Хто i з чым паедзе “на Еўропу”

12.11.2004
“Чырвоная змена”, 12 лістапада 2004 г.


Падрыхтоўка беларускiх удзельнiкаў да дзiцячага конкурсу песнi “Еўрабачанне-2004” iдзе як цягнiк - поўным ходам. Зусiм мала часу засталося да выступлення Ягора Ваўчка з песняй “Спявайце са мною” ў Лiлехамеры. Канцэртны нумар, можна сказаць, адпалiраваны да бляску. Учарашняга звычайнага сямiкласнiка з Мазыра не пазнаеш на бясконцых рэпетыцыях, запiсах, iнтэрв’ю. Нядаўна прайшла першая ў жыццi 12-гадовага хлопца фотасесiя - i хутка ягоную ўсмешку мы ўбачым на паштоўках, календарах i плакатах. Недалёка, думаю, i да масавай раздачы аўтографаў прыхiльнiкам.

- Можна рапартаваць пра “гатоўнасць нумар адзiн”? - цiкаўлюся ў куратара праекта з боку Белтэлерадыёкампанii, выканаўчага прадзюсара канала “Лад” Людмiлы Барадзiной.
- Не магу адказаць вам дакладна на гэта пытанне, - ашаламiла Людмiла Афанасьеўна. - Праца iдзе ў вельмi напружаным тэмпе, прычым адразу ў двух накiрунках. БТ курыруе зараз усе пытаннi, звязаныя з трансляцыяй конкурсу. Адказнасць жа за сцэнiчны выгляд нумару мiнiстэрства культуры перадало кампазiтару Васiлю Раiнчыку. Пра само выступленне лепш спытайце ў яго.

...Мне пашанцавала нават тройчы. Мала таго што з “першых рук” Васiля Пятровiча атрымала дакладную iнфармацыю, дык яшчэ i пабывала на рэпетыцыi нумара ў харэаграфiчным каледжы; а там - о,цуд! - сустрэла матуль галоўных герояў. Iрына Уладзiмiраўна Сусленка (мама сямiкласнiцы Улады, якая напiсала тэкст песнi “Спявайце са мною”) жыве ў Мiнску, сарваўшыся з працы, ужо два месяцы - у якасцi i “групы падтрымкi”, i мамы-нянi адначасова. Надзея Мiкалаеўна Ваўчок прыязджае паглядзець на поспехi сына, калi ўдаецца вырвацца, - як, напрыклад, гэтымi днямi. Але абедзве яны заўважна перажываюць, як, зрэшты, i Васiль Раiнчык, якога можна лiчыць “хросным татам” для ўсiх юных удзельнiкаў праекта.

А дзецi? Мазыран Уладу i Ягора часова перавялi вучыцца ў харэаграфiчны каледж. Новыя педагогi, новы калектыў, штодзённыя рэпетыцыi не менш за гадзiну - гэта, безумоўна, стрэс. Але разам з тым дзецi шчаслiвейшыя за дарослых. Яны хутка пасябравалi з мiнчанкамi (у нумары задзейнiчаны чатыры дзяўчынкi-балерынкi, i яшчэ адна, на ўсякi выпадак, у ролi “запасной”). У дзяцей няма комплексаў, яны вельмi хутка знаходзяць агульную мову, падтрымлiваюць адзiн аднаго. Ягор у дзявочым коле вiдавочна “ззяе” - выступае цэнтрам увагi.

- Васiль Пятровiч, як жа я буду спяваць без вашага мiкрафона!? - гэта якраз Ягор шумiць са сцэны. Дзеля апошнiх прагонаў, якiя здымае тэлебачанне, удзельнiкi пераапранулiся ў “лiлехамерскiя” канцэртныя ўборы. Трэба сказаць, спалучэнне “джынсы”, паркалю i балетных “пачак” выглядае шыкоўна. Гутаперчавыя танцоўшчыцы раз за разам ходзяць колам, выгiнаюцца ластаўкамi i ўражваюць сваiмi артыстычна-гiмнастычнымi талентамi. Высокай доўгавалосай Уладзе Сусленка вельмi пасуе iмiдж “гжэчнай паненкi ХХI стагоддзя”. I толькi жэўжык Ягор адчувае сябе няёмка без гукаапаратуры i гарэзiць (“Пакiньце хуценька нiжнiя крэслы, ён працуе не на публiку, а на вас. Цiшыня!” - камандуе Раiнчык). Зараз хлопцу спатрэбiўся мiкрафон - а дзе возьмеш? Да майго здзiўлення, кiраўнiк з разуменнем кiвае i перадае... футляр ад акуляраў, у якi Ягор з самым сур’ёзным выглядам пачынае “спяваць”. Паўтор, другi, трэцi - якi ўжо запар? Я i сама хутка вывучу не толькi песню, але i ўсе танцавальныя па!

