Хто трапіць у "аўстрыйскі дэсант"?

19.12.2014
"Звязда", 19 снежня 2014 г.

 
Праз тыдзень адбудзецца фінал нацыянальнага адборачнага тура міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2015".
Як расказалі "Звяздзе" ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, ужо праведзены шэраг сустрэч арганізатараў праекта з фіналістамі, дзе папярэдне былі абмеркаваны тэхнічныя і творчыя пажаданні да шоу, якое адбудзецца 26 снежня. На пачатку наступнага тыдня пачнецца мантаж сцэны, дэкарацый, светлавога, гукавога і піратэхнічнага абсталявання, неабходнага для выступленняў, устаноўка плазменных панэляў і дадатковай здымачнай тэхнікі ў студыі.
Расслабляцца артыстам няма калі: 24 і 25 снежня ў іх адбудуцца індывідуальныя рэпетыцыі і... апошняя магчымасць падкарэктаваць свае нумары, каб паказаць іх публіцы і суддзям у найбольш выйгрышным святле. Генеральныя ж рэпетыцыі ў рэжыме прамога эфіру прызначаны на вечар 25-га і дзень 26-га снежня, непасрэдна перад шоу.
Дарэчы, пазнаёміцца бліжэй з кожным з 15 фіналістаў сёлетняга адбору гледачы могуць у праграмах "Добрай раніцы, Беларусь!", "Eurovіsіon. За кадрам" і "Eurovіsіon. Вынікі тыдня", а таксама ў спецыяльных сюжэтах "Панарамы" і "Прамога эфіру". Можна праслухаць яшчэ раз і конкурсныя кампазіцыі - у эфіры ўсіх радыёстанцый Белтэлерадыёкампаніі.
Ужо вядома, што весці фінальнае шоу (яго змогуць убачыць гледачы "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама ўсе ахвотныя ў анлайн-рэжыме на афіцыйным сайце конкурсу eurovіsіon.tv) будуць Вольга Рыжыкава і Дзяніс Дудзінскі. А вось імёны ўдзельнікаў прафесійнага журы, якое будзе выстаўляць ацэнкі фіналістам, трымаюцца ў найстражэйшым сакрэце і будуць названы толькі перад пачаткам гала-канцэрта. 
Нагадаем, пераможца нацыянальнага адбору будзе вызначаны адначасова па выніках ацэнак гледачоў і суддзяў. Пры гэтым да абвяшчэння агульных вынікаў галасавання журы не будзе ведаць, як ідзе галасаванне глядацкае. Вынікі ж плануецца падвесці па формуле 7 1, дзе 7 ацэнак - балы, выстаўленыя кожным з суддзяў, 1 - балы, якія аддалі ўдзельніку гледачы. У астатнім ніякіх новаўвядзенняў няма: хто набярэ найбольшую колькасць сумарных балаў - той і перамог.
За творчую пуцёўку ў Аўстрыю сёлета спаборнічаюць гурты Napolі, Muzzart, Rostany, MІLKІ, "Беатрыс", салісты прадзюсарскага цэнтра "Спамаш" Дарыя і Аляксей Грос, дуэт Юзары і Маймуна, Дзяніс Ліс, Гюнеш, пераможца тэлепраекта "Акадэмія талентаў. Трэці курс" Валерыя Садоўская, Жанет, Віталь Варанко, Настасся Малашкевіч, Tasha ODІ. 
Чым збіраюцца здзіўляць і ўражваць публіку і суддзяў артысты, "Звязда" раскажа больш падрабязна ў суботнім нумары.