Хто на новенькіх?

06.11.2014
"Звязда", 6 лістапада 2014 г.

 
У лістападзе гледачоў чакаюць сустрэчы з новымі вядучымі адразу ў некалькіх папулярных праектах тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 3".
Так, у камандзе "Добрай раніцы, Беларусь!" адбылося адразу і папаўненне, і ператасоўванне добра знаёмых пар. Будзіць краіну па буднях цяпер будуць ажно пяць дуэтаў: Святлана Бароўская і Дзяніс Дудзінскі, Ксенія Дзюкава і Канстанцін Прыдыбайла, Глеб Давыдаў і Вольга Мядзведзева, Вольга Рыжыкава і Яўген Перлін, а таксама Надзея Цімафеева і Сцяпан Гутнікаў. У кампанію да кожнай пары запросяць вядомых у Беларусі асоб з розных сфер, якія на працягу гадзіны будуць адказваць на самыя мудрагелістыя і нязручныя пытанні.
Перамены адбыліся і ў тэлепраекце "Дыя@блог", які выходзіць на тэлеканале "Беларусь 3". Цяпер праграма будзе выходзіць пяць разоў на тыдзень. Дыялогі "Пра мову" з гледачамі і запрошанымі экспертамі будзе весці прадстаўніца Гомельскага ТРА, вядучая тэлевіктарыны "Размаўляем па-беларуску" Алена Трацэнка, а размовы "Пра вечнае" будуць па чарзе ініцыяваць эканаміст, адзін з кіраўнікоў нацыянальнага праекта спадарожнікавай сувязі і вяшчання "Белінтэрсат" Міхаіл Кірычэнка і кандыдат гістарычных навук, палітолаг Вадзім Ялфімаў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.