Хто жадае cкарыць "Еўрабачанне-2016"?

30.10.2015 "Звязда"

23 кастрычніка пачаўся прыём заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры Міжнароднага тэлевізійнага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016".

Арганізатарам праекта з’яўляецца Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь.

Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з палажэннем і правіламі конкурсу, устаноўленымі Еўрапейскім вяшчальным саюзам. Палажэнне аб правядзенні нацыянальнага адборачнага тура конкурсу песні "Еўрабачанне-2016" размешчана на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by ў раздзеле "Спецпраекты".

Афіцыйным друкаваным выданнем для размяшчэння інфармацыі аб конкурсе з’яўляецца газета "СБ. Беларусь сегодня".

Да ўдзелу ў адборы ў якасці выканаўцы песні дапускаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і якія на дату падачы заяўкі аб удзеле дасягнулі шаснаццаці гадоў.

У праекце можа ўдзельнічаць песня (музыка і (або) тэкст), якая не была камерцыйна рэалізаваная: распаўсюджаная праз інтэрнэт, а таксама на якіх-небудзь носьбітах (аўдыякасеты, кампакт-дыскі, міні-дыскі і інш.) з дапамогай продажу або іншым спосабам, перададзеная ў радыё- або тэлевізійны эфір, а таксама выкананая публічна да 1 верасня 2015 г. Максімальная працягласць песні - тры хвіліны.

Для ўдзелу ў конкурсе трэба каштоўнай бандэроллю накіраваць заяўку на адрас: 220807, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9, Белтэлерадыёкампанія, з пазнакай "Нацыянальны адборачны тур конкурсу песні "Еўрабачанне-2016".

Апошні дзень прыёму заявак - 21 лістапада 2015 г.

Праект праводзіцца ў два этапы: праслухоўванне ўдзельнікаў і фінал.

Да 2 снежня 2015 года прафесійнае журы правядзе праслухоўванне ўдзельнікаў і вызначыць не больш за пятнаццаць выканаўцаў для ўдзелу ў фінале. Як і летась, падчас праслухоўвання будзе ажыццяўляцца анлайн-трансляцыя на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі.

Фінал праекта адбудзецца не пазней за 25 студзеня 2016 г. у фармаце тэлевізійнага канцэрта ў прамым эфіры. Пераможцу нацыянальнага адбору вызначаць гледачы праз тэлефоннае і sms-галасаванне падчас трансляцыі фінальнага шоу. Ён і будзе афіцыйным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь на міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне-2016» у Швецыі.

Алена ДРАПКО.