Хто скакаў на батуце?

28.07.2010
"Звязда", 28 ліпеня 2010 г.


У акцыі "Стань тварам дзіцячага "Еўрабачання" перамаглі 11 беларусаў
Чатыры месяцы застаецца да старту міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2010", які сёлета пройдзе ў Мінску. Пакуль краіны-ўдзельніцы вызначаюцца з канкурсантамі, Белтэлерадыёкампанія працягвае актыўную піяркампанію. Днямі вырашылася інтрыга промаакцыі "Стань тварам Еўрабачання".
- Такая промаакцыя праводзілася ўпершыню у гісторыі дзіцячага "Еўрабачання", - распавёў намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі, выканаўчы прадзюсар дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2010" Аляксандр Мартыненка. - Мы хацелі прыцягнуць да падрыхтоўкі да гэтага шоу простых беларусаў. Цікавасць да конкурсу ў Беларусі вельмі высокая, і, па-мойму, справядліва - даць магчымасць любому гледачу заявіць пра сябе і падзяліцца сваім пазітывам.
У адзінаццаць выбраных, якім была даручана місія "дзяліцца пазітывам", увайшл! "зорныя" твары Вольгі Барабаншчыкавай, Дзяніса Кур'яна, Ксеніі Сітнік, Аляксея Жыгалковіча, Юрыя Дземідовіча, Аліны Молаш, Дар'і Надзінай, Ірыны Казанцавай і Андрэя Бібікава. Сярод "нязорных" толькі два прозвішчы: 16-гадовая школьнща з Мінска Юлія Бражынская і навучэнец энергетычнага каледжа Ілья Ільмоўскі (19 гадоў).
Усе 11 пераможцаў промаакцыі узялі ўдзел у незвычайнай фотасесіі: скачках на батуце. Як запэўнілі арганізатары, такая адмысловая форма якраз адпавядае галоўнай ідэі шоу - адчуванню лёгкасці, свабоды і палёту. Фотаздымкі "скакуноў" на батуце у хуткім часе з'явяцца на білбордах і плакатах па ўсёй Беларусі.
- Вынікі акцыі сапраўды перавысілі ўсе чаканні, - кажа тэлевізійны прадзюсар дзіцячага конкурсу песні "Еурабачанне-2010" Аляксандр Капёнкін. - На наш электронны адрас прыйшло каля паўтары тысячы заявак. I вельмі прыемна, што гэта былі людзі зусім розных прафесій і ўзростаў. Напрыклад, самаму маленькаму удзельніку ледзьве споўнілася два гады, а самаму даросламу - 75. Большасць ахвотных - жанчыны (70 працэнтаў заявак). Ніводная заяўка не згубілася, кожную мы уважліва вывучылі. Цудоўна, што гэты кастынг сапраўды стаў народным! 

Ілья ЛАПАТО.