Хто паедзе ў Кіеў?

04.10.2013
"Звязда", 4 кастрычніка 2013 г.

 
Прэтэндэнты на дзіцячае "Еўрабачанне" спяюць пра мары, джаз і памяць.
Сёння ўвечары вызначыцца, хто прадставіць нашу краіну на дзіцячым песенным конкурсе "Еўрабачанне-2013", што пройдзе ў Кіеве ўжо ў лістападзе. За пуцёўку ва Украіну спаборнічаюць 4 хлопчыкі і 6 дзяўчынак ва ўзросце 11-13 гадоў.

Сёлета, як сцвярджаюць арганізатары адбору, усе прэтэндэнты падабраліся вельмі моцныя, відавочнага лідара сярод іх няма. Як няма і вострай канкурэнцыі - канкурсанты сябруюць паміж сабой, абменьваюцца словамі падтрымкі ў сацыяльных сетках. І гэта пры тым, што абсалютная большасць удзельнікаў мае вялікі сцэнічны вопыт і пэўны запас дыпломаў рэспубліканскіх ды міжнародных песенных конкурсаў і фестываляў.
Што прыемна, рэпертуар у канкурсантаў вельмі разнастайны. Ігар Мураўкін з пасёлка Калодзішчы, што пад Мінскам, прадставіць на суд журы і публікі беларускамоўную кампазіцыю. Ураджэнка вядомага турыстычнымі адметнасцямі і поспехамі ў сельскай гаспадарцы пасёлка Астрамечава, што на Берасцейшчыне, Ангеліна Піпер, нібы натхніўшыся фільмам "Стылягі", пакліча ўсіх танцаваць джаз. А мінчанка Аня Зайцава, наадварот, закране ноткі светлага суму - яе песня прысвечана ўсім творчым людзям, каго ўжо з намі няма...
Між іншым, для траіх з дзесяці канкурсантаў перамога ў нацыянальным адборы дзіцячага "Еўрабачання" можа стаць найлепшым падарункам на дзень нараджэння: Уладлен Іваноў і Ксенія Церашонак толькі днямі адзначылі сваё 13-годдзе, а Аня Зайцава адсвяткуе яго 5 кастрычніка. Але пашанцуе ўсё ж камусьці аднаму. Каму - вырашаць сумесна гледачы і журы адразу пасля прамой трансляцыі шоу на "Беларусь 1" і спадарожнікавым "Беларусь 24".

Паводле папярэдняга лёсавання, фіналісты конкурсу "Песня для Еўрабачання" выйдуць на сцэну ў наступным парадку:

1. Асланаў Руслан (Мінскі раён, в.Тарасава) - "Зоркі завуць";
2. Піпер Ангеліна (Брэсцкая вобл., п.Астрамечава) - "Мы танцуем джаз";
3. Церашонак Ксенія (г.Мінск) - "Пад парусам мары";
4. Шаршавіцкая Даная (Мінская вобл., г.Барысаў) - "Просты матыў";
5. Мураўкін Ігар (Мінскі раён, п.Калодзішчы) - "Сонца свеціць усім!"
6. Мажылоўская Юлія (г.Мінск) - "Мары";
7. Іваноў Уладлен (Магілёўская вобл., г.Бабруйск) - "Белыя аблокі";
8. Волкаў Ілья (г.Мінск) - "Спявай са мной";
9. Місякова Надзея (г.Мінск) - "Дзелавая";
10. Зайцава Ганна (г.Мінск) - "Мы помнім".

Планавалася, што вядучымі фінальнага шоу рэспубліканскага конкурсу "Песня для Еўрабачання" стануць Алена Ланская і Дзмітрый Калдун - уладальнікі лепшых на гэты момант вынікаў беларускіх артыстаў у дарослым "Еўрабачанні". Але ў выніку кампанію Алене складзе Юрый Вашчук - кампазітар, выканаўца і музычны кіраўнік прадзюсарскага цэнтра "Спамаш".
Нагадаем, дзіцячае "Еўрабачанне-2013" фінішуе 30 лістапада ў сталіцы Украіны пад заклікам-дэвізам "Bе сrеаtіvе!". У якасці спецыяльнай госці на шоу выступіць мінулагодняя пераможца Насця Петрык, а вядучымі афіцыйна названы нязменны ўкраінскі каментатар усіх канцэртаў "Еўрабачання" Цімур Мірашнічэнка і ўдзельніца дарослага конкурсу гэтага года Злата Огневіч. Як анансуецца, упершыню сёлета будзе прысуджана не толькі 1-е, але таксама 2-е і 3-е прызавыя месцы.
Са сваімі прадстаўнікамі ўжо вызначыліся Украіна, Расія, Швецыя, Арменія, Нідэрланды, Мальта, Грузія, а вось Бельгія і Албанія, наадварот, адмовіліся ад удзелу ў конкурсе "з арганізацыйных і фінансавых прычын". Канчатковая колькасць краін - удзельніц дзіцячага "Еўрабачання-2013" павінна быць агучана да канца гэтага тыдня, але, заўважым, "гадзіна ікс" ужо некалькі разоў перасоўвалася на больш позні тэрмін.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.