Хто хоча на "Еўрабачанне"?

24.10.2014
"Звязда", 24 кастрычніка 2014 г.

 
Стартаваў нацыянальны адборачны этап на конкурс 2015 года. 
Пра пачатак прыёму заявак абвясціў арганізатар адбору - Белтэлерадыёкампанія. Паводле конкурснага палажэння, у якасці выканаўцы песні паспрабаваць свае сілы - адзін ці ў групе да 6 чалавек - можа кожны грамадзянін Беларусі або замежнік, які пастаянна пражывае на тэрыторыі нашай краіны і якому на момант падачы заяўкі споўнілася як мінімум 16 гадоў.
А вось аўтарамі кампазіцый, як і раней, могуць быць усе ахвотныя - хоць беларусы, хоць шведы, хоць грэкі - галоўнае, каб аўтару ўжо споўнілася 16, а маёмасныя правы на музыку і тэкст песні былі набыты выканаўцамі. Патрабаванні да саміх песень таксама не змяніліся - яны могуць гучаць на беларускай, рускай ці англійскай мове, доўжыцца да 3 хвілін і, што немалаважна, не павінны быць камерцыйным чынам рэалізаваны, агучаны ў радыё- або тэлевізійным эфіры ці распаўсюджаны праз інтэрнэт да 1 верасня бягучага года.
Заяўкі ад ахвотнікаў прадставіць Беларусь на юбілейным, 60-м, "Еўрабачанні", што пройдзе налета ў сталіцы Аўстрыі, прымаюцца да 21 лістапада ў выглядзе каштоўных бандэроляў, дасланых на адрас арганізатараў: 220807, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9, Белтэлерадыёкампанія, з паметкай "Нацыянальны адборачны тур конкурсу песні "Еўрабачанне-2015". Ужо да 5 снежня прафесійнае журы плануе правесці ў рэжыме жывога гуку праслухоўванне ўдзельнікаў і вызначыць не больш як 15 шчасліўчыкаў, якія трапяць у фінал. Дарэчы, журы, паводле конкурснага палажэння, будзе два: адно ацэньвае ўдзельнікаў праслухоўвання, другое - фіналістаў праекта. Імёны членаў другой судзейскай калегіі арганізатары збіраюцца трымаць у сакрэце ажно да пачатку трансляцыі фіналу нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" - з тым, каб на іх ацэнкі і рашэнні ніхто не паўплываў, а самі суддзі падпішуць пагадненне аб канфідэнцыйнасці. Вядома толькі, што ў склад гэтага журы могуць увайсці не толькі айчынныя спецыялісты ў галіне тэлебачання, папулярнай музыкі, культуры і мастацтва, але таксама міжнародныя эксперты з тэлекампаній іншых краін.
Фінальны ж канцэрт у прамым эфіры, пераможца якога і стане нашым музычным пасланнікам у Вене, адбудзецца ўжо ў наступным годзе - але не пазней за 23 студзеня. А перажываць за прадстаўніка Беларусі, хто б ні аказаўся на гэтым месцы, мы будзем увесну: 19-га і 21-га мая запланаваны паўфіналы, на 23-га - фінал "Еўрабачання-2015".

Па новых правілах

Важная дэталь: у сёлетнім адборы змяніліся правіла галасавання гледачоў і журы. Цяпер вынік кожнага ўдзельніка будзе фарміравацца не па прынцыпе 50/50, а складацца з 8 ацэнак: 7 - вынікі галасавання кожнага з членаў прафесійнага журы, і 1 - вынік галасавання гледачоў. Такую схему, дарэчы, ужо даўно выкарыстоўваюць арганізатары нацыянальнага адбору на Мальце.
А што будзе, калі, як і летась, два ці больш выканаўцы набяруць аднолькавую колькасць балаў? Правіламі гэта прадугледжана, і ў такім выпадку правядуць дадатковае адкрытае галасаванне журы, дзе пры роўнай колькасці галасоў вырашальным з'яўляецца голас старшыні.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.