- Добра, хопiць, - лiтасцiва адпускае падапечных задаволены Васiль Раiнчык. Тыя бягуць пераапранацца. Куратар абмяркоўвае з харэографамi “фiнальную кропку”: варта на ёй i скончыць - або яшчэ прыдумаць, як эфектна пайсцi са сцэны... - Прыгожа? - пытаецца пра мае ўражаннi. Я, безумоўна, пагаджаюся. Але цяпер мая чарга задаваць пытаннi.

- На якiм этапе зараз падрыхтоўка нумара?
- Можна лiчыць, што мы выйшлi на заключную стадыю. Музычная версiя песнi ўжо цалкам завершана, запiсана i з голасам - для кампакт-дыска, i “мiнус”, пад якi Ягор будзе выступаць (хаця аранжыроўшчыкi хочуць яшчэ нешта “дайграць”, аздобiць мелодыю). Працэнт удасканалення павышаецца бесперапынна, i гэта нармальна.

- Я чула, што харэаграфiчную частку выступлення прыдумалi самi дзецi - дакладней, дзяўчына з харэаграфiчнага каледжа...
- Так. Мы цалкам аддалi дзецям “творчае першынство”, каб iм было цiкавей працаваць. Словы напiсала Улада, музыку - Ягор, пастаноўку ажыццявiла Ксенiя (канешне, ёй дапамагаў заслужаны дзеяч мастацтваў, мастацкi кiраўнiк каледжа Аляксандр Iванавiч Калядэнка). Тое ж самае з касцюмамi, якiя зрабiла цудоўны мастак-мадэльер Нiна Астапенка: iдэi падказалi менавiта дзецi...

- Як можна пракаментаваць той факт, што абодва разы на дзiцячае “Еўрабачанне” трапiлi дзецi з перыферыi - яны больш таленавiтыя?
- Магчыма, у iх больш арыгiнальнасцi. А яшчэ з дзецьмi ў правiнцыi менш працуюць, менш “дрэсiруюць”: проста дазваляюць рабiць так, як хочацца.

- Калi вы прадумвалi канцэпцыю нумара для дзiцячага “Еўрабачання”, цi ўлiчвалi памылкi дарослага?
- Iх, напэўна, нельга параўноўваць. Там сапраўды жорсткi конкурс, тут - перш за ўсё дзiцячае свята...

- Колькi дарослых людзей занята ў рабоце над “дзiцячым” праектам?
- Ну, давайце падлiчым... (Васiль Пятровiч пачынае гартаць таўшчэзны “талмуд” - дзённiк падрыхтоўкi, дзе распiсаны лiтаральна кожны рух, не тое што кожны дзень маленькiх удзельнiкаў “Еўрабачання”). Аранжыроўшчык Сяргей Раiнчык, харэографы Аляксандр Калядэнка, Сяргей Пiсцехiн i Юрый Лапша, стылiст Жанна Лявонава, мастак па касцюмах Нiна Астапенка, педагог Ягора па вакалу Iна Афанасьева, урач Жанна Раманава, фатограф Мiхаiл Маруга... Палiграфiя, iнтэрв’ю, здымкi - усё гэта робiцца дарослымi, так што тут занята вялiзная каманда.

- З пункту гледжання прафесiянала (як бы нi скончылася для нас “Еўрабачанне’): цi ёсць у Ягора будучыня як у кампазiтара, выканаўцы?
- Наконт кампазiтарскай дзейнасцi цяжка сказаць, бо гэта прафесiя чыста дарослая, якая патрабуе высокай прафесiйнай адукацыi (а як жа Вольфганг Амадэй Моцарт? - Аўт.). Схiльнасць ёсць, песенькi, магчыма, будзе пiсаць. Але тое, што ён адпавядае патрабаванням сцэны i тое, што ён знойдзе сваё месца на сцэне - гэта дакладна. У яго ёсць адна асаблiвасць: Ягор адразу i безумоўна падабаецца публiцы.

- Так, ён хлопец вельмi харызматычны...
- I гэта вельмi важна. Далей, ён чыста спявае, упэўнена трымаецца, забаўна сябе паводзiць. Я гляджу, як ставяцца да яго вось гэтыя дзяўчаткi: Ягор - у цэнтры ўвагi!

