"Хто паедзе на Еўрабачанне"?

31.10.2003
"Рэспубліка", 31 кастрычніка 2003 г.


У маі наступнага года Беларусь упершыню прыме ўдзел у Міжнародным конкурсе песні" Еўрабачанне-2004". На днях сталі вядомымі ўмовы нацыянальнага конкурсу, які павінен вызначыць, хто і з чым будзе прадстаўляць у ім нашу краіну.
Па правілах "Еўрабачання", песню-пераможцу выбіраюць тэлегледачы. Такога ж прынцыпу вырашылі прытрымлівацца і арганізатары нацыянальнага адборачнага конкурсу. Як паведаміў генеральны прадзюсер Першага Нацыянальнага тэлеканала Уладзімір Максімкаў (Белтэлерадыёкампанія РБ - афіцыйны прадстаўнік нашай краіны ў Еўрапейскім вяшчальным саюзе, пад эгідай якога праводзіцца "Еўрабачанне"), нацыянальны конкурс будзе складацца з двух тураў. Схема яго такая: спачатку прафесійнае журы вызначыць сярод усіх удзельнікаў 15 выканаўцаў-прэтэндэнтаў. Пасля ўсе яны выступяць у адборачным канцэрце, які будзе трансліравацца ў прамым эфіры Першага Нацыянальнага канала і ў ходзе якога інтэрактыўным галасаваннем тэлегледачы выберуць, каму ехаць на "Еўрабачанне" ад Беларусі. Дарэчы, адправяцца на конкурс два выканаўцы - асноўны прадстаўнік ад нашай краіны і яго дублёр. Ім стане той, хто зойме другое месца ў выніку глядацкага галасавання. Як тлумачаць арганізатары, падстрахоўка - на ўсякі непрадказальны выпадак, маўляў, чаго толькі не бывае ў шоу-бізнесе.
Заявіць аб сваім удзеле ў нацыянальным конкурсе трэба да 15 снежня. Згодна з умовамі зрабіць гэта можа любы жадаючы (адукацыя і прафесія значэння не маюць) ва ўзросце не маладзей за 16 гадоў, хто мае адпаведную песню. Да яе ёсць шэраг патрабаванняў. Прапанаваная кампазіцыя павінна быць не "засвечанай" публічна да сёлетняга кастрычніка, пацверджанай аўтарскімі правамі, запісанай на кампакт-дыск ці міні-дыск, мець фармат еўрапейскай папулярнай музыкі з элементамі нацыянальнага каларыту, тэкст на рускай або беларускай і англійскай мовах і гэтак далей. Умовы конкурсу апублікаваны ў друку.
Як абяцаюць яго арганізатары, у ходзе адбору прэтэндэнтаў усё будзе зроблена для тага, каб максімальна адысці ад лабіравання чыіх-небудзь інтарэсаў. Таму ў конкурснае журы (склад яго стане вядомым ужо на днях) увойдуць не толькі музыканты-прафесіяналы, галасаванне будзе тайным, і апошняе слова ў выбары песні і выканаўцы ўсё ж застанецца за тэлегледачамі.
- На прыкладзе гэтага конкурсу мы паспрабуем зрабіць своеасаблівы ланцужок, па якім надалей змаглі б гадавацца айчынныя зоркі эстрады. У працэсе адбору песні на "Еўрабачанне" мы хочам стварыць еўрапейскі беларускі хіт, а з яго выканаўцы - нацыянальнага героя. Незалежна ад выніку конкурсу, бо ўжо само выступление на "Еўрабачанні" - гэта прарыў і знакавая падзея для нашай краіны, - гаворыць Уладзімір Максімкаў.
Што да абавязковага і даволі значнага грашовага ўзносу, які належыць зрабіць краіне - удзельніцы конкурсу "Еўрабачанне", то, паводле яго слоў, ніякіх праблем з гэтым у Белтэлерадыёкампаніі не будзе.
Хто паедзе на "Еўрабачанне", стане вядома ў канцы студзеня наступнага года. Між тым, пакуль дарослыя яшчэ толькі прымяраюцца да ўмоў нацыянальнага конкурсу і мяркуюць, з чым на яго падацца, юныя беларускія таленты ўжо сядзяць на чамаданах і вось-вось адправяцца пакараць сваімі песнямі Еўропу. 15 лістапада ў Капенгагене пачнецца дзіцячы Міжнародны песенны конкурс "Еўрабачанне", дзе таксама ўпершыню будзе прадстаўлена наша краіна. Два пасланцы ад Беларусі - 10-гадовая спявачка з Кобрына Вольга Сацюк і 16-гадовы кампазітар Кацярына Ліпоўская са Случчыны. Песня, з якой дзяўчынкі едуць у Капенгаген, называецца "Танцуй".

Ірына СВІРКО, "Р".