", - адказаў намеснiк мiнiстра.