- Адным з самых верагодных сапернiкаў Ягора называюць румына Нонi...
- Я добра ведаю гэтага хлопчыка, сам уручаў яму Гран-пры на першым конкурсе. Наколькi памятаю, паўсюль, дзе Нонi прымаў удзел, ён перамог: атрымаў першае месца або Гран-пры. Так што ён вельмi сур’ёзны сапернiк. Але гэты конкурс мае шэраг адметнасцяў. Для таго каб Нонi быў “нумарам адзiн”, неабходна, каб журы сядзела ў зале i назiрала ўвесь працэс выканання; тэлевiзiйны варыянт - гэта крыху iншая рэч. Па-першае, тэлевiзар не глядзяць - у яго паглядваюць. Па-другое, на экране значна большую ролю iграе вiдэа, шоу, эфектнасць нумара, а ў Нонi пастаноўкi няма - ён проста стаiць i спявае. Праўда, у яго выгадны апошнi нумар... Яшчэ вельмi цiкавая дзяўчынка-iспанка, якая выступае пад 15-м нумарам... Але я думаю, калi ўсё атрымаецца, то па суме вартасцяў i па арыгiнальнасцi наш нумар прэтэндуе на самае высокае месца. “Еўрабачанне” лiчыцца самым непрадказальным конкурсам, бо на iм галасуюць не прафесiяналы, а аматары i нават проста выпадковыя гледачы (як мiтусяцца прадзюсары - гэта iншая гаворка). Але ў кожным конкурсе ёсць яшчэ пэўны працэнт справядлiвасцi - на яго мы i спадзяёмся.

- Ваша галоўнае пажаданне беларускiм канкурсантам?
- Удачы. Яны ўсё зробяць, мы добра падрыхтуемся i “зловiм кураж” - трэба толькi, каб Бог даў крышачку ўдачы...

...I няхай усё атрымаецца!

Нагадаю, 20 лiстапада ў Лiлехамеры пад нумарам 10 дзiцячае “Еўрабачанне” паспрабуе пакарыць беларус Ягор Ваўчок. Мала хто ведае, што насамрэч конкурс пройдзе за два днi: 19-га - так званая генеральная рэпетыцыя, але адбудзецца яна пры поўнай зале гледачоў i нават з галасаваннем (гэтак жа, як i на “дарослым” конкурсе).

Паводле слоў Людмiлы Барадзiной, Беларускае тэлебачанне ўжо зараз забяспечвае дэлегацыю не толькi дапамогай прафесiянальных рэжысёраў, клiпмейкераў, стылiстаў, але i надзвычай неабходным промаматэрыялам i сувенiрнай прадукцыяй - за беларусамi ў Лiлехамеры “замацаваны” цэлы клас нарвежскiх школьнiкаў, 26 чалавек, кожны з якiх зможа падтрымаць выступленне Ягора. БТРК заказала вялiкую колькасць кампакт-дыскаў i касет фармату VHS для перадачы ў мiнiстэрства замежных спраў, а адтуль запiсы выступлення Ягора Ваўчка разыдуцца па нашых замежных балельшчыках.

Вынiкi галасавання ад Беларусi (дарэчы, на выпадак праблем з тэлефоннай сувяззю створана рэзервовае прафесiянальнае журы) агучыць таксама падрыхтаваная тэлевiзiйнiкамi юная вядучая - навучэнка сталiчнай гiмназii-каледжа № 24 Дар’я Ляшчова. Як i ўсiм спрычыненым да дзiцячага “Еўрабачання”, ёй няма яшчэ 16 гадоў, i цяперашнi “выхад на экраны” будзе для Дашы дэбютным. На жаль, галасаваць за свайго ўдзельнiка мы не маем права, але вось хварэць за Ягора i ўсю кампанiю нам нiхто не забаронiць!

Нiчога не прадказваю. Скрыжоўваю пальцы i... няхай усё атрымаецца. Як кажа сам Ягор: “Спадзяванне на перамогу ёсць заўжды, у якiм бы конкурсе ты нi ўдзельнiчаў”. Хварэем за нашых!

Улада Сусленка пачала пiсаць вершы па прыкладу мацi

- Мы з мужам не належым да творчых прафесiй: я эканамiст, муж - iнжынер. Аднак калi гаварыць шчыра, я “грашу” вершаскладаннем, i дачка мад маiм уплывам таксама пачала пiсаць вершы - недзе з 9-гадовага ўзросту, - узгадвае Iрына Уладзiмiраўна Сусленка, назiраючы за чарговым “выхадам” дачкi на ўяўную пакуль што сцэну. - Былi невялiчкiя публiкацыі ў нашай раённай газеце, адзiн гумарыстычны вершык нават гучаў па радыё... Калi даведалiся пра конкурс, натуральна, Улада “загарэлася”.

- Калi стала вядома, што песня (а значыць, i верш таксама) перамагла, напэўна, тут i слава прыйшла?
- Ну, канешне, увагi стала крыху больш. Аднак гаварыць пра “зорную хваробу” зарана - i дай Бог увогуле нiколi пра яе не гаварыць. У школе пачалi глядзець з вялiкай цiкавасцю, а ў астатнiм усё больш-менш роўна: i Улада, i Ягор вучацца па-ранейшаму добра...

