Хто на новенькага?

21.08.2015
"Звязда"

Інтрыга дзіцячага "Еўрабачання" вырашыцца сёння.

21 жніўня нас чакае фінальнае шоу нацыянальнага адбору на дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2015". На гала-канцэрце пасля выступленняў усіх канкурсантаў стане вядома імя пераможцы, які будзе прадстаўляць краіну на песенным марафоне ў Балгарыі.

Адкрываць шоу будуць Елізавета Казак і Алена Тоўсцік з Кобрына. Дзяўчаты займаюцца ва ўзорнай вакальна-эстраднай студыі "Тарарам". Сваё выступленне яны прысвячаюць усім тым, хто здольны прыйсці на дапамогу ў цяжкі час, і людзям, якія жадаюць жыць у згодзе адно з адным пад мірным небам.

Другімі на сцэне прадэманструюць свае таленты хлопцы і дзяўчаты з гурта "Нясумны ўзрост" з Мінска. Яны любяць розную музыку ад джаза да эстрады, і ў іх кампаніі ніколі не засумуеш.

Канкурсантцы Ангеліне Васілеўскай дастаўся нумар 3 на лёсаванні. Яе дэвіз просты: "Жыццё як ваджэнне веласіпеда: трэба рухацца наперад, каб не ўпасці". І дзяўчына даказвае на справе, як заваёўваць сабе месца пад сонцам: у мінулым годзе яна заняла прызавое месца на міжнародным конкурсе "Berlіner Pearl - 2014" і стала лаўрэатам міжнароднага спаборніцтва "Кубак Еўропы-2014".

Пад нумарам 4 чакаем выступлення Марыі Новік з Мінска. Юная спявачка займаецца вакалам у Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя У. Мулявіна. Захапляецца творчасцю такіх вядомых выканаўцаў, як Amy Wіnehouse, Pіnk Floyd, Sіa. І заўсёды настроена на тое, каб не здавацца на шляху да запаветнай мары.

Выступленне першай пяцёркі завершыць ансамбль "Заранак" (г. Мінск). Гэтая таленавітая каманда ў адрозненне ад іншых выказала жаданне зрабіць дуэт з ансамблем "Непаседы", удзельнікі калектываў вельмі пасябравалі ў "Артэку".

Потым нас чакае сустрэча з мінчанінам Аляксандрам Міханьковым. Калі яму ўсё ж удасца заваяваць перамогу і паехаць на "Еўрабачанне", то гэта будзе яго другі конкурс у Балгарыі, бо ў 2012 годзе хлопец ужо вярнуўся адтуль з 1-м месцам пасля ўдзелу ў міжнародным фестывалі-конкурсе "Славянскі вянец".

Сёмай пакажа свой талент Марыя Магільная з Магілёва. Сярод яе куміраў - Селін Дыён, Уітні Х’юстан і Максім Фадзееў, але ў вольны час дзяўчынка слухае свежыя хіты. Відаць, гэта дапамагае быць у курсе падзей у музычным свеце.

Руслан Асланаў (Мінскі раён) будзе спяваць восьмым. Хлопцу не ў навінку выступленне на вялікай сцэне. Ён дайшоў да суперфіналу на ўкраінскім шоу "Голас. Дзеці" другога сезона, заняў 3-е месца, прадстаўляючы летась Беларусь на "Дзіцячай новай хвалі".

Дзявятай змагацца працягне Лізавета Мураўёва (г. Мінск). Дзяўчынка імкнецца як у музыцы, так і ў жыцці ўсё рабіць "на выдатна", бо ведае, што толькі працавітасць гарантуе здзяйсненне мары.

А завершыць конкурсныя выступленні нумар мінчанкі Зінаіды Купрыяновіч. Яна таксама мае ўжо свае перамогі, сярод якіх, напрыклад, перамога на "Славянскім базары ў Віцебску - 2014", дзе яна ўзяла І прэмію. Сваё выступленне дзяўчына прысвячае ўсім фанатам конкурсу "Еўрабачанне".

Гала-канцэрт можна будзе ўбачыць 21 жніўня ў прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24".

Алена ДРАПКО.