Хто выканае песню для "Еўрабачання"?

30.05.2012
"Звязда", 30 мая 2012 г.


Днямі завяршыўся прыём заявак на Рэспубліканскі дзіцячы конкурс "Песня для Еўрабачання", інфармацыйным партнёрам якога выступае "Звязда". На адрас аргкамітэта прыйшло больш як 50 заявак ад ахвотных праспяваць за Беларусь у Нідэрландах.
- Аднак лічба гэта не канчатковая. Насамрэч прыём заявак яшчэ не завершаны, - патлумачыла "Звяздзе" выканаўчы прадзюсар тэлеканала "Беларусь 2" Людміла Барадзіна. - Бо 25 мая быў апошні дзень адпраўкі, а самі пасылкі яшчэ працягваюць ісці. Напрыклад, пазаўчора мы атрымалі бандэроль, адпраўленую з Мінска 16 мая, - а да нас яна прыйшла толькі 28-га. Так што да канца тыдня мы яшчэ чакаем пасылак. Але ўжо цяпер сярод заявак ёсць некалькі імёнаў, добра знаёмых прафесійнаму журы і гледачам.

Да ведама
На праслухоўванне, якое адбудзецца ў чэрвені, адборачная камісія запросіць да 20 юных артыстаў, і толькі ад 7 да 10 выканаўцаў выканаюць свае кампазіцыі ў фінальным канцэрце "Песні для Еўрабачання". Фінал праекта прызначаны на сёлетні верасень.
Само ж юбілейнае, дзясятае па ліку дзіцячае "Еўрабачанне" адбудзецца 1 снежня ў сталіцы Нідэрландаў - Амстэрдаме.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.