- Уладзе не было крыўдна аддаваць “сваю” песню iншаму чалавеку?
- Не, тут ролi былi размеркаваны з самага пачатку: нехта пiша музыку, нехта вершы, нехта выконвае кампазiцыю. Ягор з Уладай падчас стварэння песнi творча i плённа супрацоўнiчалi: у нас у Мазыры ёсць студыя “ЮМЭС”, з якой мы трывала сябруем, хоць Уладзiслава вакалам сама i не займаецца. Калi вырашылi паўдзельнiчаць у стварэннi песнi для “Еўрабачання”, проста збiралiся вузкiм колам энтузiястаў i ў рабочым парадку абмяркоўвалi варыянты. Бацькi былi цалкам у распараджэннi дзяцей: мы дапамагалi чым маглi. Асобны дзякуй кiраўнiку студыi “ЮМЭС” Святлане Адамаўне Стацэнка, якая падтрымала гэту iдэю, запалiла дзяцей. Памятаю, мы ўсё марылi: вось бы трапiць у “дзесятку”, гэта будзе супер... Як даведалiся, што мы перамаглi, - здаецца, не было межаў шчасцю i эйфарыi!

- Сама Улада, паводле ўмоў конкурсу, павiнна не проста паехаць у Лiлехамер, але i ў абавязковым парадку прысутнiчаць на сцэне. Якую ролю ёй адвялi?
- Так, мы нават не адразу звярнулi ўвагу на гэты пункт, што аўтар слоў абавязаны прысутнiчаць на сцэне. Зараз усе ўдзельнiкi нумара i танцуюць, i спяваюць (у песнi ёсць моманты, дзе гучаць дзiцячы смех i радасныя воклiчы - усё гэта на сцэне неабходна паўтарыць жыўцом, без анiякiх iмiтацый i фанаграм. - Аўт.). Улада ў асноўным скача, прыгожа рухаецца, заводзiць публiку - акрамя таго, стаiць за сiнтэзатарам. Канешне, гэта не галоўны дзеючы персанаж, але, безумоўна, важная - i прыгожая - частка нумару.

- Хтосьцi з бацькоў нашых удзельнiкаў паедзе ў Лiлехамер у “групе падтрымкi”?
- Ягорава мама. А мы з ёй абавязкова будзем трымаць сувязь.

- Зараз вы больш за ўсё хвалюецеся за...
- Канешне, хваляванняў шмат. Па-першае, перажываем, каб дзецi добра выступiлi, прычым перажываем “у квадраце” - i як грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, i як бацькi. Па-другое, хвалюемся, каб добра даехалi, каб усе добра сябе адчувалi, нi ў якiм разе не захварэлi. I, натуральна, хвалюемся, каб дзяцей не траўмiравалi, каб нагрузка не перавышала iхнiя магчымасцi.

- Вы назiраеце за пераўтварэннем песнi з самага пачатку. Кажуць, у параўнаннi з першым варыянтам яна значна змянiлася?
- Спачатку былi адрэдагаваныя словы - самi разумееце, тэкст дзiцяцi не такi дасканалы, як верш вопытнага паэта, i няхай нават гледачы не разумеюць слоў, але для журы тэкст пераклалi. Улада прайшла школу паэтычнага майстэрства з Алесем Бадаком; усе вобразы i “каронныя выразы” засталiся, а калi нейкiя словы памянялi, то выключна са згоды Улады. Тое ж самае было i з мелодыяй, якую прафесiяналы з дазволу Ягора падкарэкцiравалi, паскорылi тэмп: у вынiку i яму стала лягчэй спяваць, i кампазiцыя ўспрымаецца цiкавей. Я ж не музыкант, я магу меркаваць толькi як слухач...

- Раней вы глядзелi “Еўрабачанне” (дарослае або дзiцячае), увогуле звярталi ўвагу на падобныя конкурсы?
- Дарослае “Еўрабачанне” глядзела з вялiкай цiкавасцю заўсёды. А пра тое, што iснуе дзiцячае “Еўрабачанне”, шчыра кажучы, даведалася толькi пасля таго, як яно скончылася: не было нiякай рэкламы i тым больш - падрабязнай iнфармацыi. Думаю, у мiнулым годзе большасць насельнiкаў нашай краiны таксама не ведалi i не бачылi дзiцячага “Еўрабачання”. На жаль. Сёлета раскрутка значна лепшая, што i зразумела: дзiця прадстаўляе рэспублiку - значыць, не ведаць аб гэтым проста непатрыятычна! (Смяецца.)

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.