Хто можа, той - пакажа

10.04.2015

"Звязда"

Зусім няшмат часу засталося да фіналу маштабнага тэлепраекта - народнага шоу талентаў "Я магу!", распачатага Белтэлерадыёкампаніяй яшчэ летась. 29 красавіка ў завяршальным выпуску праекта па выніках інтэрактыўнага галасавання гледачоў вызначыцца, каму з таленавітых беларусаў дастанецца галоўны прыз - аўтамабіль Geely EX7 і грашовы бонус у дадатак.

Па выніках 10 кваліфікацыйных раўндаў, якія ўжо адбыліся, журы і гледачы выбралі сваіх кандыдатаў на перамогу. Усе ўдзельнікі вельмі розныя, а таму жарсці абяцаюць разгарнуцца нежартоўныя.

Ужо вядома, што барацьбу за перамогу працягнуць выканаўца песень у стылі ёдль Елізавета Панасюк з Брэста і самая малодшая ўдзельніца шоу - 3-гадовая акрабатка Дамініка Панцялеева з Бабруйска; Ганна Мельнікава з Гродна (11-гадовая дзяўчынка, інвалід па слыху, расчуліла журы да слёз сваім філігранным гімнастычным нумарам) і 19-гадовы студэнт - спявак-аматар Андрэй Васілец; танцор і жанглёр з Мінска Ігар Чыпоўскі і 11-гадовая спявачка Ганна Цітовіч з вёскі Скокі Брэсцкага раёна; самадзейны артыст гумарыстычнага жанру - супрацоўнік МНС Аляксандр Якаўлеў з Гарадка Віцебскай вобласці і памочнік машыніста цеплавоза, а ў вольны час спявак Дзмітрый Іваненка з Маладзечна; радавы тэрміновай службы, ён жа выканаўца ў стылі бітбокс Ілья Данільчык з Баранавіч, дуэт самадзейных выканаўцаў Дзмітрыя Герасімчыка і Дзяніса Казея (адзін з хлопцаў са Слоніма, другі ўраджэнец Хоцімска) з крыху хімічнай назвай "RAZ2SO4", мастачка Святлана Саўчук з вёскі Мельнікі Брэсцкай вобласці і ілюзіяніст Аляксандр Урбановіч з Ліды, артыст арыгінальнага жанру Марцін Март (творчы псеўданім Дзмітрыя Марціноўскага з Мінска) і культарганізатар з Гродна Надзея Маркевіч - выканаўца песень з дапамогай мовы жэстаў, чалавек-аркестр з Брэста Аляксей Паўловіч, які можа сыграць практычна любую мелодыю… на зубах, і маладая танцавальная каманда "Іnfіnіty" з Віцебска; гітарыст з незвычайнай манерай выканання FERGІO (сцэнічнае імя Фёдара Лысенкі з Мінска) і баранавіцкая студыя сучаснага танца Ananko dance scool; фокуснік Павел Шчарбак з Брэста і прафесійны музычны калектыў Jazz Cіty Band з Магілёва. Колькасць гледачоў, што галасуюць за ўпадабаных таленавітых землякоў, з кожным выпускам толькі павялічваецца, у сацыяльных сетках разгараюцца гарачыя дыскусіі, хто больш варты галоўнага прыза…

Чакаць вырашэння інтрыгі засталося ўсяго нічога. Апошнія некалькі ўдзельнікаў фінальнага шоу вызначацца ў найбліжэйшы час. "А ўжо на майскія святы пераможца зможа паехаць дамоў на ўласным аўтамабілі!" - запэўніваюць арганізатары праекта "Я магу!".

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.